Для многіх жыхароў сталіцы фэдэральнай зямлі Ніжняя Саксонія — Гановэру, якія два дні таму прысутнічалі на ўрачыстай прэзэнтацыі кнігі вершаў Алеся Разанава, падалося дзіўным, што ў новым томіку ягонай паэзіі немагчыма было сустрэць такіх словаў як “дэмакратыя”, “дыктатура”, “КГБ”, “выбары”...
Як піша найпершае ў Ніжняй Саксоніі выданьне “Hannoversche Allgemeine Zeitung”, Алесь Разанаў — гэта першы замежны паэт, які жыве й працуе ў Гановэры ў рамках праграмы “Гарады–прытулкі для ўцекачоў”... Тут ведаюць, што ў сябе на Радзіме гэты 54-гадовы паэт з прычыны сваіх палітычных перакананьняў цярпеў ад перасьледу ўладаў...
За няпоўныя два гады — на такі тэрмін разьлічаны грант, выдадзены Разанаву, беларускі паэт стаў асобаю, папулярнай у Гановэры. Ягоныя творы перакладаюцца на нямецкую мову, некаторыя вершы мясцовыя кампазытары паклалі на музыку. Самы апошні томік разанаўскіх вершаў “Гановэрскія пунктыры” ёсьць падарункам паэта гораду.
Нямецкія крытыкі расшыфроўваюць шматзначнае ў нямецкай мове слова “пунктырунг” як сьлед ад акупунктуры, уколаў, якія пакінулі на целе і душы беларускага паэта тамтэйшыя ўражаньні — засьнежаныя дрэвы на гановэрскай Шарлотэнштрасэ, доўгія дажджы ў Паўночнай Нямеччыне, турэцкія атэлье і, натуральна ж, ніжнесаксонскі карнавал...
Паводле нямецкіх выдаўцоў, перакладнікаў і крытыкаў Разанава, складаная, філязофская паэзія беларускага аўтара знайшла свайго чытача ў Нямеччыне... Магчыма таму, што ягоная паэзія ня ёсьць строга вершаванай, яна нібыта ідзе з падсьвядомасьці аўтара і такім жа чынам трапляе ў падсьвядомасьць чытачоў. З гледзішча прагматычных немцаў, гэта дзіўны фэномэн, калі чалавек звонку, чужынец робіць цэлыя адкрыцьці пра звыклы ім Гановэр. Журналістка з “Hannoversche Allgemeine Zeitung” Юта Рынас распавядае:
(Рынас: ) “Я была пазаўчора на прэзэнтацыі кнігі Разанава і лічу, што гэта сапраўдны посьпех. Застаецца паспачуваць, што кнігу яшчэ ня ўбачылі беларускія чытачы. Яна — нібыта мост, які Разанаў праклаў паміж двума блізкімі яму гарадамі: Менскам і Гановэрам. Спадзяюся, што беларусы, як і мы, немцы, убачаць Гановэр нечаканым: горадам, дзе галоўнае не матэрыяльны дабрабыт, а атмасфэра, спрыяльная для асэнсаваньня акалічнасьцяў жыцьця. Вершы Разанава я лічу вельмі пранікнёнымі”.
Паводле Юты Рынас, многія гановэрцы шкадуюць, што тэрмін знаходжаньня Алеся Разанава ў Нямеччыне заканчваецца ў сьнежні. Сёньня прадстаўнікі зямельнага Дэпартамэнту культуры шукаюць ўсе магчымасьці для прадастаўленьня Разанаву чарговага гранту. Таму звычайны візыт новага кандыдата ў рамках праекту “Гарады–прытулкі для ўцекачоў” адкладаецца да таго часу, пакуль ня вырашыцца сытуацыя зь беларускім паэтам.
Як паведаміла Радыё Свабода жонка паэта, неўзабаве Алесь Разанаў прыедзе на кароткі час у Менск, каб пазнаёміць сваіх блізкіх з выдадзенай у Нямеччыне новай кнігаю.