Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЦЬКІ МАШЫ КАРАЛЬКОВАЙ ПАТРАБУЮЦЬ СТВАРЫЦЬ БЕЛАРУСКУЮ КЛЯСУ Ў ГОРКАХ


Марыя Ўсьціновіч, Горкі

Пяціклясьніца Маша Каралькова займаецца дома з падручнікамі, якія бацькі ўзялі ў сельскай школе. Яны дамаўляюцца са знаёмымі настаўнікамі, каб яны праверылі ўзровень ведаў, якія дзяўчынка набывае самастойна.

Пасьля рэпартажу на Радыё Свабода да Каральковых прыходзілі сацыяльны пэдагог і псыхоляг са школы. Віктара Каралькова выклікалі ў раённы аддзел адукацыі і сказалі, што ён парушае правы дзіцяці на абавязковую адукацыю.

Між тым, Міністэрства адукацыі накіравала ў раён скаргу Каральковых і прапанавала забясьпечыць іхнае права выбіраць мову навучаньня.

Райаддзел адукацыі, лічаць Каральковы, разгублены. Таму бацькі Машы напісалі сваю праграму стварэньня ў Горках беларускай школы і накіравалі яе ў міністэрства. Ірына Каралькова гаворыць, што першым крокам мусіць стаць стварэньне беларускай гімназычнай клясы.

(Каралькова: ) “Мы спадзяемся ўсё ж знайсьці аднадумцаў, таму вырашылі правесьці сходы бацькоў усіх пяціклясьнікаў гораду. Хочам, каб да нас прыехалі беларускія пісьменьнікі, тыя людзі, якія б змаглі давесьці людзям, што няма чаго пужацца мовы”.

Жыхары Горак назіраюць за сытуацыяй збоку і чакаюць, чым скончыцца барацьба. Гаворыць Віктар Каралькоў:

(Каралькоў: ) “Мы чакаем ад сяброў з Горак нейкай салідарнасьці. Калі гэтая салідарнасьць будзе, то безумоўна будзе вялікі крок, зрух у бок беларускамоўнай адукацыі ў Горках”.

Маша Каралькова спадзяецца, што яе бацькам удасца дабіцца стварэньня беларускамоўнай клясы:

(Маша: ) “Я ня ведаю, але буду спадзявацца, што ўсе зразумеюць, што гэта родная мова, што яе трэба вучыць, што трэба размаўляць на ёй”.

Дзяўчынка размаўляе па-беларуску зь дзіцячага садка і хоча вучыцца па-беларуску. Зараз яна наведвае толькі адну школу — Горацкую школу рамёстваў, таму што марыць стаць мастачкай і пісаць пэйзажы сваёй роднай краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG