У перадачы ўдзельнічаюць: праваслаўная верніца Галіна Каржанеўская і беларускі грэка-каталік Ігар Бараноўскі.
(Бандарук: ) “У праваслаўных і каталікоў здаўна існуе культ сьвятых. Вернікі пішуць іхныя іконы, пахвальныя гімны і багаслужбы, ставяць помнікі і моляцца перад імі, зьвяртаючыся да іх як да пасярэднікаў паміж імі і Богам. У гонар паасобных сьвятых будуюцца храмы. Кожны дзень царкоўнага календара прысьвечаны аднаму або некалькім сьвятым. Некаторыя сьвятыя, такія як Мікола, Варвара, Юры, карыстаюцца асаблівай папулярнасьцю. Іншыя лічацца патронамі паасобных грамадзкіх слаёў, прафэсіяў або групаў людзей. Сьвяты Язэп лічыцца патронам сям’і, рабочых, дзяцей і моладзі: сьвяты Губэрт (655 – 742) – патронам паляўнічых, святы Валянцін – патронам закаханых, сьвяты Ізыдар (560 – 636) – патронам інтэрнэту, сьвяты Хрыстафор – патронам кіроўцаў.
Царква праводзіць таксама новыя кананізацыі, далучаючы да ліку сьвятых усё новых асобаў. Кананізацыя паходзіць ад грэцкага слова “kanonizo”, што азначае “ўключаць ў канон”, “узаконьваць”. Паводле энцыкляпэдычнага вызначэньня, кананізацыя ў Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквах – “акт прызнаньня памерлай асобы сьвятым і прызначэньне ёй публічнага шанаваньня”. У каталіцтве кананізацыі папярэднічае “бэатыфікацыя”, далучэньне да ліку “блаславёных”. З 13-га стагодзьдзя на Захадзе кананізацыя зьяўляецца выключным прывілеем папаў. У Праваслаўнай царкве кананізацыю праводзіць Сынод Епіскапаў.
Умовы кананізацыі ў Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквах прыблізна аднолькавыя, хаця ў каталіцтве сама працэдура далучэньня да ліку сьвятых больш фармалізаваная. Неабходныя перадумовы кананізацыі – гэта: пабожнае жыцьцё і глыбокая вера, усенароднае шанаваньне, цудадзейнасьць, а таксама пажаданая наяўнасьць нятленных мошчаў. Аднак сьвятасьць некаторых сьвятых не для ўсіх відавочная. Кананізацыя пэўных асобаў выклікае рознагалосьсі і нязгоду. Часта складваецца ўражаньне, што вырашальную ролю адыграла ня сьвятасьць, не заслугі для Царквы, але хутчэй палітыка. Я зьвярнуўся да праваслаўнай верніцы зь Менску Галіны Каржанеўскай з пытаньнем, што яна пра гэта думае:
(Каржанеўская: ) “Несумненна, без палітыкі тут не абыходзіцца. Праўда, ёсьць пэўная працэдура кананізацыі, але яна залежыць ад вярхоў той ці іншай канфэсіі. Тут просты вернік, як бы ён не лічыў, ніяк на гэта не ўплывае. Іншыя сілы вырашаюць, і пасьля вернікаў ставяць перад фактам. Вось зараз на поўным сур’ёзе загаварылі пра магчымасьць кананізацыі Івана Грознага, якога ў нас, у Беларусі называюць яшчэ “жахлівым”, “навальнічным” і гэтак далей. У Беларусі ўжо прадаюць ягоныя выявы разам з іконкамі іншых сьвятых. Пра магчымасьць кананізацыі гавораць самі сьвятары. Гэта пытаньне абмяркоўвалася ў часе Епархіяльнага Сходу, на якім думкі наконт гэтай кананізацыі былі вельмі розныя. Адны казалі, што гэта ўвогуле немагчыма ўявіць, а іншыя цалкам сур’ёзна былі “за”, падтрымлівалі гэтую вельмі крайнюю ідэю, якіх у Праваслаўі шмат”.
(Бандарук: ) “Спадарыня Каржанеўская згадала адзін, мабыць найбольш спрэчны прыклад. Сам Патрыярх Аляксей заявіў, што кананізацыя Івана Грознага недарэчная, бо трэба было б “дэ-кананізаваць” забітага ім Сьвятога Мітрапаліта Філіпа. Аднак падобных супярэчлівых кананізацыяў безьліч. Напрыклад, у праваслаўных колах Расеі раз пораз гаворыцца пра магчымую кананізацыю маршала Жукава, або цара Паўла І, адмірала Фёдара Ўшакова, прэм’ера царскай Расеі Пятра Сталыпіна. Аднак усё гэта вельмі неадназначныя фігуры. Ці ж не выпадала б больш крытычна, з пункту погляду Царквы і рэлігіі, дасьледаваць іхнае жыцьцё? Спадар Ігар Бараноўскі”.
(Бараноўскі: ) “Безумоўна, перад тым як некага кананізаваць, трэба добра дасьледваць – як жа ставяцца вернікі да гэтай асобы, ці не выклікае яна рознагалосьсяў і спрэчак у грамадзтве. Павінен прайсьці даўжэйшы час, каб ацаніць асобу з пункту погляду таго, што добрага яна зрабіла ў жыцьці, бо кожны чалавек грэшны, і напэўна, акрамя добрых былі і ня надта хрысьціянскія ўчынкі. Прыкладам, можна згадаць Роўнаапостальнага князя Ўладзімера, якога шануюць і праваслаўныя, і грэкакаталікі. Мы ведаем, як ён жорстка паводзіў сябе ў дычыненьні да народу, як ён гвалтам узяў сабе за жонку князёўну Рагнеду. Але тым ня менш, ён стаў хрысьціянскім сьвятым. Народная традыцыя ўшаноўвае тое, што ён зрабіў пасьля хросту, тое, што ён прынёс хрысьціянства на землі Русі. Можна згадаць і асобу грэка-каталіцкага сьвятога Язафата Кунцэвіча альбо праваслаўнага Апанаса Філіповіча. Прайшоў пэўны час, і кожная канфэсія вылучае пэўныя цноты важныя, для вернікаў. Мы шануем Язафата Кунцэвіча і Апанаса Філіповіча за тое, чым яны праславіліся – іхную веру. Мы можам крытычна ставіцца да таго, што ў іхным жыцьці ня ўсё было па-хрысьціянску, але гэта ўжо абстрактныя разважаньні”.
(Бандарук: ) “Шырокую вядомасьць набыла гісторыя з памежнікам Яўгенам Радзіёнавым. 18 лютага 1996 году разам з трыма калегамі ён трапіў ў чачэнскі палон. Армія абвесьціла палонных дэзэртырамі, аднак маці Яўгена адправілася ў Чачэнію шукаць сына. Яна сутрэлася з самым Асланам Масхадавым і палявымі камандзірамі. Нарэшце, яна даведалася, што сын быў забіты і пахаваны 23 траўня. За вялізны выкуп ёй удалося адшукаць магілу, дзе яна і апазнала абезгалоўленае і зьнявечанае цела сына. Пасьля гэтага ўзьнік рух за кананізацыю Яўгена, былі напісаныя ягоныя іконы і акафісты яму. Зьявіліся чуткі, што жаўнеру ў замен за жыцьцё прапанавалі адмовіцца ад Хрыста і прыняць іслам. Аднак Сынадальная Камісія кананізацыяў заявіла, што падставаў для кананізацыі няма. Прафэсар гісторыі РПЦ Сяргей Фірсоў адзначыў, што “сытуацыя вакол Радзіёнава – зьява ня цалкам здаровая. Гэта тое, што называецца неразумнай руплівасьцю (“ревность не по разуму”). Нельга падтакваць такому паганству. Яўген Радзіёнаў сапраўды быў добрым хлопцам, але пра ягоную сьвятасьць мы нічога ня ведаем”.
У лістападзе 1999 году група магілёўскіх вернікаў выступіла зь ідэяй кананізацыі Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі Экзархат, вядома, адкінуў гэты плян, найперш спасылаючыся на тое, што Лукашэнка яшчэ жывы. Выглядае, што тут матывы кананізацыі некаторых асобаў яўна палітычна-патрыятычныя, а не рэлігійныя”.
(Каржанеўская: ) “Я толькі ведаю, што там, дзе Праваслаўе спалучаецца з шавінізмам, там яно проста перастае быць хрысьціянствам. Я прывяду іншы прыклад. Па нашым беларускім радыё прагучэла інфармацыя пра тое, што ў Крайску Лагойскага раёну знайшлі нятленныя мошчы сьвятара. Вось, гэта новы, самы сьвежы прыклад. І вось трэба было б дасьледаваць, вывучаць гэты выпадак, папытацца ў людзей, знайсьці сьведкаў. Можа, тут маем дачыненьне з сапраўдным сьвятым. Сьвятыя людзі звычайна не афішуюцца, а мы пра іх ня ведалі. Вось, гэткім чынам павінны ў Царкве зьяўляцца сьвятыя, а ня тое, што іх бы на фабрыцы кляпаюць, штампуюць і гэтак далей”.
(Бандарук: ) “Дарэчы, у часе Юбілейнага Архірэйскага Сабору два гады таму РПЦ кананізавала агулам 1154 сьвятых. Аднак гэта быў адзінкавы выпадак, і штампаваньне сьвятых усё ж больш тычыцца рыма-каталіцкай царквы. Цягам 23 гадоў Ян Павал ІІ кананізаваў 457 сьвятых і бэатыфікаваў больш за адну тысячу “блаславёных”, больш, чым усе астатнія папы за апошнія 400 гадоў. У сувязі з гэтым публіцыст Джон Ален заявіў газэце “Observer” пра “дэвальвацыю сьвятасьці”. “Зараз далучэньне некага да ліку сьвятых ня мае ўжо таго блеску, як тады, калі кананізацыі адбываліся зрэдку. У Ватыкане ёсьць людзі, якія хацелі б затармазіць машыну кананізацыі зь перакананьнем, што каштоўнасьць сьвятасьці таньнее”. Часта з боку пратэстантаў можна пачуць іранічныя заўвагі пра “масавую вытворчасьць” сьвятых, якіх яны, дарэчы, цалкам не прызнаюць. Пратэстанты лічыць культ сьвятых выдумкай, якая ня мае абгрунтаваньня ў Бібліі. Яны спасылаюцца на Сьвятое Пісаньне, дзе сказана: “Адзін Бог, адзін і пасярэднік паміж Богам і людзьмі – Ісус Хрыстос” ( 1 Цім.2,5).
Паколькі ў пратэстантаў няма інстытуту сьвятых, дык можна было б на іх і не зьвяртаць увагі. Аднак больш увагі зьвяртаць адны на адных маглі б праваслаўныя і каталікі. Ян Павал ІІ, відавочна, аніяк ня ўлічваў пачуцьці чэскіх пратэстантаў, калі ў 1995 годзе кананізаваў Яна Саркандра, або калі 6 кастрычніка сёлета ён далучыў да ліку сьвятых заснавальніка спрэчнай арганізацыі Opus Dei – Хасэ-Марыю Эскрыву дэ Балягўэра. У адказ на кананізацыю каталіцкага архіепіскапа варшаўскага – Зыгмунта Фэлінскага, які быў пакараны ссылкай за падтрымку паўстаньня супраць царскай Расеі ў 1863 году, РПЦ хоча кананізаваць Івана Сусаніна, героя вайны з Польшчай. Габрэйскія арганізацыі пратэстуюць супраць намеру кананізаваць гішпанскую каралеву Ізабэлу, якая ў 1492 годзе выгнала габрэяў з краіны. Кітай назваў абразай кітайскага народу леташнюю кананізацыю 120 кітайскіх пакутнікаў, якіх Пэкін лічыць “злачынцамі”. Такім чынам, некаторыя кананізацыі праводзяцца як бы на злосьць іншым. Ці ж ня варта было б больш зьвяртаць увагу на пазыцыю іншых канфэсіяў у дачыненьні да канкрэтнага сьвятога?”
(Бараноўскі: ) “Маё меркаваньне такое, што трохі трэба зьвяртаць увагу. У тым сэнсе, каб кананізацыя, прынамсі, адбывалася не адразу пасьля сьмерці гэтага сьвятога. Павінен прайсьці пэўны час. Але з другога боку, каб усё грамадзтва, увесь хрысьціянскі сьвет згодна шанаваў нейкага канкрэтнага сьвятога, дык трэба, каб сьпярша цэрквы аб’ядналіся і каб кожная канфэсія аднолькава ставілася да гісторыі адна адной. На жаль, на сёньня гэтага ня маем. Напэўна, тут важна, каб не было рознагалосьсяў найперш у рамках канфэсіі, прыкладам, як у Праваслаўнай царкве ёсьць рознагалосьсі паміж вернікамі ў справе кананізацыі царскай сям’і. Што тычыцца царкскіх дзяцей, дык тут няма ніякай палітыкі. Гэта пакутніцтва ў чыстым выглядзе. Але што тычыцца цара Мікалая, дык вядома, які ён быў для народу. Сказаць, што такога не было, проста язык не паварочваецца. Усё ж такі я думаю, што ў справе кананізацыі сьвятых кожная царква павінна сябе паводзіць так, як лічыць патрэбным, калі бачыць, што у сьвятога сапраўды ёсьць учынкі і цноты, вартыя павагі і шанаваньня з боку большага кола вернікаў, чым толькі на мясцовым узроўні”.
(Бандарук: ) “Як кажа Ігар Бараноўскі, стаўленьне расейскага грамадзтва да кананізацыі “цара-пакутніка” Мікалая ІІ, сапраўды неадназначнае. Толькі 21% апытаных віталі яе, гэтулькі ж паставіліся да кананізацыі абыякава, а 16,5% былі супраць. Амаль 12% апытаных лічаць, што цар Мікалай давёў краіну да катастрофы, і амаль палова ўсіх рэспандэнтаў ня хоча ніякіх помнікаў былому манарху. Тым ня менш, Царква афіцыйна далучыла цара і ягоную сям’ю да ліку “новапакутнікаў”.
Не падлягае сумневу, што былі і будуць вельмі неадназначныя кананізацыі, што сьвяты для адных будзе злачынцам для іншых. Аднак варта памятаць, што ні Праваслаўная, ні Каталіцкая цэрквы не навязваюць адна адной сваіх сьвятых. Яны пакідаюць свабоду шанаваць або не шанаваць паасобных сьвятых таксама сваім вернікам”.