Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак і наш аглядальнік Міхаіл Залескі
(Валер Карбалевіч: ) “11 сьнежня на паседжаньні Савету Міністраў былі вызваленыя ад пасады сем дырэктараў прадпрыемстваў з-за таго, што іх заводы маюць вялікія запазычанасьці за энэрганосьбіты. Праблема нявыплатаў за пастаўленую спажыўцам электрычную і цеплавую энэргію зьяўляецца вострай для беларускай эканомікі ўжо многа гадоў. Звычайна з пачаткам ацяпляльнага сэзону яна абвастраецца.
У гэтым годзе зьявіўся яшчэ адзін чыньнік, які зрабіў гэтую праблему асабліва актуальнай — крызыс з пастаўкамі расейскага газу. 14 лістапада Савет Міністраў быў вымушаны прыняць адмысловую пастанову, якая прадугледжвае абавязковую стоадсоткавую аплату за энэргарэсурсы ўсіх спажыўцоў. Да неплацельшчыкаў дазваляецца прымаць жорсткія санкцыі, у тым ліку абмежаваньне паставак элекраэнэргіі і газу і нават адключэньне.
Аднак учорашнія адстаўкі сямі дырэктараў сьведчаць аб тым, што пастанова ўраду выконваецца дрэнна. І Савет Міністраў вымушаны рабіць такія жорсткія захады.
Ці сапраўды ў беларускай эканоміцы склалася такая цяжкая сытуацыя з аплатай энэргарэсурсаў, што ўрад вымушаны ісьці на такія надзвычайныя захады? Ці нічога надзвычайнага не адбываецца, і вызваленьне ад пасады цэлай групы кіраўнікоў — гэта проста прафіляктыка, каб трымаць у напружаньні дырэктарскі корпус?”
(Тацяна Манёнак: ) “На мой погляд, сытуацыя традыцыйная, нічога надзвычайнага ня здарылася, акрамя таго, што моцна пагоршыліся зьнешнія ўмовы для беларускай эканомікі. Ня кажучы пра тое, што ў самой краіне эканамічнае становішча ўвесь час пагаршаецца.
Прэм’ер Навіцкі нядаўна вярнуўся з Масквы, дзе ён вёў перамовы з расейскім прэм’ерам Касьянавым аб балянсе паставак газу на будучы год. Беларускі бок папрасіў павялічыць гэтыя пастаўкі з 16,5 да 18,5 мільёна кубамэтраў газу. Гэта значыць, што Беларусі трэба плаціць больш грошай за газ. Па папярэдніх ацэнках, гэта каля 1 мільярду даляраў.
Трэба таксама мець на ўвазе, што з будучага году “Газпрам” павышае цэны для расейскіх спажыўцоў. З улікам таго, што Беларусь большасьць газу будзе атрымліваць па расейскіх цэнах, то плаціць давядзецца больш. А нават сёньня мы ня можам аплаціць поўнасьцю цяперашнія пастаўкі.
Жорсткая размова на прэзыдыюме Саўміну тлумачыцца яшчэ і тым, што ў будучым годзе існуе яшчэ адна адметнасьць: неабходна прымаць прынцыповыя рашэньні аб прыватызацыі буйных прадпрыемстваў. Патрэбна акцыянаваць “Белтрансгаз” і ствараць сумеснае прадпрыемства з удзелам “Газпраму”. Акрамя таго, “Газпрам” ды іншыя кампаніі-пастаўцы газу разьлічваюць атрымаць акцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў у лік запазычанасьці за газ. Гэта недаспадобы ўраду Беларусі. Таму ён і спрабуе ўзьдзейнічаць бізуном на дырэктарат, каб мець меншыя запазычанасьці й мець больш моцныя пазыцыі ў перамовах з газавымі кампаніямі Расеі”.
(Міхаіл Залескі: ) “Давайце будзем крыстацца выключна лічбамі Міністэрства статыстыкі і аналізу. Яны паказваюць стабільна дрэнную сытуацыю ў забесьпячэньні эканомікі энэргарэсурсамі й здольнасьці эканомікі плаціць за гэтыя энэргарэсурсы. А дзеяньні Саўміну, яго высновы, сьведчаць аб яго палітычнай залежнасьці ад кіраўніка дзяржавы”.
(Карбалевіч: ) “У працяг думкі спадарыні Манёнак аб моцнай залежнасьці эканомікі Беларусі ад стасункаў з Расеяй, ад умоваў паставак расейскага газу. Вядома, шты сытуацыя ў эканоміцы была нялёгкай і да лістапада гэтага году. Газавы крызыс вымусіў Беларусь купляць газ апошнія два месяцы па цане ў паўтара разу вышэйшай, чым раней, і забясьпечваць стоадсоткавую аплату. Як гэта можа адбіцца на нашай эканоміцы, якія можа мець наступствы?”
(Манёнак: ) “Сёлета Беларусь аплачвае газ чыстымі грашыма толькі крыху больш за 8%. А дамоўленасьць была аб 70%. Беларускія прадпрыемствы для аплаты выкарыстоўвалі бартэр. Зразумела, што расейскі бок патрабуе плаціць грашыма. Але беларускія прадпрыемствы ня ў стане гэта рабіць. І няма ніякіх падставаў меркаваць, што сытуацыя палепшыцца ў наступным годзе. Дакладна вядома, што сытуацыя будзе ўскладняцца.
І я зноў вяртаюся да таго, што кампаніі-пастаўцы газу разьлічваюць атрымаць акцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў у лік запазычанасьці за газ. Гаворка ідзе аб некалькіх буйных прадпрыемствах, у прыватнасьці, пра Менскі падшыпнікавы завод. Прапановы разглядае цяпер урад.
Тэндэнцыя забіраць маёмасьць за газ узмацняецца. А беларускае кіраўніцтва ўсяляк супраціўляецца. Таму што такім чынам пазбаўляцца маёмасьці вельмі нявыгадна”.
(Карбалевіч: ) “Спадар Залескі, а вы згодны з тым, што Беларусі няма чым плаціць за газ, акрамя маёмасьці?”
(Залескі: ) “Ва ўсім свеце існуе такая практыка, што калі гаспадарчы суб’ект ня можа разьлічвацца грашыма, то ён разьлічвацца іншымі актывамі. Хто ў нас галоўныя вінаватыя па энэргетычнай запазычанасьці? На першым месцы ідзе прамысловасьць. Яна дае палову запазычанасьці. А другую палову запазычанасьці дае сельская гаспадарка і жыльлёва-камунальная гаспадарка. Сельскай гаспадарцы няма чым разьлічвацца за электраэнэргію. Жыльлёва-камунальная гаспадарка таксама ў цяжкім стане. Таму што калі насельніцтва не аплачвае поўнасьцю газ, электраэнэргію, то дзе ўзяць грошай?
Прамысловыя прадпрыемствы ў асноўным знаходзяцца ва ўласнасьці дзяржавы. Я ня згодны з тым, што за газ трэба разьлічвацца ўласнасьцю. Але калі рэалізоўваць гэтую ідэю, то трэба спачатку акцыянаваць гэтыя прадпрыемствы, стварыць рынак каштоўных папераў, які дазволіў бы разьлічвацца прадпрыемствамі эфэктыўна, разважліва, а не прадаваць так, як прадалі беларускую долю акцыяў кампаніі “Слаўнафта”.
(Карбалевіч: ) “Урад спрабуе рабіць крокі да пэўных зьменаў у эканоміцы: павышэньне платы за электраэнэргію для насельніцтва, частковае скарачэньне перакрыжаванага субсыдыяваньня ды іншыя. Але ўчорашняя адстаўка сямі дырэктараў сьведчыць пра тое, што галоўная стаўка ў эканамічнай палітыцы робіцца на адміністрацыйна-камандныя мэтады. Наколькі яны эфэктыўныя?”
(Манёнак: ) “Трэба адзначыць, што за апошнія гады беларускія прадпрыемствы былі разбэшчаныя таннымі энэрганосьбітамі. Яны маглі й не плаціць, нават тады, калі фінансавы стан дазваляў гэта рабіць. Таму палітыка бізуна ў пэўным сэнсе спрацавала. Плацяжы палепшыліся. Другая справа, што яны не аплачваюцца чыстымі грашыма.
Але калі глядзець больш шырока на праблему, то зразумела, што тактыка бізуна мае часовы эфэкт. Калі ня праводзяцца рынкавыя рэформы, ня ствараюцца ўмовы, каб павысіць канкурэнтаздольнасьць прадпрыемстваў, пазбавіцца банкрутаў, то адмінітсрацыйныя меры ня вельмі дапамогуць.
У канцы сьнежня беларускі ўрад павінен падпісаць кантракт на пастаўку прыроднага газу на будучы год з “Газпрамам”. І ўраду патрэбна прадэманстраваць, што ў Беларусі робіцца ўсё, каб выканаць свае абавязкі, робяць строгія захады да неплацельшчыкаў, як у Расеі.
Але калі перад дырэктарамі стаіць дылема, выплачваць запазыкі за энэрганосьбіты альбо зарплату, то большасьць выбірае зарплату. Каб пазьбегнуць сацыяльных хваляваньняў”.
(Залескі: ) “Можна нават вызначыць, які эфэкт даюць адміністрацыйныя меры. Летам запазычанасьць узрасла на 13% з улікам інфляцыі. Сёлета за дзевяць месяцаў яна ўзрасла, таксама з улікам інфляцыі, на 2,5%.
Але паглядзім на структуру гэтай запазыкі. Напрыклад, дзе калгасы возьмуць зараз 500 мільярдаў рублёў? Няма ў іх такога рэсурсу. Жыльлёва-камунальнай гаспадарцы таксама няма дзе ўзяць 800 мільярдаў рублёў. Таму будуць выяжджаць на прамысловасьці. Яна таксама шмат павінна — пад 2 трыльёны рублёў.
Эканоміка ўжо не вытрымлівае. І нават зьніжэньне тэмпаў росту запазычанасьці не выратоўвае. Таму што эканамічны мэханізм пазбаўлены магчымасьці прымаць капітал, прымаць інвэстыцыі. Праз гэта пакутуем”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, асноўным інструмэнтам палітыкі ўраду застаюцца адміністрацыйныя мэтады: загады, жорсткія патрабаваньні, вызваленьне ад пасады. Але чым далей, тым больш неэфэктыўнасьць такіх мэтадаў становіцца відавочнай гаспадарчай эліце. І складваецца ўражаньне, што Савет Міністраў дзейнічае па інэрцыі. Лукашэнка патрабуе ад яго нейкіх захадаў, і ён іх робіць. Захады простыя, зразумелыя, якія ідуць у рэчышчы той палітыкі, што вызначыў кіраўнік дзяржавы. І ў межах гэтай палітыкі ўраду нічога больш не застаецца, як імітаваць дзейнасьць, шукаць ахвярных казлоў, караць стрэлачнікаў”.