Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ СКАРЫЛІ ГАНКОНГ ДЫ СЫНГАПУР


Ігар Карней, Менск

Дзьмітрыю Лыскаўцу 26 гадоў, зь іх 20 ён займаецца скачкамі ў ваду з трампліна. Але, нават маючы званьне майстра спорту, будаваць спартовую кар'еру дома лічыць бяссэнсоўным, бо скачкі ў ваду ніколі не былі моцным бокам беларускага спорту. Два гады таму на ўласную рызыку падаўся ў Эўропу. Пасьля доўгіх пошукаў пастукаўся ў дзверы да францускай фірмы, якая набірала скакуноў для выступаў у аквапарках. Даспадобы прыйшоўся адразу ж. Некаторы час працаваў у Францыі, а потым прапанавалі ад'ехаць у Ганконг. Такім чынам, ён, напэўна, стаў першым беларусам, хто пачаў працаваць там легальна.

(Лыскавец: ) "Дагэтуль пра Беларусь тут ня ведалі нічога, але цяпер пакрысе пачынаюць разумець. Мяне спачатку дык наагул абвяшчалі як скакуна "з Адэсы". Слова “Менск” для іх нічога не значыла; Адэса, пэўна, таксама, бо прыраўновалася да краіны. Я доўга дараваў ім гэтую недалёкасьць, пакуль аднойчы не падбег адзін хлопец і не пачаў пытаць: зямляк, дзе жыў у Адэсе, на якой вуліцы? Я й кажу: не з Адэсы я, проста чамусьці так прадстаўляюць. А потым падышоў да вядучай шоў і сказаў: “калі ласка, аб'яўляйце мяне толькі зь Менску, зь Беларусі”. Яна знайшла празь інтэрнэт нашу краіну і паабяцала, што так і будзе. Ды й мы пры любым зручным выпадку ўсім кажам: "Мы зь Беларусі."

Каманда, у якой давялося працаваць, была інтэрнацыянальная. Працавалі амэрыканцы, ангельцы, бразыльцы, украінцы. Потым прыехалі яшчэ тры хлопцы зь Менску. І здарылася амаль неверагоднае: заходнікі ня вытрымалі канкурэнцыі. Рызыкоўных нумароў спартоўцаў з былога Саюзу, што ў літаральным сэнсе былі на мяжы фолу, яны не разумелі. Публіцы ж якраз экстрым і падабаўся: вольнае падзеньне з 25-мэтровай вышкі, ды яшчэ ўчапіўшыся адзін у аднаго — гэта, пэўна, уражвае. Што хаваецца насамрэч за кулісамі зьнешне вясёлага шоў?

(Лыскавец: ) "Па-першае, траўматызм. Ды ўсё, што заўгодна. Калі працавалі ў Сынгапуры, дык наагул басэйн лопнуў. Гэта добра, што ўжо пасьля працы. Чатыры чалавекі былі ўнутры, і нас проста выкінула разам з вадой. А так можа здарыцца ўсё: з большай вышыні скачуць толькі на прафэсійных спаборніцтвах па "хайдэю" — там 29 мэтраў. Апроч скакуноў, такую вышыню могуць паспрабаваць можа толькі батутысты й гімнасты. Астатнім проста не раю. Крыху адхіленае ўбок цела, наперад — ідзе моцны ўдар; элемэнтарна можна пацягнуць, парваць цягліцу".

Дзьмітры кажа, што скачкі любой складанасьці для яго не выклікаюць асаблівых цяжкасьцяў, бо гэта — звычайная праца. Але часам небясьпекі чакаеш зь іншага боку: лезеш малпай на 25-мэтровую вышыню й гадаеш: ці не разваліцца дастаткова хісткая канструкцыя? Гляджу на здымкі, якія Дзьмітры ў якасьці доказу дэманструе: сапраўды, мэталічная вышка больш нагадвае нейкае не зусім трывалае павуціньне. Але ўсё кампэнсуецца іншым: сам Ганконг выклікае толькі станоўчыя эмоцыі.

(Лыскавец: ) "Ганконг вельмі жывы горад. Ёсьць усё: галоўнае грошыкі давай. Сынгапур у гэтым сэнсе больш спакойны, таму што там вельмі многа забаронена: нават жуйкі нельга жаваць. І мусульманаў вельмі шмат. Да нас ставіліся вельмі добра. Паціскаюць рукі, кітайцы асабліва любяць разам фатаграфавацца. У Сынгапуры пазнавалі людзі, якія прыяжджалі сюды адпачываць з Ганконгу, маўляў, бачылі вас. Двойчы прыемна. Але Ганконг нашмат цікавейшы для беларуса: гэта як іншая цывілізацыя. Усё, што ў сьвеце зьяўляецца новае — адразу ж там. Можна было б дазволіць сабе ўсё, але хацелася крыху грошай адкласьці. Але я заўважыў: у Беларусі грошы ляцяць з такой жа хуткасьцю, як і там".

Гэтай працай Дзьмітры Лыскавец займаецца ўжо больш за два гады. У Менск наведваецца толькі ў міжсэзоньне, каб пабыць з бацькамі. Пытаюся: якія ўражаньні ад сустрэчы з Радзімай пасьля экзатычных мясьцінаў?

(Лыскавец: ) "Першы раз былі вельмі непрыемныя ўражаньні: будынкі малыя, усё шэрае, бо звычайна прыяжджаеш зімой. Усе людзі нейкія аднолькавыя, злыя, заклапочаныя. А там цёпла, усе ў рознакаляровым адзеньні. У нас адзін толькі тон — шэры. Але потым ужо рыхтаваўся загадзя — еду дадому. І адразу аўтаматычна робішся такім жа. Чым болей часу мінае, тым часьцей даймае настальгія, пастаянна ўспаміны прыходзяць".

Калі Дзьмітры ўжо прыехаў у Менск, стала вядома, што шоў у Ганконгу па невядомых прычынах закрылі. Але жаданьне скараць геаграфічныя шыроты ад гэтага ня зьменьшылася. Ён упэўнены, што са сваёй рэдкай прафэсіяй без працы не застанецца. Шкада толькі, што не ў сваёй краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG