Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК РЭАГУЮЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ВЭТЭРЫНАРНЫЯ СЛУЖБЫ НА ПАВЕДАМЛЕНЬНІ АБ ВЫПАДКУ КАРОВІНАГА ШАЛЕНСТВА Ў ПОЛЬШЧЫ?


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня ранiцай кiраўнiк пункту вэтэрынарнага памежнага кантролю ў Берасьцi Ўладзiмер Кавальчук паведамiў, што нiякiх дадатковых абмежаваньняў на ўвоз ялавiчыны з Польшчы не iснуе. У прыватных асобаў памежныя вэтэрынары кантралююць толькi агульную вагу завезенага з-за мяжы мяса. Гаворыць спадар Кавальчук:

"Мяса ўвозяць па дазволу, а калi для сябе – мы толькi правяраем, каб было ня больш 15 кiляграмаў, i прапускаем. Вось i ўсё. Пакуль распараджэньня на забарону няма".

Такое распарадженьне, паводле словаў кiраўнiка памежнай вэтэрынарнай службы, мусiць прымацца толькi ў Менску.

На берасьцейскiм калгасным рынку сёньня таксама не адчувалася зьменаў у гандлi мяснымi вырабамi. Прадпрымальнiкi, якiя займаюцца продажам мяса ды каўбасаў, завезеных з Польшчы, сьцвярджаюць, што iх ня тычыцца праблема шаленства кароваў у гэтай краiне. Прадпрымальнiкi гавораць, што ўсе яны маюць неабходныя сэртыфікаты, а якасьць тавару на рынках i ў крамах рэгулярна кантралююць санiтарна-эпiдэмiялягiчныя i вэтэрынарныя службы.

Ня бачыць сур'ёзных праблемаў у сувязi з паведамленьнямi з Польшчы i галоўны вэтэрынарны лекар Берасьцейскай вобласьцi Аляксандар Гарбуз. Паводле ягоных словаў, яшчэ ў красавiку Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчаваньня фактычна забаранiла ўвоз мясных вырабаў з-за мяжы, каб падтрымаць беларускiх сельгасвытворцаў.

Але спадар Гарбуз пагадзiўся, што найбольшую небясьпеку ўяўляе так званы неарганiзаваны гандаль. Асобы, якiя прыватным чынам закупляюць ялавiчыну ды iншыя мясныя вырабы ў Польшчы, потым, ня маючы адпаведнага дазволу, рэалiзуюць гэты тавар на Беларусi. За апошнi час такi гандаль набывае папулярнасьць у першую чаргу з-за нiзкiх коштаў на мясныя вырабы. Пакупнiкi часьцей за ўсё ўвогуле не пытаюцца, адкуль паходзiць таннае сала цi каўбаса.

Аляксандар Гарбуз лiчыць, што змагацца з гэтай праблемай павiнны не вэтэрынары, а мiлiцыя. Аднак вынiкi гэтай барацьбы пакуль не даюць нiякiх гарантыяў, што на беларуска-польскай мяжы можна будзе стварыць эфэктыўную заслону супраць увозу падазронага мяса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG