Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАПРАСІЎШЫ НА ПЕРАДАЧУ ЯЎГЕНА КРЫЖАНОЎСКАГА, ЖУРНАЛІСТ ЯЎГЕН АГУРЦОЎ СТРАЦІЎ ПРАЦУ НА ДЗЯРЖАЎНЫМ РАДЫЁ


Уладзімер Глод, Менск

Літаратурна-гумарыстычная перадача "Кава на траіх" выходзіла на Беларускім радыё амаль кожную суботу цягам двух гадоў і мела высокі рэйтынг. І раптам кіраўніцтва дзяржаўнага радыё вырашыла адмовіцца ад паслугаў вядучага праграмы. Афіцыйная прычына адмовы — неабходнасьць мець на дзяржаўным радыё як мага больш беларускамоўных перадач. А "Кава на траіх" звычайна вялася па-расейску.

Але Яўген Агурцоў лічыць, што сапраўдная прычына іншая. Чамусьці зь ім вырашылі спыніць супрацоўніцтва адразу пасьля гісторыі з галоўным рэжысэрам тэатру гумару і сатыры "Хрыстафор" Яўгенам Крыжаноўскім, пра якую Радыё Свабода распавядала 14 сакавіка.

Тады Яўген Агурцоў запрасіў былога прэтэндэнта на кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Яўгена Крыжаноўскага для ўдзелу ў сваёй перадачы, але радыйнае кіраўніцтва адмовілася выпісваць Крыжаноўскаму пропуск. А Яўгену Агурцову прапанавалі тэрмінова знайсьці іншага суразмоўцу. Вядучы адмовіўся так зрабіць. Яшчэ тады Яўген Агурцоў выказаў думку, што і яго сьледам за спадаром Крыжаноўскім папросяць не зьяўляцца на Беларускім дзяржаўным радыё. Ягоны прагноз спраўдзіўся.

Яўген Крыжаноўскі наступным чынам камэнтуе сытуацыю:

(Крыжаноўскі: ) "Усё гэта адначасова і сумна, і сьмешна. Актор, які зрабіў маленькі-маленькі крок у вялікую палітыку (я хачу падкрэсьліць — ня маючы ніякага дачыненьня да апазыцыі), аб'яўляецца пэрсонай нон-грата і на радыё, і на тэлебачаньні, як вораг народу. А за час ад пачатку выбараў і да сёньня ніводная дзяржаўная газэта не ўзяла ў мяне інтэрвію, нават на тэатральную альбо эстрадную тэму.

Але больш за ўсё мне шкада спадара Агурцова Яўгена, які вёў праграму "Кава на траіх". На маю думку, гэта зроблена з прычыны таго, што ён надрукаваў у газэце "День" артыкул пра тое, што мяне не пусьцілі на ягоную праграму. І гэта было як бы кропкай у ягонай радыйнай кар’еры".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG