Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫЧАЎЦЫ ДУМАЮЦЬ УШАНАВАЦЬ ПАМЯЦЬ ПАЛІТРЭПРЭСАВАНЫХ


Аляксандар Сердзюкоў, Крычаў

Крычаўскія арганізацыі дэмакратычных партый і грамадзкія аб’яднаньні стварылі грамадзянскі камітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у 1930-50 гады.

Фронтаўцы, сацыял-дэмакраты і лібэралы Крычава выступілі з гэтай ініцыятывай пасьля таго, як атрымалі ў мясцовым музэі сьпісы 730 рэпрэсаваных. Іх падтрымалі праваабаронцы, прадстаўнікі Кантакт-цэнтру, Гуманітарнай ініцыятывы і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў.

На сустаршыняў камітэту абралі кіраўнікоў філіяў трох уплывовых дэмакратычных партыяў: Уладзімера Кудраўцава, Лявона Сьвеціка і Сяргея Няроўнага. Яны прапанавалі ўладам вывесіць на краме ў цэнтры Крычава мэмарыяльную дошку з прозьвішчамі рэпрэсаваных. Менавіта ў гэтым месцы даўней месьціўся пастарунак, празь які праходзілі ахвяры палітычных рэпрэсіяў. Як паведаміў адзін з сустаршыняў камітэту Лявон Сьвецік, паставіць помнік яны ня могуць з прычыны абмежаванасьці сродкаў.

Пакуль што грамадзянскі камітэт празь незалежныя газэты зьвярнуўся да жыхароў гораду з просьбай паведаміць прозьвішчы не вядомых да гэтага часу палітрэпрасаваных і ахвяраваць грошы на выраб мэмарыяльнай дошкі. Пасьля ўдакладненьня зьвестак пра ахвяраў рэпрэсіяў заява будзе накіраваная ў райвыканкам.

Калі ўлады адмовяць ува ўшанаваньні памяці рэпрэсаваных, прадстаўнікі гэтай грамадзкай ініцыятывы зьбіраюцца зьвярнуцца з адпаведнай просьбай да сьвятароў Крычаўскай царквы.

Паводле інфармацыі сустаршыняў, у горадзе ёсьць месца масавых расстрэлаў. А каб пацьвердзіць ягонае існаваньне, яны мяркуюць зьвярнуцца да менскіх гісторыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG