Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКУ Я ВЕРУ, АЛЕ КАЛІ ЁН НЯ ЗЬМЕНІЦЬ ПАЛІТЫКУ, МЫ ВЫМРАМ, ЯК МАМАНТЫ”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста, у якім, на маю думку, выказаныя сёньняшнія настроі, сумневы і спадзяваньні многіх з тых людзей, якія заўсёды, пачынаючы з 1994-га году, былі пасьлядоўнымі прыхільнікамі палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Яны і цяпер працягваюць яму верыць, але, апынуўшыся сам-насам з вынікамі ягонай палітыкі, зьдзіўляюцца ім і ня могуць знайсьці прычыны цяперашняга становішча.

І ў выніку нараджаюцца такія пытаньні й прапановы, якія выклаў у сваім лісьце Сямён Скоблікаў зь Менску, які падпісаўся як “рабочы ад сахі”. Ён піша:

“Лукашэнку я заўсёды верыў. Веру і цяпер. Ён для народу хоча зрабіць лепш. Але, напэўна, усё ж трохі ня той шлях выбраў. Наш завод сядзіць без заробку трэці месяц. Жонку на фабрыцы папярэдзілі, што хутка могуць скараціць. Расея, хоць у нас зь ёй нібыта і саюз, нашы станкі купляць ня хоча — нібыта знайшла таньнейшыя ў Кітаі. Нашто тады нам такі саюз?

І становіцца ўсё горш. Цэны як шалёныя. Пойдзеш у магазін — нічога не купіў, а пакінуў паўзарплаты... Пакуль што ратуе ад голаду вёска. Але ня дай Бог ня ўродзіць бульба — што есьці будзем? Нешта ня тое адбываецца ў Беларусі.

Лукашэнка правільна робіць: усіх гэтых камэрсантаў, “новых беларусаў”, хапуг-дырэктараў трэба “да ногця” і трымаць у чорным целе. Але, напэўна, гэтага мала. Калі гэтак будзе працягвацца і далей, то мы хутка вымрам, як маманты”.

Вы, спадар Сямён, як чалавек ад сахі, напэўна, ня раз назіралі, як чалавек працуе на сябе, на сваім лапіку зямлі, і як — на калгасным полі. Розьніца, якую вы, відавочна, заўважылі, уласьцівая для ўсёй эканомікі, і ўвогуле для ўсяго грамадзкага жыцьця. Можна колькі заўгодна наглядчыкаў прыставіць да камэрсантаў, уладальнікаў прыватных фірмаў, увогуле — людзей, якія займаюцца сваёй уласнай справай, але прымусіць іх аддаваць усё заробленае дзяржаве, працаваць са стратамі для сябе — немагчыма. Яны проста сыдуць у цень альбо зьедуць за мяжу.

Затое цалкам паслухмяныя чыноўнікам калгасы і дзяржаўныя прадпрыемствы. Іх можна абдзіраць як ліпку. І ў якім яны стане — вы самі апісалі ў сваім лісьце. Пры гэтым, заўважце, ніякія саюзныя дамовы не прымусяць прыватных гаспадароў у Расеі купляць вашы дарагія станкі — ім гэта нявыгадна эканамічна.

Вашая асабістая справа: верыць альбо ня верыць Лукашэнку, але на пытаньні, якія вы задаяце ў сваім лісьце, без асэнсаваньня гэтай праблемы адказаць немагчыма.

Многія нашы слухачы разважаюць у сваіх лістах пра тое, якой будзе Беларусь пасьля Лукашэнкі і як хутка можа гэта адбыцца. Вось якімі думкамі на гэты конт дзеліцца наш сталы аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:

“Гледзячы з вышыні апошніх гадоў, прыход да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе можна назваць гэткай своеасаблівай сацыялістычнай рэвалюцыяй у сьвеце посткамунізму. Цяпер жа, праз восем гадоў, у Беларусі й вакол яе складваюцца некаторыя ўмовы дзеля “аксамітнай” рэвалюцыі, накшталт тых, што былі ва Ўсходняй Эўропе і ў СССР у 1989–91 гадах. Якія прыкметы?

Нявыплата пэнсіяў і заробкаў.

Скарачэньне працоўных месцаў, стагнацыя прадпрыемстваў.

Рэзкае зьніжэньне рэйтынгу Лукашэнкі.

Збліжэньне Расеі з ЗША, NATO і Захадам увогуле.

Заяўка Ўкраіны на ўступленьне ў NATO.

Але вонкавы фактар павінен быць падмацаваны намаганьнямі апазыцыі, а галоўнае — адпаведнымі настроямі ў грамадзтве”.

А вось тут, на думку Алеся Марціновіча, Беларусь вельмі адрозьніваецца ад суседніх краінаў. Працягваю цытаваць ліст:

“Жменька людзей у Курапатах — гэта зусім ня тое, што дзясяткі тысяч хлопцаў і дзяўчат на вуліцах Кішынэва, якія выступілі ў абарону румынскай мовы супраць новай русіфікацыі. Дзеля таго, каб прарасьці, зерне павінна трапіць у паліты вадой гумус, а не на сухі пясок Сахары. У гэтым сэнсе ніякія Захады і Пуціны, ніякія жменькі менскай апазыцыі (нават аб’яднаўшы свае намаганьні) ня здолеюць раскалоць гэты мёртвы граніт беларускага грамадзтва. Каменная пустэльня. Тут бялградзкім варыянтам і блізка ня пахне.

...Якасьць беларускага насельніцтва такая, што яно запатрабуе дэмакратыю і парлямэнцкія выбары па партыйных сьпісах гадоў праз дваццаць, а жыць, так бы мовіць, без “халявы”, па закону зможа хіба што гадоў празь пяцьдзясят”.

Прагноз, як заўсёды ў вас, спадар Марціновіч, даволі пэсымістычны. Аднак яшчэ раз зьвярну вашу ўвагу на папярэдні ліст. Настроі ў грамадзтве мяняюцца, у тым ліку і ў асяродзьдзі прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Нават калі ідэі дэмакратыі, падзяленьня ўладаў, правоў чалавека і не запатрабаваныя большасьцю насельніцтва — эканамічная сытуацыя мяняецца так хутка, што гаварыць пра наступныя дзесяцігодзьдзі, як паласу нейкай стабільнасьці й нязьменнасьці, на маю думку, зусім не выпадае.

Ліст ад Алеся Цадка з Маладэчна:

“Так ужо склалася, што нашая апазыцыя ня мае сур’ёзнай падтрымкі ні ўнутры Беларусі, ні за мяжой. Маю на ўвазе найперш фінансавы бок справы. Унутры краіны ўсе фінансавыя патокі пад жорсткім кантролем Лукашэнкі і ягоных спэцслужбаў.

А што ж замежныя памочнікі? Неяк незаўважна, спачатку паміж Нямеччынай і Расеяй, а цяпер і з удзелам ЗША адбыўся сэпаратны падзел зонаў палітычнага і эканамічнага ўплыву, у выніку якога Беларусь і Ўкраіна перайшлі пад крамлёўскі пратэктарат. Масква, не знайшоўшы ўласнага стаўленіка і не зацікаўленая ва ўмацаваньні беларускага нацыянальнага руху, зьмірылася з Лукашэнкам.

І калі ў мяне спачатку была надзея на ЗША, і асабліва на законапраект па Беларусі сэнатара Гэлмса, то цяпер, пасьля сустрэчы Буша і Пуціна, на якой пра Беларусь не было сказана ні слова, надзея зьнікла.

Адбываецца цынічны гандаль: мы вам — пашырэньне NATO і Эўразьвязу на ўсход, а вы нам — Беларусь, Украіну, а ў дадатак — заплюшчваньне вачэй на зьнікненьне вядомых палітыкаў, жорсткае зьбіцьцё дэманстрантаў, продаж зброі Ірану.

А для бачнасьці нейкіх прыкметаў дэмакратыі, для падтрымкі напаўжывога стану партыяў — невялічкія гранты, найперш сталічным партфункцыянэрам. Дзіўна тое, што роля вечнай апазыцыі іх ужо задавальняе. Яна стала неблагой кармушкай. Асьлепленыя гэтым, яны і не заўважаюць, што паволі ператвараюцца ў інструмэнт іншых вонкавых сілаў. Імітуючы дэмакратычны і нацыянальна-адраджэнскі працэс, яны тым самым, як кажуць, выпускаюць пару ў сьвісток”.

Вашыя развагі, спадар Цадко, пабудаваныя, на жаль, толькі на здагадках і чутках, а не на дакладнай інфармацыі. Датычыць гэта і вашых цьверджаньняў пра сэпаратны падзел зонаў уплыву, які нібыта адбыўся, і пра візыт амэрыканскага прэзыдэнта ў Расею, і пра апісаны вамі цынічны гандаль, у працэсе якога Захад нібыта зьмірыўся з тым, што ў Беларусі зьнікаюць апанэнты рэжыму.

Тое, што сьціслых афіцыйных паведамленьнях для мэдыяў наконт перамоваў, для прыкладу, Джоржа Буша і Ўладзімера Пуціна ня згадвалася беларускае пытаньне, зусім не азначае, што яно насамрэч там не закраналася. Гэтак сама і зь іншымі тэмамі. Захад не пераглядаў свайго стаўленьня да беларускага рэжыму і цьвёрда адстойвае сваю ранейшую пазыцыю — гэта дастаткова відавочна.

Што да беларускай апазыцыі, яе фінансавых цяжкасьцяў — то вырашаць гэтую праблему павінна сама апазыцыя. Гэта найперш ейная праблема. У гэтым сэнсе даволі дзіўна гучаць вашыя папрокі на адрас Захаду за “напаўжывы стан” беларускіх партыяў.

На заканчэньне ліст ад Анатоля Адаменкі з Гомеля:

“Я ваш сталы слухач. Жаданьня і часу для гэтага хапае: я інвалід першай групы, заўсёды дома. Апроч таго, жыву адзін. Для мяне вашыя перадачы ды яшчэ газэта “Народная Воля”, якую пастаянна выпісваю (нягледзячы на кошт) і чытаю — адзінае акно ў сьвет. Дзяржаўная радыёкропка ў маёй аднапакаёвай кватэры балбоча толькі дзеля зьверкі часу.

Часам думаю: ці дажывем мы да тых часоў, калі вашы перадачы можна будзе слухаць па звычайнай радыёкропцы, як у многіх гарадах Расеі? Канечне, я разумею, што гэта не ад вас залежыць. Але ўсё ж веру, што такі час настане.

Хачу выказаць вам шчырую падзяку за добрую справу, якую вы робіце, нягледзячы на розныя нязручнасьці — даносіце праўду пра наша жыцьцё і жыцьцё ў сьвеце, і гэтым дапамагаеце нам хутчэй стаць і пайсьці праўдзівым шляхам.

Дзякуй вам, спадар Анатоль, за добрыя словы і за падтрымку. Безумоўна, той час, пра які вы пішаце і якога чакаеце, настане. Дачакаліся яго суседзі, дачакаецца і Беларусь.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аляксандар Валчанін з Жодзіна, Андрэй Валошка са Смаргоні, Міхаіл Леках з Рыгі, Ільля Копыл і Павал Біч зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG