Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ ПРАВЯРАЕ ПАЛЕСКІ РАДЫЯЦЫЙНА-ЭКАЛЯГІЧНЫ ЗАПАВЕДНІК


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Паводле патрабаваньня Камітэту барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, рэвізоры Камчарнобылю праводзяць адмысловую праверку гаспадарчай і навуковай дзейнасьці радыяцыйна-экалягічнага запаведніка.

Асаблівая ўвага пры гэтым зьвяртаецца на адстрэл дзікіх жывёлаў з выкарыстаньнем гелікоптэра — найперш ваўкоў. Міліцыянты лічаць, што дырэктар запаведніка Мікалай Варанецкі ладзіць за калючым дротам для ўплывовых чыноўнікаў сапраўднае чарнобыльскае сафары.

Запаведнік займае звыш 130 тысяч гектараў зямель, не прыдатных для пражываньня людзей з прычыны высокага забруджаньня радыяцыяй. Аднак зьвяроў тут шмат — дзікоў, ласёў, касуль, ваўкоў. Прыжыліся нават зубры, прывезеныя зь Белавескай пушчы.

Разам з акадэмічнымі інстытутамі радыёбіялёгіі, экспэрымэнтальнай батанікі, генэтыкі, заалёгіі запаведнік займаецца распрацоўкай навуковых прынцыпаў захаваньня і разьвіцьця прыродных комплексаў, вывучае дынаміку радыяйнай сытуацыі. Тут ёсьць таксама конефэрма, невялікая лесапілка, пчольнік, экспэрымэнтальны сад. Усё гэта і цяпер правяраюць.

Разам зь міліцэйскай праверкай на радыяцыйны запаведнік зваліліся і фінансавыя праблемы. За шэсьць месяцаў Камчарнобыль не дадаў запаведніку дзясяткі мільёнаў рублёў. За няўплату адключаныя ўсе тэлефоны, апроч дзяжурнага.

Вось што кажа наконт безграшоўя галоўны лясьнічы Аляксандар Дзягцярык:

(Дзягцярык: ) “Немагчыма цяпер практычна нічога купіць. Сёньня скончыўся бэнзын. А нам трэба развозіць паставых. Трэба яшчэ і іншую працу выконваць. А чым заўтра запраўляць машыны, ня ведаю”.

Галоўнага лясьнічага асабліва непакояць пажары. Два дні таму на тэрыторыі запаведніка, у адселенай вёсцы Кажушкі, згарэла 60 пакінутых хатаў і 20 — у вёсцы Ломыш. А пажар — гэта распаўзаньне разам з дымам радыяцыі.

(Дзягцярык: ) “Фон павялічваецца ў некалькі тысяч разоў”, — сьцьвярджае Аляксандар Дзягцярык.

У запаведніку пакуль ня зьвязваюць праверку, ініцыяваную Камітэтам барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, зь леташнім інцыдэнтам паміж егерамі і брагінскімі міліцыянтамі. Апошнія, ахоўваючы запаведнік, займаліся браканьерствам і нават спрыялі марадзёрам, што здабывалі тут каляровыя мэталы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG