Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАДУ БЕЛАРУСІ ПАКУЛЬ НЕ ЎДАЛОСЯ ЗЬНЯЦЬ ПАГРОЗУ САНКЦЫЯЎ З БОКУ “ГАЗПРАМУ”


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміў Уладзімер Шымаў, "Газпрам" пакуль ня ажыцьцявіў сваёй пагрозы:

(Шымаў: ) "Што да 30-працэнтнай санкцыі, то гэтая санкцыя пакуль ня ўведзеная. Вядуцца перамовы. Мы робім канкрэтныя крокі для таго, каб паменшыць нашую запазычанасьць "Газпраму".

Пра магчымасьць санкцыяў "Газпрам" абвясьціў два тыдні таму. Ён даслаў тэлеграму старшыні ўраду Навіцкаму пра неабходнасьць тэрміновага пагашэньня Менскам запазычанасьцяў, якія растуць сёлета імклівымі тэмпамі. За першы квартал доўг Беларусі павялічыўся на 42 мільёны даляраў. Усяго ж беларускі ўрад, паводле інфармаваных крыніцаў, завінаваціўся "Газпраму" 230 мільёнаў.

Неплацяжы, як вынікае з тлумачэньня Ўладзімера Шымава, сталі вынікам фінансавых цяжкасьцяў краіны. Улады спадзяюцца зьліквідаваць іх, у прыватнасьці, за кошт новых цэнаў на газ. 1 траўня набыло моц беларуска-расейскае пагадненьне, паводле якога 1000 кубамэтраў расейскага газу будзе каштаваць крыху больш як 21 даляр. Гэта ў паўтара разу ніжэй за ранейшы кошт. Як вядома, Аляксандар Лукашэнка 12 красавіка дамогся цэнавых прэфэрэнцыяў, пасьля таго як паабяцаў Уладзімеру Пуціну даць гэтыя прэфэрэнцыі непасрэдным вытворцам—прадпрыемствам Беларусі. Між тым, як вынікае зь сёньняшняга тлумачэньня міністра эканомікі, паліва за новыя цэны будуць набываць далёка ня ўсе прадпрыемствы:

(Шымаў: ) "Робім выбарку па ўсіх канцэрнах і міністэрствах і для тых прадпрыемстваў, дзе прадукцыя дарагая за кошт высокіх тарыфаў на энэргію, дамо большае паслабленьне. Гэтая схема цяпер ў распрацоўцы".

Такім чынам, у тарыфнай палітыцы будзе працягвацца ранейшая практыка. Ільготы атрымаюць толькі тыя, каго захоча заахвоціць улада. Ніякіх роўных умоваў гаспадараньня для беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў урад Беларусі не зьбіраецца забясьпечваць. Вось як пракамэнтаваў гэтую палітыку нашаму Радыё прэзыдэнт Асацыяцыі спрыяньня эканамічнаму разьвіцьцю Васіль Шлындзікаў:

(Шлындзікаў: ) "Гэтая расейская датацыя пойдзе на цыраваньне бюджэтных "дзірак", якіх зараз больш чым дастаткова. У Менску і іншых гарадох Беларусі расейскія тавары, найперш харчовыя, ўжо фактычна выцясьнілі беларускія. А вось нашыя тавары туды не трапляюць, таму што яны неканкурэнтаздольныя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG