Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ГЕРОЙ ЧЫЛІ БЕЛАРУС ІГНАТ ДАМЕЙКА ПАСЬЛЯ БОЛЕЙ ЯК СТОГАДОВАГА РАССТАНЬНЯ ВЯРТАЕЦЦА ДАМОЎ


Валянціна Аксак, Менск

Творы Ігната Дамейкі — выдатнага навукоўцы, дасьледніка і вандроўніка шырока друкаваліся яшчэ пры ягоным жыцьці. У 1862–63 гадох трохтомнікам яны былі выдадзеныя ў Польшчы. Пазьнейшае польскае перавыданьне трапіла ў рукі перакладчыку і дасьледчыку Зьдзіславу Сіцьку. І вось ягоныя ўражаньні ад прачытанага:

(Сіцько: ) “Мяне ўражвала ўсё: і расповед пра паўстаньне 1830–31 году, і падарожжа па Араўканіі, і расповед пра прыроду, пра людзей, пра багацьце Чылі, і пра тыя апошнія гады свайго жыцьця, якія ён правёў тут, на бацькаўшчыне, прыехаўшы наведаць пасьля 53 гадоў адсутнасьці сваю Літву.

Але цяпер, калі я ўжо перакладаў, мяне найбольш уразіла тое, што ў рукапісах і нават у кнігах, захаваліся дзясяткі, больш за сотню цікавых, у некаторых выпадках, архаічных беларускіх словаў. Гэта для мяне было сапраўдным адкрыцьцём. Я ніколі ня думаў, што чалавек, які 46 гадоў пражыў у Чылі, які дзёньнікі свае пісаў па-польску, а творы па-гішпанску, і раптам я ў яго чытаю словы, якія нідзе болей не сустракаюцца, апрача як у нашай мясцовасьці, бо я сам таксама з заходняй Беларусі, — гэта было для мяне сапраўднае адкрыцьцё”.

Кніжка Ігната Дамейкі “Мае падарожжы” сталася вынікам двухгадовае працы Зьдзіслава Сіцька на замову выдавецтва “Беларускі кнігазбор”. Том склалі ўспаміны пра ўдзел аўтара ў антырасейскім вызваленчым паўстаньньні 1830–31 гадоў, вандроўныя нататкі пра змушаны ад’езд з радзімы, эміграцыйнае жыцьцё ў Нямеччыне, а затым у Францыі, пераезд у Чылі і расповяды пра сваё дасьледаваньне гэтае краіны. А таксама запісы пра наведваньне пры канцы жыцьця Эўропы і роднае Гарадзеншчыны, якую ён нязьменна называў Літвою. Кніжка мае вялікую значнасьць для сёньняшняга чытача.

(Сіцько: ) “Перш — гэта вядома апісаньне некаторых падзеяў паўстаньня 1830–31 гадоў, непасрэдным удзельнікам якога быў Ігнат Дамейка. Другое — гэта напаўненьне нашых ведаў пра таямнічую краіну Араўканію, дзе жыло і жыве індзейскае племя мапучы, якое больш за трыста гадоў бараніла сваю незалежнасьць ад гішпанскіх заваёўнікаў-канкістадораў і потым ад рэспубліканскіх заваёўнікаў Чылі. І вядома, канечне, — гэта мастацкая літаратура. Да нас ужо вярнуліся творы Міцкевіча, Чачота, Сыракомлі. Цяпер вяртаюцца творы Ігната Дамейкі”.

Да сказанага Зьдзіславам Сіцьком са шкадаваньнем трэба дадаць, што наклад гэтае кнігі вельмі малы — крыху больш за 2000 асобнікаў.

У Беларусі імя актыўнага ўдзельніка віленскага згуртаваньня філаматаў, ваяра вызваленцкіх шэрагаў Лістападаўскага паўстаньня 1830-31 гадоў, змагара супроць, як ён сам выказваўся, “маскоўскага прылучэньня” стараліся ня згадваць датрымальнікі парадкаў ня толькі царскай Расеі, але і бальшавіцкага СССР. Дый незалежная Беларусь сьвяткавала сёлета двухсотыя ўгодкі свайго знакамітага земляка не на дзяржаўным роўні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG