Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ЗНОЎ УЗЬНІКЛА ПАГРОЗА ВЫСЕЧКІ ЧАСТКІ ДРЭВАЎ


Ганна Соусь, Менск

Раніцай будаўнічыя работы ля Курапатаў аднавіліся. Пачалося будаўніцтва падземнага пераходу. “Катэрпілеры” зь цяжкасьцю прабівалі прамерзлую зямлю. Гэта сталася нечаканасьцю для валанцёраў, бо яны меркавалі, што здолеюць дамовіцца з будаўнікамі, каб падземны пераход быў крыху далей ад Курапатаў.

Гаворыць Аляксей Капэлян:

(Капэлян: ) “Усё раніцай ішло нармалёва, але ж прыехалі магілёўскія будаўнікі. Пачынаюць падымаць прамерзлы слой, каб выкапаць падземны пераход. Раней мы дамаўляліся наконт лесу, што толькі некалькі дрэваў зваліць, бо больш мы не дамо лес секчы. Таксама была дамова, што падземны пераход перанясуць далей да гораду”.

Але спадзяваньні валанцёраў ня спраўдзіліся. Падземны пераход будуецца якраз насупраць ляснога масыву.

Мой суразмоўца, прараб Юры з Магілёва, спадзяецца, што падземны пераход ня стане праблемай, тым больш, што ў выніку людзям стане лягчэй дабірацца да Курапатаў — ня трэба будзе пераходзіць праз дарогу.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі спатрэбіцца часу, каб выкапаць падземны пераход?”

(Спадар Юры: ) “Два дні”.

(Карэспандэнтка: ) “Цяпер так халодна, зямля прамерзла на некалькі мэтраў. Гэта ня будзе перашкаджаць?”

(Спадар Юры: ) “Гэта не прамерзла, а мы так ушчыльнілі”.

(Карэспандэнтка: ) “Якая будзе глыбіня катлавану?”

(Спадар Юры: ) “Да ўзроўню зямлі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як мне падаецца, спачатку трэба зрабіць падземны пераход, а потым ужо класьці дарогу. Чаму атрымалася наадварот — засыпалі, утрамбавалі ўсё, а цяпер робіце пераход?”

(Спадар Юры: ) “Канкрэтнага праекту не было. Чарцяжы спачатку былі адны, ды такія, паводле якіх простакутныя канструкцыі вельмі складана рабіліся, таму пераўзгаднілі на іншыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі зойме часу будаўніцтва самога пераходу?”

(Спадар Юры: ) “Месяц, другі”, — мяркуе прараб Юры.

Сёньня я зьвязалася па тэлефоне з адным з кіраўнікаў рэканструкцыі дарогі на ўчастку ля Курапатаў, дырэктарам Магілёўскага дарожна-будаўнічага ўпраўленьня №14 Яўгенам Казачэнкам. Паводле яго, давядзецца яшчэ высякаць частку дрэваў ляснога масыву.

(Казачэнка: ) “Чатыры сасны перашкаджаюць пешаходнай дарожцы, — тыя, што з краю. Высячэм шэсьць, можа чатыры дрэвы — але ня больш. Пешаходная дарожка будзе ісьці да намёта”.

(Карэспандэнтка: ) “Валанцёры прасілі будаўнікоў, каб падземны пераход перанесьлі крыху далей, і тады б не было патрэбы гэтыя дрэвы высякаць...”

(Казачэнка: ) “Разумееце, гэта не мая кампэтэнцыя, не на маім узроўні вырашаецца”.

(Карэспандэнка: ) “Калі пачнуць высякаць дрэвы?”

(Казачэнка: ) “Зараз гэта не гарыць. Мы можам прыехаць, узгадніць, каб не было гэтых канфліктаў”, — мяркуе дырэктар магілёўскага 14-га дарожна будаўнічага ўпраўленьня Яўген Казачэнка.

Будаўніцтва падземнага пераходу ля Курапатаў будзе працягвацца і выходнымі, і на Каляды.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG