(Карэспандэнт: ) “Васіль Уладзімеравіч, газэта “Frankfurter Rundschau” паведаміла, што вы 15 красавіка вяртаецеся ў Беларусь. Ці так гэта? Калі не, то якія вашыя пляны?”
(Быкаў: ) “Карэспандэнт той газэты трохі спрасьціў маю праблему. Я хацеў бы вярнуцца, канечне, але не цяпер і не пры гэтых умовах. Справа ў тым, што 15 красавіка сканчаецца тэрмін маёй візы ў Нямеччыне, і натуральна, я думаю, як быць далей. Я ня мог у той гутарцы з карэспандэнтам распавядаць пра ўсе мае меркаваньні на гэты конт, тым больш, што яны даволі няпэўныя. Некаторыя рэчы залежаць ня толькі ад мяне. Пагэтаму адказаў так проста – калі ня будзе тут альтэрнатывы, то я мушу вярнуцца.
Але альтэрнатывы ёсьць, хоць яшчэ даволі няпэўныя. Я проста не магу нічога пра іх сказаць. Тым ня менш, ёсьць некалькі магчымасьцяў, якія высьвятляцца ўвясну, і я прыму канчатковае рашэньне. Усё-ткі маім лёсам тут апекуецца Міжнародны пісьменьніцкі парлямэнт і яшчэ некалкі арганізацыяў. Я думаю, што 15 красавіка вяртацца ў Беларусь мне не прыйдзецца”.
(Карэспандэнт: ) “І другое пытаньне, якое бясспрэчна цікавіць нашых слухачоў, над чым вы зараз працуеце?”
(Быкаў: ) “Зараз я працую над аўтабіяграфічнай кнігай. Гэта ўвогуле, канечне, мэмуарны жанар. Я хачу распрацаваць некаторыя моманты маёй аўтабіяграфіі, магчыма асэнсаваць сябе самога, і можа што-небудзь з гэтага будзе надрукавана… зь цягам часу, не цяпер, дык пасьля”.