Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ НАВУКІ І ТЭХНАЛЁГІЯЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

У панядзелак на адмысловай канфэрэнцыі навукоўцаў была ўхваленая праграма “Навука для інтэграцыі”, якая адчыняе магчымасьці польскім вучоным атрымаць значныя грошы ад Эўразьвязу, перадусім з фонду рэгіянальнага разьвіцьця. Гэты фонд ствараецца дзеля выраўнованьня ўзроўню рэгіёнаў. Польшча мяркуе атрымаць з гэтага фонду ў 2004 – 2006 гадох 13 мільярдаў эўра на разбудову грамадзкай і тэхнічнай інфраструктуры. Частка гэтых грошай можа пайсьці на навуковыя распрацоўкі.

ЗША. Амэрыканская фірма “Boeing” распрацавала паветраную машыну, якая можа ўзьлятаць як гелікоптэр, а затым працягваць палёт, як звычайны самалёт. Гэтая машына ўзьлятае зь зямлі вэртыкальна пры дапамозе дзьвюхлопаснага ротару, які затым замацоўваецца нерухома, утвараючы прамое крыло, як у самалёту. Адрозна ад звычайнага гэлікоптэру, ротар унікальнага паветраплаву пачынае круціцца не пры дапамозе валу, які зьвязаны з рухавіком, а струменямі газу, якія выкідваюцца праз адтуліны на канцах лопасьцяў. Паводле сваёй канструкцыі ўнікальны паветраны апарат уяўляе сабою кампраміс паміж самалётам і гелікоптэрам, а таму ня можа валодаць перавагамі кожнага зь іх. Далёкасьць палёту ў яго большая, чым у самалёту, а хуткасьць вышэйшая, чым у гэлікоптэру.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Прэзэрватыў можа выкарыстоўвацца ня толькі ў якасьці засьцярогі ад непажаданай цяжарнасьці, але і як алібі пры скаргах на згвалтаваньне – паведамляе ў апошнім нумары часопіс “New Scientist”. Вынаходніцтва, якое запатэнтаваў ангелец Дэвід Мороў (David Morrow) каштуе больш танна, чым адвакат і дзейнічае прасьцей. Ён прыдумаў адмысловае пакаваньне для прэзэрватыву. Калі яно ўскрываецца разам дзьвюма асобамі, абедзьве пакідаюць на пакаваньні адбіткі пальцаў. Пры жаданьні можна на ім запісаць і дату здарэньня. Такое пакаваньне можа пазьней стаць падставаю для звароту ў суд. “New Scientist” не інфармуе, што думаюць пра вынаходніцтва юрысты і псыхіятры.

ІТАЛІЯ. Прэм’ер-міністар Італіі Сільвіё Бэрлусконі заявіў, што будаўніцтва вісячага мосту праз Мэсінскую затоку пачнецца праз тры гады і павінна завершыцца да 2010 году. Пяцікілямэтровы мост, які злучыць выспу Сыцылію з мацярыковай часткай краіны, стане самым доўгім вісячым мастом у сьвеце. Усё збудаваньне разам з тросамі будзе важыць каля 300 тысячаў тонаў і будзе вісець на вышыні 64 мэтры над узроўнем мора. На мосьце мяркуецца пабудаваць аўтатрасу ў 12 шэрагаў і чатыры каляі новай высокахуткаснай чыгункі. Даўжыня тросаў такая, што імі можна было б пяць разоў абкруціць зямную кулю. Інжынэры пераконваюць, што збудаваньне вытрымае і моцныя землятрусы, і тэрарыстычныя напады, і сутыкненьне зь ім самалёту. А пакуль самым доўгім мостам у сьвеце зьяўляецца 4-кілямэтровы японскі “Акасі”, які злучае выспы Сікоку і Хансю.

КІТАЙ. У Кітаі прапанаваны законапраект, скіраваны на паніжэньне ўзроўню радыяцыі ад мабільных тэлефонаў. Згодна з гэтым праектам, дапушчальны ў КНР узровень будзе ў два разы меншым за міжнародны стандарт. Гэтая пэрспэктыва непакоіць вытворцаў тэлефонаў, а таксама кампаніі, якія забясьпечваюць паслугі ў галіне мабільнай сувязі. Паводле новых стандартаў, бальшыня мабільных тэлефонаў апынецца па-за законам, бо яны вельмі магутныя. Адначасна павялічыцца колькасьць тэлефонных мачтаў, што перадаюць сыгналі. Кітай зьяўляецца самым вялікім у сьвеце рынкам мабільных тэлефонаў. 161 мільён кітайцаў карыстаюцца гэтым відам сувязі, і штомесяц там зьяўляюцца 5-6 мільёнаў новых карыстальнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG