Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ АРГЕНТЫНЫ Ў ЧАС ВЫПРАБАВАНЬНЯЎ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Страсак Люба , Страсак Вольга, Мікулік Мігель

Востры эканамічны крызіс, які апанаваў сёньня адну з буйнейшых лацінаамэрыканскіх краінаў – Аргентыну, абудзіў цікавасьць да яе паўсюдна ў сьвеце. Аргентына – краіна эмігрантаў, моцнымі крэўнымі сувязямі яна зьвязаная з многімі дзяржавамі, адкуль калісьці выехалі многія зь ейных цяперашніх грамадзянаў. Да гэтага шэрагу краінаў належыць і Беларусь. Там знайшла прытулак хваля працоўнай эміграцыі з Заходняй Беларусі міжваеннага пэрыяду.
Выгнанцы стварылі на чужыне шэраг беларускіх клюбаў, якія плённа дзейнічалі да Другой усясьветнай вайны. Але пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу беларускую эміграцыю залічылі да выхадцаў з СССР.

Як сёньня жывуць беларускія эмігранты ў Аргентыне? Наша першая суразмоўца Вольга Страсак з Буэнас-Айрэса. Яна належыць да першага пакаленьня эміграцыі, якое нарадзілася ўжо ў Аргентыне, але праз бацькоў далучанае да традыцыяў сваіх продкаў. Яе маці паходзіць зь Берасьцейшчыны, а бацька – з сям’і чэскіх эмігрантаў. Вольга атрымала адукацыю ў Расеі, мае прафэсію перакладчыка з расейскай мовы.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Вольга, ці існуюць сёньня беларускія аб’яднаньні ў Аргентыне?”

(Страсак: ) “Чыста беларускіх няма. Тыя арганізацыі, да якіх мы належым, былі заснаваныя на пачатку 50-х гадоў. Там усе, хто прыехаў з Савецкага Саюзу – расейцы, украінцы, беларусы. Асноўную колькасьць складаюць эмігранты з Украіны, а потым зь Беларусі. У Аргентыне жывуць прыкладна 200 тысяч этнічных беларусаў. Мы прадаўжаем хадзіць у клюбы, так што мы не раздзяліліся. У асноўным нашы эмігранты жывуць у Буэнас-Айрэсе, у правінцыі Місіёнэс вельмі шмат, у правінцыі Чако, яшчэ ў Бэрысо, у правінцыі Санта-Фэ і ў горадзе Санта-Фэ ды Росарыё.

Пры нашых клюбах працуюць гурткі мастацкай самадзейнасьці, хор і танцы. Займаемся ўкраінскімі і беларускімі танцамі і песьнямі”.

(Карэспандэнт: ) “А ці памятаюць там беларусы сваю мову?“

(Страсак: ) “Памятаюць, канечне, памятаюць. Але, так як яны ўсе разам у клюбах, мова страцілася, ніхто чыста па-украінску, чыста па-расейску, чыста па-беларуску ня можа гаварыць, усё перамешанае, у дадатак усе ўжываюць гішпанскія словы”.

(Карэспандэнт: ) “Сытуацыя зь беларускай мовай у асяродку беларускіх эмігрантаў ў Аргенціне склалася так чынам зусім невыпадкова. Пераважна ўсе яны ніколі не вучыліся па-беларуску, бо ад’ехалі яшчэ ў 30-я гады з Заходняй Беларусі, дзе за гэтак званым польскім часам амаль не было адукацыі па-беларуску. На чужыне, у зьмешаным асяродку саматугам засвоілі расейскую мову на размоўным узроўні. Гэта эмігранты, якія шукалі магчымасьці зарабіць у сьвеце на кавалак хлеба.
Сп. Вольга , а чым у большасьці зарабляюць беларусы на жыцьцё ?”

(Страсак: ) “Працуюць з дрэвам, сталяроў шмат ды іншыя такія працы, або на будаўніцтве працуюць. Многія маюць свае уласныя прыватныя фірмы”.

(Карэспандэнт: ) “Сама Вольга доўгія гады працавала перакладчыцай у фірмах, якія мелі эканамічныя сувязі з Расеяй і іншымі краінамі. Прыкметы сёньняшняга эканамічнага крызісу закранулі яе многа раней, ужо паўтара года як яна страціла працу. Сп Вольга, якая сёньня сітуацыя у краіне, як адчуваецца крызіс?”

(Страсак: ) “Пакуль мы чакаем, што будзе. Ёсьць страх. Спадзяемся, што стане лепш паступова. Але вельмі цяжка пакуль. Тыя, хто працаваў 20 дзён у месяц, цяпер працуюць 15 або 10 дзён. У нас у краіне падаткі вельмі вялікія, вельмі цяжка плаціць, многія не плацяць, не хапае, растуць цэны. Крызіс, пэўна, ужо даўно у краіне, але вельмі хутка усё адбылося, не чакалі, што будзе такі моцны крызіс. Гэтым разам народ паказаў, што ўсе стаміліся ад ўрада і ад гэтай несправядлівасьці. Пачалі выходзіць на вуліцу. Зьбіраюцца суседзі з пустымі рандэлямі і стукаюць па іх. Тыя, што на машынах едуць, кляксонамі гудзяць.Гэта мірныя дэманстрацыі. А калі яшчэ быў прэзыдэнт Дэ Ля Руа, у апошні дзень, то былі сутычкі ня надта мірныя каля будынку ўрада”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца, што ўладам удасца стабілізаваць сітуацыю?”

(Страсак: ) “Яны толькі пачынаюць, гэта будзе вельмі павольна, я думаю. Але, калі народ паказаў, што ён – сіла, то, я мяркую, што ўрад будзе старацца паляпшаць умовы жыцьця, лічыцца з народам. Але трэба чакаць, трэба чакаць. Увесь народ пацярпеў, асабліва тыя, у каго горшыя ўмовы”.

(Карэспандэнт: ) “Маці Вольгі спадарыня Люба Страсак прыехала ў Аргентыну ў 1935 г. з бацькамі – спадарствам Іванюкоў, калі ёй было усяго 3 гады. Яна ўспамінае пра сваіх родных., якія не маглі на чужыне забыць пра сваю Бацькаўшчыну.”

(Страсак Люба: ) “Яны так сумавалі, мама плакала да сьмерці”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Люба наведала Беларусь толькі ў 1993 годзе, калі атрымала запросіны на першы зьезд беларусаў сьвету, ад сустрэчы з Бацькаўшчынай у яе засталіся незабыўныя ўражаньні”.

(Страсак Люба: ) “Вельмі было цікава, як сон быў. Не магу расказаць, што было са мною, як я была. Плакала, радасьць і сьлёзы – ўсё разам. Заўсёды памятаю, уся сям’я там у мяне”.

(Карэспандэнт: ) “А зараз не зьбіраецеся наведаць сваіх родных? “

(Страсак Люба: ) “Няма грошай, тут зусім няма грошай, няма як выехаць адсюль”.

(Карэспандэнт: ) “А раней як Вам жылося?”

(Страсак Люба: ) “Было лепш, была праца, усё было лепш, цяпер вельмі, вельмі цяжка”.

(Карэспандэнт: ) “Трохі лепш пачуваюць сябе тыя беларускія эмігранты , каму удалося раней стварыць трывалую эканамічную базу для жыцьця.

Мігель Мікулік выехаў з бацькамі на чужыну таксама у 1935 годзе, калі яму было 13 гадоў. Сям’я скіравалася напачатку ў Парагвай, але у 1941 годзе пераехала ў Аргентыну, дзе былі больш спрыяльныя ўмовы для працы. Сп. Мікулік стала жыве ў Буэнас-Айрэсе, але зараз пад час летняга адпачынку, бо як вядома там зараз пік лета, жыве ў курортным горадзе Мар дэль Плята, дзе мае сваю кватэру”.

(Мікулік: ) “У Парагваі працавалі на зямлі, ў Аргентыне бацька працаваў на будоўлі. Я на будоўлі працаваў 20 гадоў, потым меў сваю краму, а потым ізноў на будоўлю вярнуўся, зараз - на пэнсіі. У нас зараз сытуацыя ня вельмі зайздросная. Але, для мяне няма праблемы, я – пэнсіянэр, маю нешта іншае. Мае сыны, я маю двух сыноў, маюць свае прадпрыемствы, шыюць боты. Ім не зусім добра. У нас зараз чэкі аплачваюць 180 дзён, многія чэкі вяртаюцца назад, магазіны ім вельмі дрэнна выплачваюць грошы за тавар.

Трэба змагацца. У Аргентыне ўжо некалькі разоў так здаралася, за наша жыцьцё ўжо трэйці раз такое адбываецца, інфляцыя была і іншае. Я зараз у Мар дэль Плята – горад турыстычны, сёньня тут у маім квартале таксама быў пратэст – не выплачваюць заробкі рабочым. Грошы разьбяруць, а потым не выплачваюць і народ маніфестацыі ладзіць, пратэстуе”.

(Карэспандэнт: ) “А як нашы суродзічы, ці многіх закрануў крызіс?”

(Мікулік: ) “Нашы беларусы, украінцы , якія з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны – не зусім дрэнна таму, што ўсе яны больш заможныя”.

(Карэспандэнт: ) “Ці сустракаеце там новых эмігрантаў з Беларусі?”

(Мікулік: ) “Чатырох чалавек у Мар дэль Плята, двое – прыехалі 2 гады назад, адзін – 9 гадоў тут, адзін уладкаваўся добра, іншыя – дрэнна, яны працуюць як рабочыя, гандлююць марозівам”.

(Карэспандэнт: ) “Спадзяецеся, што сытуацыя ў вашай краіне палепшыцца?”

(Мікулік: ) “Надзея заўсёды ёсьць, але пройдзе час, гэта не хутка будзе, некалькі гадоў пройдзе, я так лічу”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Мікулік – адзін з тых, хто клапоціцца і пра культурнае жыцьцё беларусаў, каб яны не забывалі сваіх каранёў”.

(Мікулік: ) “У нас у Буэнас-Айрэсе ёсьць сем клюбаў, тут у Мар Дэль Плято ёсьць таксама клюб, я са сваім сябрам яго арганізаваў. Людзі раскіданыя – адны ў адным канцы гораду, другія ў – другім, таму і зрабілі кожны ў сваім раёне клюб. Калі ёсьць агульнае сьвята, то зьбіраемся ўсе разам. Нашы ўнукі, дзеці ўдзельнічаюць у клюбах – танцы , сьпевы, нашу традыцыю стараемся захаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Мігель Мікулік належыць да старэйшага пакаленьня беларускай эміграцыі ў Аргентыне, якое нарадзілася яшчэ ў Беларусі і якое ўсёй душой цягнулася да Бацькаўшчыны. Менавіта з гэтай краіны многія ягоныя аднагодкі і сябры вярнуліся у 60-я гады на Радзіму ў выніку масавай савецкай прапаганды, што абяцала эмігрантам рай у Савецкім Саюзе. Мы не маглі не спытацца ў сп. Мігеля, ці не зьбіраўся і ён тады ў Беларусь?”

(Мікулік: ) “Думалі, але пасьля не атрымалася, многія сталі вяртацца назад, так мы і не ад’ехалі. Дзеці не былі згодныя, каб ехаць, яны народжаныя ўжо ў Аргентыне. Чатыры параплавы пайшлі ў Адэсу. А потым многія ехалі прыватна празь Італію, іншыя краіны. Прыкладна 15 тысячаў чалавек паехала ў Савецкі Саюз. Многія вярнуліся, ім не падабаўся клімат. Многім ўрад не спадабаўся, законы. Другія прыехалі сюды, а потым паехалі ў Аўстралію, на Кубу”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Мігель, вядома, што беларуская эміграцыя з многіх краінаў старалася нечым дапамагчы Беларусі, скажам, у ліквідацыі наступстваў Чарнобыля, ці рабілася нешта з вашага боку?”

(Мікулік: ) “Мы заўсёды перажывалі за Радзіму, шкадавалі, зьбіралі тут, перасылалі дапамогу, колькі маглі. Нашыя таварыствы стараліся дапамагчы нашым сіратам. Зьбіралі грошы і потым, калі я езьдзіў у 1993 годзе, таксама завёз 1500 даляраў на дапамогу чарнобыльцам”.

(Карэспандэнт: ) “І на завяршэньне нашай размовы мы запыталі ў сп. Мігеля, ці ведаюць пра ягоную Бацькаўшчыну-Беларусь сыны і унукі, ці разумеюць, што гэта асобная краіна. а не частка Расеі?”

(Мікулік: ) “Вядома, ведаюць. Дзеці ведаюць і ўнукі ведаюць, што Беларусь ёсьць асобная, самастойная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG