Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДБУДЗЕЦЦА ПРАФСАЮЗНАЯ АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ 5 САКАВІКА?


Міхал Стэльмак, Менск

Ініцыятарам сёньняшняй нарады стала кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў. 31 студзеня прэзыдыюм Фэдэрацыі зьвярнуўся з прапановай правесьці 5 сакавіка агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту супраць урадавай пастановы, якая забараніла безнаяўны збор прафсаюзных складак.

Цягам двух тыдняў у працоўных калектывах высьвятлялася рэакцыя на зварот прафсаюзнага кіраўніцтва. І вось сёньня нарада мусіць адказаць на пытаньне: ці гатовыя людзі ўдзельнічаць у акцыі?

Ці падтрымаюць акцыю рабочыя Менскага падшыпнікавага заводу — з такім пытаньнем я зьвярнуўся да ўдзельніка нарады старшыні прафсаюзнага камітэту прадпрыемства Ўладзімера Лазоўскага:

(Лазоўскі: ) “Мы рыхтуемся да гэтай акцыі. І шмат якія людзі, якія раней не хадзілі на мітынгі, гатовыя пайсьці на іх менавіта пад такімі лёзунгамі. Яны кажуць, што пастанову трэба адмяняць. Яны хочуць, каб праводзіўся безнаяўны збор складак”.

Аднак гэткі настрой далёка не ва ўсіх прафсаюзных суполках. Напрыклад, сябры Фэдэрацыі менскага заводу “Атлянт”, паводле словаў прафсаюзнага лідэра гэтага прадпрыемства Валерыя Мікалаенкі, ставяцца да акцыі без запалу.

Супярэчлівая сытуацыя і ў працоўных калектывах бюджэтнай сфэры. Напрыклад, ці маюць намер браць удзел у заплянаванай акцыі менскія настаўнікі? Вось як на гэтае пытаньне адказаў лідэр сталічнай арганізацыі прафсаюзу адукацыі Анатоль Паўлаў:

(Паўлаў: ) “У мяне быў учора пашыраны прэзыдыюм гаркаму — мы якраз гэтае пытаньне разглядалі. Шчыра кажучы, інтэлігенцыя ніколі нічога не вырашала. Застрэльшчыкамі павінны быць прафсаюзы прамыслоўцаў. Мы самым актыўным чынам акцыю падтрымаем. Я ў гэтым пытаньні ўчора атрымаў падтрымку і нашых райкамаў. І старшыняў прафкамаў, і студэнтаў. Калі нават выйдзе наш актыў, то гэта будзе каля 4 тысяч чалавек. Але я ўчора гаварыў і тое, што мы страцілі час. Сёньня роўна два месяцы, як выйшла пастанова. Актыўныя дзеяньні павінны былі быць адразу пасьля яе выхаду. Фэдэрацыя ў гэтай сытуацыі выявіла ўсю сваю няздольнасьць актыўна дзейнічаць”, — мяркуе Анатоль Паўлаў, старшыня Менскага прафсаюзу адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG