Як патлумачылі ў Цэнтарвыбаркаме Беларусі, да канца працоўнага дня 26 сьнежня кандыдаты ў дэпутаты могуць прынесьці заяўкі на стварэньне сваіх ініцыятыўных групаў. На сёньняшнюю раніцу такую ініцыятыву праявілі 242 патэнцыйных кандыдаты. Пакуль зарэгістравана толькі 68 заяваў. Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік дае наступную ацэнку гэтаму працэсу:
(Лазавік: ) "Зусім мала, я гляджу, зусім мала. Віцебская вобласьць, напрыклад, 6. Гомельская ўвогуле на ўчорашні дзень не падавала дадзеных. Гэта якія раней падалі і адбыліся ўжо паседжаньні камісіяў і іх зарэгістравалі. А на рэгістрацыю даецца 5 дзён. Вось сёньня 26 – апошні дзень падачы заяваў. А яшчэ пяць дзён даецца на рэгістрацыю".
Тыя ж кандыдаты, хто вылучаюцца ад партыяў і працоўных калектываў, могуць зрабіць гэта аж да 20 студзеня ўлучна. Фактычна ўсе партыі спалучаюць тры формы вылучэньня прэтэндэнтаў. Таму і лічбы выглядаюць куды большымі, чым цяпер. Так, напрыклад, Народная грамада разьлічвае мець 300 кандыдатаў у дэпутаты, Аб'яднаная грамадзянская партыя – прыкладна 200-230, Партыя камуністаў Беларуская – паўтысячы, а лібэрал-дэмакраты яшчэ больш.
Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер лічыць, што кандыдаты ў дэпутаты здольныя прайсьці празь сіта выбарчых камісіяў.
(Альфер: ) "Шлях вылучэньня ад арганізацыяў. Калі прайшоў нармальна сход і нармальна дакумэнты падалі, дык немагчыма не ўключыць. Што тычыцца палітычных партыяў. Увогуле тут немагчыма не ўключыць, калі толькі сябры партыяў, якія вылучаныя кандыдатамі, нармалёва аформілі дакумэнты. А што тычыцца шляхам збору подпісаў, дык 10 дзён будзе ісьці праверка. Па ейных выніках камісіі мусяць сказаць, былі парушаныя ці не заканадаўчыя акты".
Калі аптымістычныя прагнозы спадара Альфера збудуцца, дык у выбарчыя бюлетэні трапяць прыкладна дзьве тысячы прозвішчаў прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў.