Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мама=мова». Паступіў загад зьняць


Сацыялку пра беларускую мову замянілі на іншыя плякаты
Сацыялку пра беларускую мову замянілі на іншыя плякаты

У Менску зьнялі рэкляму беларускай мовы «Ма-ма=мо-ва». На яе месцы цяпер іншая сацыяльная рэкляма — за разьдзельны збор сьмецьця і супраць паленьня.

Дырэктарка рэклямнай кампаніі «CityLight» Вольга Велікаселец пацьвердзіла, што плякаты «Ма-ма=мо-ва» паступіла распараджэньне зняць:

«Мы выконваем тэхнічныя функцыі. Паступіла замова разьмяшчаць плякаты — разьмяшчаем. Зараз сапраўды ёсьць просьба зьняць — мы здымаем. Гэта тычыцца выключна плякатаў, на якіх на фоне школьнай дошкі напісана „Ма-ма=мо-ва“. Сэрыя „Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?“ застаецца».

Ад якой інстанцыі паступіла распараджэньне, дырэктарка сказаць адмовілася.

Вольга Велікаселец распавяла, што ніякіх камэнтароў да загаду здымаць «маму=мову» кампанія не атрымлівала. Ды гэта і ня дзіўна ў гэтым бізнесе:
Плякат «Маё першае слова» на праспэкце Пераможцаў
Плякат «Маё першае слова» на праспэкце Пераможцаў

«Насамрэч, да сацыяльнай рэклямы вельмі часта бываюць прэтэнзіі, часта паступаюць распараджэньні яе зьняць. Ніякіх законаў, якія б рэгулявалі час дэманстрацыі сацыяльнай рэклямы, у нас няма. Таму плякат можа правісець і 5 гадоў, а могуць і папрасіць зьняць праз 5 дзён. Прычыны могуць быць самыя розныя: ці то колер змрочны, ці то тэлефон чыйсьці не ўказаны, ці слоган не спадабаўся. Проста калі справа тычыцца сацыялкі, то тут адразу зьяўляецца шмат установаў і інстанцыяў, якія могуць нешта пакрытыкаваць».

Плякаты «Ма-ма=мо-ва» і «Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?» друкаваліся на вініле, таму яны могуць выкарыстоўвацца шматразова. Гэта значыць, што калі дэманстрацыйнае месца было выкуплена камэрцыйнай рэклямай, то сацыялка можа «пераехаць» у іншае, альбо вярнуцца на мінулае пасьля сканчэньня аплочанага часу камэрцыйнай рэклямы.
Плякаты „мама=мова“ больш не друкуюцца. Аднак пастанова іх здымаць тычылася толькі гораду Менску

«Дэманстрацыйных месцаў хапае. На тых пляцоўках, дзе на дадзены момант няма аплочанай рэклямы, мы абавязаныя дэманстраваць сацыялку. Калі будзе прастойваць пустое месца, то агенцыя будзе аштрафаваная».

Плякатаў «Ма-ма=мо-ва» першапачаткова было надрукавана менш, чым усіх іншых. Дырэктарка «City Light» тлумачыць гэта тым, што друкаваць цёмны фон складана — могуць атрымацца плямы. Гэты ж змрочны, чорны фон яна называе і ў якасьці магчымай прычыны, чаму плякаты загадалі здымаць.

«Вядома, сэрыя зь беларускімі словамі — больш яркая і прыгожая. Мы працягваем яе друкаваць. Плякаты „мама=мова“ больш не друкуюцца. Аднак пастанова іх здымаць тычылася толькі гораду Менску».

У Горадні пакуль на білбордах застаецца рэкляма «Ма-ма=мова».



Аднак па вуліцы Каліноўскага плякат з надпісам «Маё першае слова «Дзякуй» зьмянілі на рэкляму tut.by.


У фірме «BigBord», якая займаецца разьмяшчэньнем рэклямы ў Горадні , эканаміст фірмы Ірына Суворава патлумачыла , што рэкляму зьмянілі таму, што гэтае месца выкупіў заказчык.

А ў Гомелі рэкляма па-беларуску нават пашырылася. На дадатак да ранейшай сацыяльнай рэклямы пра родную мову на вуліцы Савецкай зьявіліся яшчэ 3 білборды.

Вялікі білборд «Ма-ма = мо-ва. Любiш маму?» зьявіўся на цотным баку вуліцы Савецкай паблізу новага ўнівэрмагу «Гомель». Аналягічны білборд захаваўся і на другім баку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG