Міністэрства замежных справаў Беларусі ніяк не камэнтуе падзеі вакол дэпартацыі палітычнага дарадцы КНГ АБСЭ ў Менску Эндру Карпэнтэра. Чакаецца, што нейкі камэнтар прагучыць заўтра на чарговым брыфінгу ў міністэрстве.
Заўтра ж у Вене пройдзе прэсавая канфэрэнцыя старшыні Сталае рады АБСЭ партугальскага амбасадара Жуаў дэ Ліма Пімэнтэля, на якой будуць прысутныя таксама адмысловы пасланьнік у справах, зьвязаных з супрацоўніцтвам АБСЭ зь Беларусьсю амбасадар Эбэргард Гайкен, былы выканаўца абавязкаў кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Мішэль Рывалье ды ягоны пераемнік на гэтай часовай пасадзе Эндру Карпэнтэр.
А сёньня францускае МЗС заклікала афіцыйны Менск неадкладна перагледзець сваё рашэньне наконт місіі АБСЭ ў Беларусі. Паводле прадстаўніка дыпляматычнага ведамства Францыі Бэрнара Валеро, нежаданьне падаўжаць візы прадстаўнікам АБСЭ кампрамэтуе місію гэтай арганізацыі ў Беларусі.
“Асьцярожна — афарбавана” — паперкай на ганку з такім надпісам па-расейску сустракаў сёньня ўдзень наведнікаў офіс групы АБСЭ ў Менску. Тут дагэтуль працуе каля дзесяці беларускіх супрацоўнікаў і дзьве асобы з дыпляматычным статусам.
Амэрыканка Мэгін Фіцджэральд, зь якой я размаўляў у офісе групы, адмовілася даваць інтэрвію, сказаўшы, што ўсіх журналістаў КНГ АБСЭ пераадрасоўвае па камэнтар у Вену. Туды ж на кансультацыі з кіраўніцтвам АБСЭ запрошаная сама спадарыня Фіцджэральд, аднак пра дзень ад’езду яна таксама паведаміць адмовілася.
Ніякіх новых паведамленьняў ані зь Вены, ані зь беларускага МЗС місія АБСЭ сёньня не атрымлівала. Супрацоўнікі групы займаюцца бягучымі справамі.
Мінакі, якія йшлі полем паміж менскімі праспэктамі Дзяржынскага й Газэты “Правда” каля будынку місіі АБСЭ, альбо нічога ня ведалі пра скандал, альбо выказваліся супраць дзеяньняў уладаў.