Нумар “Пагоні” з публікацыяй Паўла Мажэйкі арыштавалі ў друкарні напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, таму ён не распаўсюджваўся. Але сьледчы спасылаецца на распаўсюд матэрыялаў нумару ў інтэрнэце.
На пачатку мінулага верасьня пракуратура распачала крымінальную справу адносна самога факту зьмяшчэньня ў газэце публікацыі з паклёпам. І журналіст “Пагоні”, і яе рэдактар спачатку зьяўляліся сьведкамі па гэтай справе. Але цяпер сытуацыя зьмянілася. Гаворыць Павал Мажэйка:
(Мажэйка: ) “Сёньня я быў у 11 гадзінаў выкліканы сьледчым абласной пракуратуры Алегам Кулевічам на допыт. І мне было прад’яўленае абвінавачаньне па артыкуле 367, 2-я частка, Крымінальнага кодэксу. Паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтым абвінавачаньні пазначана, што я сваім артыкулам “Ідзем на выбары” ў перадвыбарчым нумары “Пагоні” абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў забойстве”.
У пракурорскай пастанове гаворыцца, што паклёп спалучаны з абвінавачаньнем у зьдзяйсьненьні асабліва цяжкага злачынства. І дзеля пацьверджаньня прыводзіцца наступная цытата з газэты: “Ці, у рэшце рэшт, можа быць вартым народнай падтрымкі чалавек, які змагаецца са сваімі апанэнтамі, забіваючы іх”.
Сьледчы паведаміў Паўлу Мажэйку, што 25-га лютага азнаёміць яго з матэрыяламі крымінальнай справы. А сёньня журналіст даў падпіску пра нявыезд.