Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАНЕЙШАЙ РЭАНІМАЦЫІ "8 КАНАЛУ" ПЕРАШКАДЖАЛІ ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ


Ігар Карней, Менск

29 сьнежня 2000 году праца каналу была спыненая на загад кіраўніцтва дзяржаўнага прадпрыемства “Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі” на той падставе, што частоты кабэльнага каналу адышлі да створанага пад дахам Менгарвыканкаму ТАА “Сталічнае тэлебачаньне”. Аднак тады многія ўбачылі ў гэтым выключна палітычны падтэкст.

Адзін з супрацоўнікаў “8 каналу” ў нефармальнай гутарцы паведаміў, што да самых прэзыдэнцкіх выбараў будучыня каналу заставалася неакрэсьленай. Чыноўнікі непакоіліся, што канал можа стаць трыбунай для апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, бо, паводле падлікаў, тэлесыгнал “8 каналу” трапляў у кватэры да 3,5 мільёнаў чалавек у Менску і вобласьці.

Толькі пасьля таго, як выбары скончыліся і неабходнасьць у палітагітацыі адпала, Міністэрства сувязі нарэшце ўзялося за вырашэньне пытаньня, якое ўпарта і з розных прыдуманых прычынаў адкладвалася цэлы год.

Лёс “8 каналу” вырашаўся па-за працоўным калектывам не аднойчы: у 1995 годзе канал закрылі, западозрыўшы ў палітычнай неляяльнасьці да новай улады.

Летась у сваім тэлесэрыяле на БТ “Тайныя спружыны палітыкі” былы супрацоўнік “8 каналу” і адзін з галоўных тэлеідэолягаў Юры Азаронак наўпрост абвінаваціў “8 канал” у распальваньні грамадзкага супрацьстаяньня паказам стужкі пра савецкага дысыдэнта, аўтара сэрыі антысталінскіх кніг Віктара Суворава.

Але афіцыйна прычына закрыцьця каналу была іншая. Рэспубліканскі радыётэлевізійны перадаючы цэнтар (РТПЦ) рэкамэндаваў Міністэрству сувязі не працягваць з “8-м каналам” дамову “на падставе нерэгуляргнай аплаты паслугаў арэнды перадатчыка”.

Але яшчэ год таму кіраўнік каналу Пётар Чарнаморац сьцьвярджаў, што мае ўсе бугальтарскія дакумэнты, якія пацьвярджаюць адсутнасьць фінансавых запазычанасьцяў перад РТПЦ. І галоўнае: ліцэнзія на права вяшчаньня менавіта на гэтай частаце павінна была скончыцца толькі ў 2004 годзе.

Такім чынам, выкарыстоўваючы звычку гледачоў і шматгадовы досьвед працы амаль шасьці дзясяткаў супрацоўнікаў, зацікаўленыя чыноўнікі прывялі на кабэльнае тэлебачаньне "патрэбных” людзей, ляяльных да цяперашняй улады.

Нягледзячы на старую назву, праграмы “8 каналу” будуць выходзіць на частотах 11-га гарадзкога каналу. Пакуль што праграмы будуць абмежаваныя ў часе — ня болей за тры гадзіны ўвечары, але паступова час вяшчаньня будзе пашырацца. Паказальна, што вяртаецца на кабэльнае тэлебачаньне “8 канал” практычна тым жа самым калектывам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG