Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЎНОЧНАЯ КАРЭЯ АДНАЎЛЯЕ СВАЮ ЯДЗЕРНУЮ ПРАГРАМУ


Натальля Судлянкова, Прага

Згодна з дамоўленасьцю ад 1994 году, КНДР абавязалася адмовіцца ад распрацоўкі ядзернай зброі, а Злучаныя Штаты, у сваю чаргу, абавязаліся пастаўляць карэйцам паліўны мазут. Дамоўленасьць, як меркавалася, мусіла б дзейнічаць да тых часоў, пакуль не былі б пабудаваныя атамныя рэактары на лёгкай вадзе. Тыя не дазваляюць абагачаць уран ды іншыя мэталы, якія можна выкарыстаць для вырабу ядзернай зброі.

Між тым, у кастрычніку Пхеньян прызнаў, што працягвае распрацоўваць ядзерную праграму на падставе ўзбагачанага ўрану. Злучаныя Штаты і Паўднёвая Карэя ў адказ заявілі аб спыненьні паставак паліва. Празь некалькі дзён пасьля гэтага кіраўніцтва КНДР выдала загад дэмантаваць назіральнае абсталяваньне МАГАТЭ на 5-мэгаватным рэактары ў Ёнбэне.

Днямі прадстаўнікі МАГАТЭ паведамілі, што да атамнага рэактара падвозяцца новыя партыі ядзернага паліва.

Радыё Пхеньян заявіла: “Варожая палітыка адміністрацыі Буша ясна дэкляраваная спробамі заблякаваць і зьнясіліць нас эканамічна”. Неабходнасьць аднаўленьня ядзернай праграмы Пхеньян тлумачыць неабходнасьцю вырабляць электраэнэргію, недахоп якой нібыта адчуваецца пасьля спыненьня паставак амэрыканскага паліва.

Як напісала сёньня газэта “Financial Times”, аналітыкі перакананыя, што Пхеньнян рэалізуе загадзя падрыхтаваную стратэгію, мэтай якой ёсьць павялічыць ціск на Злучаныя Штаты і прымусіць іх падпісаць пакт аб ненападзе.

Пакуль непасрэднай пагрозы няма. Да рэактывацыі ядзернага рэактара застаецца каля аднаго месяца. Яшчэ каля году можа спатрэбіцца на стварэньне радыеактыўнага плютонію. І тым ня менш, ёсць істотная пагроза – магчымасьць выкарыстаньня 8 тысячаў закансэрваваных з 1994 году адпрацаваных стрыжняў, зь якіх можна даволі хутка вырабіць плютоній. Менавіта таму, як піша “Financial Times”, адзін з дыпляматаў Сэула заявіў, што калі Пхеньнян аддасьць загад раскансэрвавацаь стрыжні, гэта можна лічыць абвешчаньнем вайны.

Мяркуецца, што Паўночная Карэя мела дастаткова плютонію на вырабу прынамсі адной ці дзьвюх атамных бомбаў яшчэ да таго, як станцыя ў Ёнбэне была закансэрваваная.

На пачатку студзеня МАГАТЭ будзе абмяркоўваць прапанову паставіць пытаньне аб ядзернай праграме Паўночнай Карэі на разгляд Рады бясьпекі ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG