Каля дзесяці актывістаў АСДП на чале са сваімі лідэрамі Валянцінай Палевіковай і Аляксеем Каралём прыйшлі сёньня раніцай да будынка Міністэрства юстыцыі. Яны трымалі плякаты з надпісамі: “Ёсьць такая партыя — АСДП!”, “Патрабуем рэгістрацыі Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі!” ды іншымі. Лідэрка АСДП Валянціна Палевікова так патлумачыла мэту акцыі:
(Палевікова: ) “Мы патрабуем, каб была зарэгістраваная Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя. Мінюст нам адмовіў. Сёньня нашая справа знаходзіцца ў Вярхоўным судзе. Мы лічым, што Мінюст прыняў несправядлівае рашэньне”.
Пікетоўцы таксама пратэставалі супраць непрызнаньня партыі “Надзея” пад кіраўніцтвам спадарыні Палевіковай.
Фармальная прычына адмовы ў рэгістрацыі АСДП — тое, што сярод яе заснавальнікаў чыноўнікі Мінюсту выявілі непаўнагадовых асобаў. Але намесьнік старшыні АСДП Аляксей Кароль перакананы, што прычына ў іншым:
(Кароль: ) “Прычына тая ж, па якой ідзе перасьлед апазыцыі. На палітычным полі зьяўляецца партыя, якая імкнецца аб’яднаць сацыял-дэмакратычныя сілы дзеля дэмакратызацыі Беларусі”.
Начальнік управы рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў Мінюсту Міхаіл Сухінін спрабаваў абвінаваціць пікетоўцаў у ціску на суд, бо неўзабаве ў Вярхоўным судзе будзе разглядаца скарга АСДП:
(Сухінін: ) “Ціск на суд праз грамадзкасьць, калі справа ў судзе — забаронена законам”.
Пікет працягваўся прыкладна паўгадзіны. Нягледзячы на тое, што ўлады не давалі дазволу на яго правядзеньне, міліцыя пікетоўцам не перашкаджала.