Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ НАВУКІ І ТЭХНАЛЁГІІ


Кастусь Бандарук, Прага

Паводле прадстаўніка кампаніі Саіда Тэграні, новы модуль памяці выкарыстоўвае традыцыйныя магнітныя матэрыялы, ужываныя ў крэмніевых мікрасхемах. Гэтак званая тэхналёгія “дубляванай магнітна-рэзыстыўнай апэратыўнай памяці” (magneto-resistive random access memory) дазваляе захоўваць памяць, напрыклад, у выпадку пэрсанальных кампутараў, нават пасьля іх адключэньня або тэхнічнай аварыі. Кампанія Motorola разьлічвае, што дзякуючы супрацоўніцтву зь іншымі кампаніямі: Philips Electronics і STMicroelectronics, гэтая тэхналягічная навінка зьявіцца на рынку цягам наступных двух гадоў.

САН-ФРАНЦЫСКА. Навукоўцы з Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту, якія выконваюць заказ узброеных сілаў ЗША, выявілі новыя падрабязнасьці структуры найбольш загадкавага матэрыялу – павуціны. Даўно вядома, што павуціна больш трывалая на разрыў за найлепшую сталь. Пры гэтым яна элястычная і расьцягваецца ў паўтара раза. Навукоўцы зацікавіліся бялкамі, якія вырабляюць залозы павукоў. Аказалася, што іхная структура, падобная на крышталі, надзвычай складаная і абсалютна ўнікальная. Амэрыканскія навукоўцы лічаць, што з гэтай прычыны ўласьцівасьці павуціны могуць быць пасьпяхова скарыстаныя ў вытворчасьці бронекамізэлек і канатаў.

СЫДНЭЙ. Аўстралійскія дасьледчыкі знайшлі разьвязку праблемы зношанасьці бэтону. Яны навучыліся з дапамогай бактэрыяў вырабляць “ біялягічны цэмэнт”, які можа зь сярэдзіны падмацоўваць патрэсканыя бэтонныя пабудовы. Прэпарат вадкі, і таму яго можна лёгка запускаць ў шчыліны бэтонных канструкцыяў. Прадстаўніца Murdoch University паведаміла, што біяцэмэнт будзе асабліва прыдатны пры рэканструкцыі гістарычных помнікаў, а таксама дамбаў. Гэта асабліва важна для Галяндыі. Значная частка тэрыторыі гэтай краіны, адваяваная ў мора, можа быць залітая, бо ўзровень вады ў акіянах падвышаецца з прычыны глябальнага пацяпленьня клімату. Біяцэмэнт можна таксама выкарыстоўваць ў атамнай энэргэтыцы. Ён зьвязвае радыёнукліды стронцыю і такім чынам прадухіляе іх уцечку ў грунтавую ваду.

ЛІСАБОН. Партугальскія будаўнікі аўтамагістралі знайшлі на поўначы краіны старажытны скарб. Экскаватар выцягнуў зь зямлі керамічную вазу. У ёй знаходзіліся прыблізна 3 тысячы рымскіх манэтаў з 4-5 стагодзьдзяў нашай эры. Будаўнічыя працы адразу былі прыпыненыя, і на месца знаходкі паклікалі археолягаў. Паводле навукоўцаў, гэтая знаходка выключнай важнасьці дазволіць лепш вывучыць рымскі пэрыяд у гісторыі ібэрыйскай паўвыспы.

ЛЁНДАН. Два брытанскія навукоўцы Джэймс Огер і Джымі Луазо (James Auger, Jimmy Loizeau) распрацавалі зубны імплянтант, які можа выконваць функцыі мабільнага тэлефону. “Зубны тэлефон” у выглядзе мікраскапічнага вібратара і прыймача радыёхваляў можа быць устаўлены ў зуб у часе звычайнага візыту ў стаматоляга. Гук паступае ў зуб шляхам лічбавага радыёсыгналу і затым костным рэзанансам перадаецца ва ўнутранае вуха. Інфармацыю, пераказаную гэткім чынам, чуе толькі адзін чалавек – той, каму яна адрасаваная. Зараз тэхналёгія “зубнога тэлефону” праходзіць выпрабаваньні. Мяркуецца, што гэта будзе надзвычай практычнае вынаходніцтва. “Зубным тэлефонам” напэўна ахвотна будуць карыстацца біржавыя брокеры, але перадусім палітыкі, якія ў часе публічных выступаў цалкам канфідэнцыйна змогуць слухаць парады сваіх памочнікаў. “Зубныя тэлефоны” практычныя яшчэ і таму, што іх ня трэба будзе адключаць ў кіно або музэі.

ПАРЫЖ. Спэцыялісты з Эўрапейскага Касьмічнага Агенцтва працуюць над новага тыпу рухавікамі для касьмічных караблёў. Сонечна-электрычны рухавік, званы “іённым” дазволіць ператвараць сонечную энэргію непасрэдна ў электрычную.У сувязі з тым, што гэты рухавік займае няшмат месца, на борт касьмічнага карабля можна ўзяць болей навуковай апаратуры. У пачатку наступнага году з касмадрому Куру (Kourou) у французкай Гвіяне мае быць запушчаны ў Космас невялікі апарат СМАРТ-1, які з дапамогай іённага рухавіка павінен даляцець да Месяца. На 2012 год заплянаваны палёт да Мэркурыя. На жаль, “іённы рухавік” можа працаваць толькі ў межах Сонечнай сыстэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG