Сёньня спадарыня Іпатава зьвярнулася да выканаўцы абавязкаў рэдактара “ЛІМу” Віктара Шніпа з чарговым артыкулам. Яна папрасіла зьмясьціць сваё абвяржэньне надрукаванага ў папярэднім нумары матэрыялу былога намесьніка старшыні Саюзу пісьменьнікаў Віктара Праўдзіна. Напярэдадні спадарыня Іпатава ўжо атрымала адмову зь “ЛіМу”, з чаго яна робіць выснову, што на кіраўніцтва выданьня моцны ціснуць, і яно гэтаму ўціску паддаецца.
(Іпатава: ) “Калі гэта ня будзе зроблена, я падам пазоў — што яшчэ застаецца, калі там друкуюць хлусьню на мяне і мне не даюць апраўдацца? “ЛіМ” ужо другі, іншая становіцца канцэпцыя. Напрыклад, была надрукаваная абвестка пра паседжаньне Рады, быццам абвешчанай Рэвізійнай камісіяй. Без майго ведама, удзелу. Як можна прызначаць Раду без старшыні Саюзу? Даю сваю абвестку: лічу гэтую Раду несапраўднай. І мая абвестка не прымаецца. Але запрашэньне, каб сабрацца, дасылаюць людзі, якія ня маюць на гэта права”.
Вольга Іпатава таксама занепакоеная, што пасьля гучных падзеяў вакол наноў прызначаных кіраўнікоў шэрагу літаратурна-мастацкіх часопісаў падзел у пісьменьніцкіх шэрагах адбыўся вельмі радыкальны.
(Іпатава: ) “Частка пісьменьнікаў лічыць, што трэба весьці іншую палітыку: паўзьці да прэзыдэнта і вымаліць у яго дараваньне. Можа, зьлітуецца над пісьменьнікамі за тое, што былі надрукаваныя артыкулы Ніла Гілевіча, ідзе публіцыстыка многіх пісьменьнікаў, якія ня згодныя з гэтай палітыкай. Год таму, калі быў зьезд, мне здавалася, што ўсё заціхла, улада так люта на нас не наступала.
Але пасьля выбараў сытуацыя стала абсалютна жорсткай, і сцэнар, які ўжываецца адносна нас, вельмі падобны да таго, што быў ужыты да прафсаюзаў. Калі там ішла гаворка, што незадаволенасьць палітыкай Франца Вітка мела месца зьнізу, то каб гэта было так, трэба было вельмі моцна пастарацца. Тое ж бачна па паводзінах пэўнай часткі пісьменьнікаў, якія правакуюць незадаволенасьць зьнізу”.
Спадарыня Іпатава ўзгадвае, што на пачатку году тры ейныя намесьнікі выступілі з патрабаваньнем правесьці пазачарговы зьезд Саюзу пісьменьнікаў, дзе галоўным пытаньнем значылася б адхіленьне ад пасады старшыні Саюзу на той падставе, што яна нічога ня робіць, а толькі імітуе працу. Між тым Вольга Іпатава ўпэўненая, што гэта старанна распрацаваны сцэнар атрымаў дазвол на рэалізацыю ў больш высокіх структурах. Гэтак жа, як і ў выпадку з прафсаюзамі.
(Іпатава: ) “Заўважце, усе гэтыя людзі потым вельмі добра ўладкаваліся: галоўны рэдактар на радыё, намесьнік галоўнага рэдактара “Полымя”, нарэшце, дырэктар “Мастацкай літаратуры”. За што атрымалі людзі такія пасады, у той час, калі такога выдатнага пісьменьніка як Сяргей Законьнікаў выкінулі з пасады, не сказаўшы нават: за што?”
(Карэспандэнт: ) “Калі вы кажаце пра сцэнар прафсаюзаў, ці не выключаеце, што падобныя мэтады могуць быць ужытыя непасрэдна да вас?”
(Іпатава: ) “Калі я ўбачыла сьлёзы на вачах Франца Вітка, я зразумела, што яго проста згвалцілі й прымусілі. Але ў дадзеным выпадку наўрад ці ім ўдасца правесьці такі сцэнар у адносінах да мяне — я плакаць ня буду”.