Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ – У СПЭЦПРЫЁМНІКУ НА АКРЭСЬЦІНА


Міхал Стэльмак, Менск

Увечары сюды прыехалі прадпрымальнікі сталіцы і прадстаўнікі руху "Зубр", каб перадаць зьняволенаму свае віншаваньні.

Супрацоўнікі спэцпрыёмніка адмовілі некалькім дзясяткам прадпрымальнікаў і "зуброўцаў" у спатканьні зь Леанідам Малахавым. Але ягоныя аднадумцы знайшлі якім чынам перадаць віншаваньні з днём народзінаў лідэру "Прыватнай уласнасьці":

(Зычныя воклічы: ) "Малахаў! Віншуем! Малахаў! Мы з табою!"

Прадпрымальніца Кацярына Чыжык зьвярнулася да кіраўніцтва спэцпрыёмніка, каб Леаніду Малахаву быў перададзены віншавальны торт. Вось што яна паведаміла нашаму Радыё:

(Чыжык: ) "Я вельмі прасіла, каб былі перададзеныя нашыя віншаваньні вусна. І тое, што мы яго падтрымліваем. Бо ён выступіў за нас. І пацярпеў за нас. А мы хочам яго неяк падтрымаць. Усе прадпрымальнікі дагэтуль ня могуць усьвядоміць, чаму суд ня прыняў пад увагу тое, што ў яго дома двое малых дзетак і цяжарная жонка, а ўзяў ды вынес рашэньне арыштаваць на 10 сутак".

Кацярына Чыжык у ліку іншых прадпрымальнікаў і сяброў руху "Зубр" 29 ліпеня брала ўдзел у несанкцыяваным пікеце ля менскага гандлёва-выставачнага цэнтру "Паркінг", пасьля якога Леанід Малахаў аказаўся за кратамі. Як арганізатару несанкцыяванай акцыі пратэсту яму быў вынесены прысуд – 10 сутак арышту. Сёньня ля сьценаў спэцпрыёмніку прадпрымальнікі абураліся такім рашэньнем суду Савецкага раёну, паколькі, на іх думку, ва ўдзельнікаў акцыі былі падставы для абгрунтаванага пратэсту. Вось што паведаміла на гэты конт прадпрымальніца Тацяна Дзьмітрыева:

(Дзьмітрыева: ) "Я лічу, што яго нельга было арыштоўваць. Там праводзілі пікет у той дзень прадпрымальнікі такіх гандлёвых цэнтраў, як "Паркінг", "Алімп", "Купалаўскі". Яны пратэставалі супраць таго, што нам менскія ўлады навязваюць касавыя апараты. І ісьці на плошчу Бангалёр было неразумным. Бо мы там не парушалі грамадзкага парадку, не крычалі, нічога ня білі, мы проста там выказалі сваё меркаваньне".

Прадстаўнікі руху "Зубр", якія падтрымлівалі прадпрымальнікаў 29 ліпеня, сёньня таксама дружна сабраліся ля сьценаў спэцпрыёмніку на Акрэсьціна. Вось як пракамэнтаваў сёньняшні ўдзел у віншаваньні Леаніда Малахава прэсавы сакратар "Зубру" Алесь Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў: ) "Мы тут удзельнічаем таму, што разумеем, што прадпрымальнікі – гэта грамадзяне Беларусі. Яны маюць правы і калі мы бачым, што гэтыя правы парушаюцца, мы ня можам спакойна на гэта глядзець. Мы таксама людзі і ходзім на гэтыя рынкі. Тое, што зьбіраюцца зараз увесьці касавыя апараты, гэта стукне і па нашай кішэні. Таму што прадпрымальнікі, каб выжыць, мусяць будуць узьняць кошты на свае тавары, таму я тут".

Дзень народзінаў Леаніда Малахава супаў з восьмымі суткамі ягонага пакараньня. Праз два дні сканчаецца тэрмін арышту кіраўніка "Прыватнай уласнасьці" і, як паведамілі мне сёньня прадпрымальнікі і "зуброўцы", 8 жніўня яны прыйдуць яшчэ раз на Акрэсьціна, каб сустрэць Леаніда Малахава і выказаць яму ўдзячнасьць за абарону правоў прадстаўнікоў беларускага бізнэсу.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG