Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПЫНЯЕ ІСНАВАНЬНЕ АДНА З НАЙСТАРЭЙШЫХ БЕЛАРУСКІХ ГАЗЭТАЎ — "ЧЫРВОНАЯ ЗМЕНА"


Ігар Карней, Менск

Калі летась у красавіку супрацоўнікі "Чырвонай змены" адзначалі 80-годзьдзе газэты, ніхто ня думаў, што гэта — апошні юбілей. Зараз у многіх журналістаў на дзявятым паверсе Дома друку стан, блізкі да шоку.

Напярэдадні, у не найлепшы час, газэту пакінуў галоўны рэдактар Алесь Карлюкевіч. Выканаўца абавязкаў кіраўніка Вольга Шаўко яшчэ спадзяецца на станоўчыя зьмены, бо ніякіх папераў з уладных кабінэтаў не атрымлівала.

(Шаўко: ) "Я працую ў якасьці першага намесьніка толькі тры дні, і наўрад ці што магу пракамэнтаваць, бо ніякіх папераў зь Міністэрства інфармацыі няма. Трэба пытацца, відаць, у міністэрстве ды ў нашага заснавальніка".

Яшчэ на пачатку году кіраўніцтва "Чырвонай змены" было пастаўленае перад фактам стварэньня гольдынгу на базе газэты "Звязда". Тады здавалася, што гэта — далёкая пэрспэктыва, але сьледам прыйшла папера зь Міністэрства інфармацыі з патрабаваньнем скараціць штат рэдакцыі на 20%. Зараз ужо відавочна, што з астатніх шасьці дзясяткаў супрацоўнікаў у гольдынгу знойдзецца месца ад сілы дзясятку.

Былы рэдактар "Чырвонкі" Алесь Карлюкевіч, які працаўладкаваўся ў "Народнай газеце", былым калегам спачувае, але ад праблемы, падобна, ужо дыстанцыяваўся.

(Карлюкевіч: ) "Зараз я ніякага дачыненьня да "Чырвонай змены" ня маю. Я звольнены па ўзаемнай згодзе маёй і Міністэрства інфармацыі; можна сказаць, што па ўласным жаданьні. Я прасіў бы да мяне асабіста не зьвяртацца, бо ня маю да гэтай гісторыі ніякага дачыненьня".

(Карэспандэнт: ) "А наагул вам не шкада, што "Чырвоная змена" фактычна сыходзіць з арэны беларускай прэсы?"

(Карлюкевіч: ) "Безумоўна, шкада, але пакуль ёсьць варыянты. Я так разумею, што назва выданьня захаваецца".

(Карэспандэнт: ) "...але ў абрэзаным варыянце".

(Карлюкевіч: ) "Ня ведаю, я ўжо дэталяў ня ведаю".

Заснавальнік "Чырвонай змены" — Беларускі саюз моладзі. У спадчыну ад выданьня ён атрымаў 60 мільёнаў рублёў запазычанасьцяў па неаплачаных рахунках. Але адмаўляцца ад удзелу ў далейшым лёсе газэты кіраўніцтва саюзу пакуль не зьбіраецца. Гаворыць першы сакратар Цэнтральнага камітэту БСМ Ала Данілава:

(Карэспандэнт: ) "Ці плянуеце вы ўдзельнічаць у лёсе "Чырвонай зьмены", калі яна стане дадаткам да "Звязды"?

(Данілава: ) "Так. Учора адбыўся пленум ЦК, дзе мы вырашылі, што Саюз па-ранейшаму застаецца заснавальнікам "Чырвонай змены". Сустракаліся з кіраўніцтвам "Звязды". Размаўлялі, як рэарганізаваць выданьне ў цяперашніх эканамічных умовах, бо ёсьць фінансавыя цяжкасьці".

(Карэспандэнт: ) "Фармат самой газэты абмяркоўваўся? Гэта будзе дадатак, укладка, спэцвыпуск?"

(Данілава: ) "Мы прапануем, каб гэта быў самастойны дадатак з падпісным індэксам, але многае залежыць ад эканамічных умоваў— ад таго, якое рашэньне прыме Міністэрства інфармацыі што да датацыі. Калі гэта будзе дадатак, то можна меркаваць, што кожны тыдзень будуць выходіць 24 паласы. Калі іншы варыянт, то хутчэй, у кожным нумары "Звязды" з лягатыпам "Чырвонай змены" можа выходзіць чатырохпалосьнік фармату А-2 — газэта ў газэце".

Калі "Чырвоная змена" насамрэч ператворыцца толькі ў дадатак і спыніць самастойнае існаваньне, адзінай агульнанацыянальнай дзяржаўнай беларускамоўнай газэтай у краіне застанецца "Звязда".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG