Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АСУДЖАНЫ ЗА ШПІЯНАЖ ГРАМАДЗЯНІН ІТАЛІІ ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прыгоды італьянскага шпіёна Антоніа Піў у Беларусі скончыліся сёньня апоўдні ў аэрапорце “Менск-2”, куды яго адвезьлі супрацоўнікі італьянскай амбасады ў суправаджэньні супрацоўнікаў КГБ і пасадзілі на самалёт. За дзьве гадзіны да гэтага італьянцу зачыталі ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні. Цырымонія праходзіла ў актавай залі адміністрацыі 14-й калёніі і нагадвала здымкі кіно. Сівы Антоніа Піў стаяў на сцэне пад прыцэлам тэлекамэраў і зіхацеў ад шчасьця, як малады Мастраяні. Начальнік калёніі палкоўнік Васіль Кулаковіч урачыстым голасам зачытаў указ Лукашэнкі і моцна, як добраму сябру, паціснуў былому шпіёну руку.

Антоніа Піў быў шчодры на словы. Ён па-італьянску распавядаў пра тое, што раскайваецца і што ў будучыні зьбіраецца раз на год прыяжджаць у Беларусь, калі яму дазволяць. Што да шпіёнскай місіі, якую ён так і ня выканаў, то ў гэтый тэме Піў быў нешматслоўны.

(Піў: ) "Я проста не магу распавядаць пра гэта перад журналістамі, бо на ўсе падобныя пытаньні я ужо даў падрабязныя адказы у КГБ", – гэтак Антоніа Піў адказаў на маё пытаньне пра памер грашовай ўзнагароды ад італьянскай выведкі, якая была паабяцаная яму за выкананьне шпіёнскага заданьня ў Беларусі.

Паводле КГБ Беларусі, вайсковы пэнсіянэр Антоніа Піў пагадзіўся выконваць заданьне італьянскай спэцслужбы за немалыя грошы, якія яму спатрэбіліся ў сувязі з працэсам аб скасаваньні шлюбу. У Беларусі, куды Піў прыяжджаў як прадстаўнік дабрачыннай арганізацыі, яму нібыта даручылі выведаць нейкія абаронныя сакрэты і нават завэрбаваць "крыніцу" ў КГБ. Паводле кіраўніка прэсавай службы КГБ Фёдара Котава, гэтая частка заданьня найбольш абурыла чэкістаў. Яны пачалі супраць шпіёна "контрвыведкавую" апэрацыю, дэталі якой спадар Котаў журналістам не паведаміў, спаслаўшыся на таямніцу. Мяркуючы па ўсім, італьянцу, які актыўна цікавіўся дзяржаўнымі сакрэтамі Беларусі, проста падклалі лжэкрыніцу і пасьля першай пакупкі быццам сакрэтных дакумэнтаў няўдалага шпіёна арыштавалі. Гэта пацьвярджаецца тым, што апроч Антоніа Піў і ягонай перакладчыцы Ірыны Ўшак, якая яму дапамагала, ніхто больш па гэтай справе асуджаны не быў. Сам Піў сёньня высока ацаніў прафэсійныя якасьці беларускіх чэкістаў. "Шпіянаж – гэта вялікая гульня, і я таксама быў у ёй адным з гульцоў", – сказаў былы шпіён.

А вось камплімэнтаў пра калёнію ў пасёлку Навасады пад Барысавым, у якой італьянец прасядзеў амаль год, зь яго вуснаў не прагучала. Піў толькі дыпляматычна адзначыў, што ўсе турмы сьвету вельмі дрэнныя і лепш у іх не трапляць. Са сьветлых успамінаў часоў калёніі ў яго засталося сяброўства зь беларусам Алесем Варажуном, які адмыслова дзеля сябра вывучыў у турме італьянскую мову. Адказваючы на пытаньне, за што ягоны беларускі сябра патрапіў у калёнію, Антоніа Піў крыху падумаў і сказаў:

(Піў: ) "Скраў..."

Што скраў Алесь Варажун, Піў не удакладніў. У калёніі, дзе ён адбываў пакараньне, амаль чатыры тысячы вязьняў і амаль усе нешта скралі.

Што да беларускага КГБ, то для гэтай установы пагоня за шпіёнамі была і застаецца адной з самых істотных задачаў.

(Котаў: ) "Заходнія спэцслужбы ніколі не аслаблялі сваёй увагі да Беларусі", – заявіў журналістам супрацоўнік КГБ Фёдар Котаў. Пры гэтым ён прызнаў, што больш замежных шпіёнаў у беларускіх турмах няма і нічога не сказаў наконт расьсьледаваньняў іншых шпіёнскіх справаў.

Дарэчы, хаця Антоніа Піў быў у Беларусі арыштаваны, ён кажа, што крыўды на краіну не трымае і нават зьбіраецца ўсынавіць беларускага хлопчыка Віцю, з якім пазнаёміўся тры гады таму. Таксама ён плянуе ажаніцца зь Ірынай Ушак, якая была асуджаная разам зь ім і ўвесну таксама памілаваная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG