Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО ЗЬ БЕЛАРУСКІХ ЛІТАРАТАРАЎ СТАНЕ ЛЯЎРЭАТАМ НОБЭЛЕЎСКАЕ ПРЭМІІ?


Валянціна Аксак, Менск

Пра мажлівасьці беларускіх літаратараў стаць набэліянтамі ў Экспэртызе свабоды гавораць літаратуразнаўца, загадчык аддзелу Інстытуту літаратуры Нацыянальнае Акадэміі навук доктар філялёгіі Міхась Тычына і філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч. Вядзе праграму Валянціна Аксак.

(Аксак: ) "10 сьнежня ў 100-ы раз у Музычнай залі Стакгольму ўручаць Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. За 100 гадоў існаваньня гэтай самай прэстыжнай сьвятовай узнагароды яе атрымлівалі прадстаўнікі многіх краінаў сьвету. Некаторыя краіны, як найбліжэйшыя нашыя суседзі — расейцы і палякі, прыкладам, маюць ужо па 5 такіх прэміяў. Беларусы ж па-ранейшаму ніводнай. Нават намінантаў да апошняга часу ня мелі.

Ці ёсьць гэта сьведчаньнем беднасьці нашае літаратуры? Ці тут справа ў іншых чыньніках?

Я папрашу маіх суразмоўцаў паглядзець на нашае прыгожае пісьменства з пункту гледжаньня ягонай вартасьці. Ці сапраўды ў нас няма чаго прадставіць сьвету і няма за што атрымаць Нобэлеўскую прэмію? Першы слова мае вядомы літаратуразнаўца, загадчык аддзелу Інстытуту літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Міхась Тычына".

(Тычына: ) "Я хачу нагадаць колішняе выказваньне Максіма Гарэцкага. Яшчэ ў 1914-м годзе ён марыў пра тое, каб нарэшце зьявіўся ўсясьветны беларус-пісьменьнік. Ён нават загадаў тэрміны, кажучы, што гэты пісьменьнік мусіць зьявіцца ў першай палове XX-га стагодзьдзя.

Як мы ведаем, гэтага ня здарылася, але той самы Гарэцкі, Кузьма Чорны — яны ўжо маглі прэтэндаваць на гэтую ролю, калі б мелі магчымасьць выказацца напоўніцу. Што датычыцца сёньняшняга дня, то мне здаецца, што мы нарэшце разьвязаліся з пытаньнямі, якія перайшлі да нас яшчэ з XIX-га стагодзьдзя. Гэта значыць, што для нас ўжо такія фармулёўкі набэліянта як "за выяўленьне нацыянальнага характару" — а такія былі ўжо — запозьненыя.

Нейкія іншыя павінны быць крытэры, і мне здаецца, што ў наш час зьявіліся і такія імёны, і такія творы, якія выявілі эстэтычны сэнс таго, што сёньня адбываецца. Таму ў мяне, магчыма, суб'ектыўнае адчуваньне, што мы сасьпелі для таго, каб трапіць у гэтую шчыліну паміж Захадам і Ўсходам, паміж пяцьцю польскімі й пяцьцю расейскімі набэліянтамі".

(Аксак: ) "Якраз тыя, каго мы чытаем вольна. Так, спадар Акудовіч? Я зьвяртаюся да знанага філёзафа, культуроляга ды літаратуразнаўцы Валянціна Акудовіча".

(Акудовіч: ) "Ведаеце, сам факт, што мы зараз абмяркоўваем, вартыя беларусы ці ня вартыя Нобэля, і той факт, што мы ўжо колькі гадоў чакаем, каб прэмію Нобэля атрымаў беларус, кажуць пра тое, што мы ўнутрана перакананыя ў тым, што мы вартыя яе атрымаць. А гэта сьведчыць пра тое, што мы адчуваем высокую вартасьць сваёй літаратуры.

Больш за тое. Калі разбурыліся ўсе заслоны і мы пабачылі нашую літаратуру ў рэальным кантэксьце сусьветнай літаратуры і калі шмат якія выбітныя творы сусьветнай літаратуры пераклаліся на беларускую мову, гэтая перакананасьць, што мы можам рэальна прэтэндаваць і павінны рана ці позна атрымаць Нобэля ў літаратуры — яна сталася натуральнай для нас. У нас ужо, здаецца, і пытаньня не стаіць, вартыя ці ня вартыя. Пытаньне стаіць, чаму мы яшчэ не атрымалі".

(Аксак: ) "Так, цікавае пытаньне: чаму мы дагэтуль не атрымалі Нобэлеўскую прэмію?..

Калі распаўся Савецкі Саюз, то эстонская прэса пісала, што Яан Крос не атрымае ўжо Нобэлеўскую прэмію, хоць ён стаяў у сьпісе, па некаторых зьвестках, на першым месцы, таму што страцілася надзённасьць гэтай прэміі для прадстаўніка Эстоніі — адной з частак вялікай савецкай імпэрыі.

Здаецца, што для Беларусі ў гэтым сэнсе цяперашні час выйгрышны. Беларусь трапіла ў лік краінаў, свабодай уякіх апекуецца сусьветная грамадзкасьць, у тым ліку і культурная грамадзкасьць. І здавалася б, нашыя патэнцыйныя кандыдаты тут маюць нейкую перавагу. А наогул, якія перадумовы таго, каб беларус атрымаў Нобэлеўскую прэмію? Спадар Міхась, калі ласка".

(Тычына: ) "Мне здаецца, што ёсьць, акрамя ўсяго, працэдура і яна даволі складаная. Сама па сабе яна мае сэнс і значэньне. Вядома, што Барыс Пастэрнак атрымаў прэмію пасьля гадоў сямі абмеркаваньня, высоўваньня яго на гэтую прэмію.

Сусьветная грамадзкая эстэтычная думка павінна прывыкнуць да пэўных імёнаў, і павінен быць нейкі стымул, зьнешні, а магчыма і чыста палітычны — у многіх выпадках ён сыграў сваю ролю. І вельмі важна тое, што ў нас ужо загаварылі пра тое, што дзе наш набэліянт? Значыць, мы ўжо сасьпелі. Гэта — доказ абсалютны, бо гавораць пра гэта ня толькі спэцыялісты.

Чаму няма набэліянта? Мне здаецца, што справа ў гэтай самай працэдуры і ў палітычнай сытуацыі. Многа тут складнікаў. Ёсьць і складнік выпадковасьці. Вядома, што ў тым сьпісе ёсьць і сотня тых, каго палякі ў сваёй гісторыі пазначаюць адной зорачкай, дзьвума, пяцьцю — як каньяк".

(Аксак: ) "Цікавае супадзеньне: пяць нобэлеўскіх ляўрэатаў у нашай заходняй суседкі, пяць — ва ўсходняй. А наш кандыдат цяпер стаіць поруч з вугорцам Пэтэрам Эстэргазі. Вугоршчына таксама да гэтага часу ня мае ніводнага нобэлеўскага ляўрэата, аднак Вугоршчына на дзяржаўным узроўні робіць усё магчымае, каб дапамагчы свайму кандыдату атрымаць Нобэлеўскую прэмію.

За дзяржаўны кошт, праз розныя замежныя структуры вугорская літаратура актыўна перакладаецца. Нашая дзяржава нічога для гэтага ня робіць. Толькі-толькі, здаецца, пачынае нешта рабіць. Я маю на ўвазе рашэньне аб выпуску васьмітомніка Васіля Быкава ў беларускім дзяржаўным выдавецтве.

Спадар Акудовіч, на вашую думку, ці іграе важную ролю пазыцыя дзяржавы? Бо можна згадаць і таго ж Буніна, які быў выгнаньнікам. Калі ўручаюць Нобэлеўскія прэміі, то вывешваюць сьцягі краінаў, чые прадстаўнікі становяцца ляўрэатамі. Тады было зробленае выключэньне: ня быў вывешаны ніводзін сьцяг, бо сьцяг СССР Нобэлеўскі камітэт ня мог вывесіць з павагі да Буніна... Дык якая ж роля дзяржавы?"

(Акудовіч: ) "Вельмі складана на гэтае пытаньне адказаць. Калі б нашая дзяржава актыўна ўключылася ў лабіраваньне свайго кандыдата ці не ішло б гэта яму на мінус!

Пра васьмітомнік Быкава. Я не перакананы, што патрэбен васьмітомнік Быкава. Хай бы чатыры тамы выдалі, а за астатнія чатыры грошы аддалі б на пераклад Быкава на ангельскую мову ці на францускую".

(Тычына: ) "Хацеў бы дадаць да сказанага спадаром Валянцінам, што ўмяшальніцтва дзяржавы ў гэтую справу, канечне, патрэбнае, але вынікі гэтага ўмяшальніцтва могуць быць вельмі нечаканыя. Скажам, выпадак з Шолахавым, калі расейцы заказ зьмясьцілі на швэдзкія вэрфі, і гэта сыграла сваю ролю ў тым, што Шолахаў атрымаў прэмію.

І другі выпадак, калі дзяржава перашкаджала атрыманьню прэміі Салжаніцыным, а ён атрымаў усё-такі".

(Аксак: ) "Але паўстае пытаньне: чаму мы так пра гэта турбуемся? Навошта беларусам тая Нобэлеўская прэмія? Калі ласка, спадар Валянцін".

(Акудовіч: ) "Я думаю, што беларусам вельмі патрэбная Нобэлеўская прэмія. Я думаю, што беларусам яна патрэбная значна больш, чым каму-небудзь яшчэ. Паглядзіце, мы маем дзяржаўны сувэрэнітэт, мы маем дзяржаўную незалежнасьць — пры ўсёй умоўнасьці.

Але, каб атрымаць культурны сувэрэнітэт, культурную незалежнасьць, нам патрэбны доказ і ва ўласных вачах і для нашых нядобразычліўцаў, што мы вартыя гэтага культурнага сувэрэнітэту ды гэтай культурнай незалежнасьці. І адзін з крытэраў гэтай вартасьці — Нобэлеўская прэмія.

І таму мне абсалютна нецікава, хто атрымае Нобэля: ці Васіль Быкаў, ці які-небудзь Васіль з-пад Асташкава. Мне, як і любому сьвядома заангажаванаму беларусу ды ўвогуле, як любому жыхару Беларусі, вельмі патрэбен Нобэль".

(Аксак: ) "А вы што пра гэта думаеце, спадар Міхась?"

(Тычына: ) "Я ў дадзеным выпадку ўжыў бы слова "сымбаль". Бо Нобэлеўская прэмія — гэта сымбаль сусьветнага прызнаньня. Вялікая прастора адкрываецца. І праблемы з мовай, і праблемы палітычнай незалежнасьці — усё б гэта адпала само сабой. Больш не спрачаліся б, ці нацыя беларусы, ці ёсьць у іх мова, культура".

(Аксак: ) "А хто пэрсанальна яе атрымае, вам таксама ня так важна?"

(Тычына: ) "У мяне ўсё ж ёсьць свае ўяўленьні, хто ж з нашых сучасных аўтараў варты гэтай высокай прэміі, але я назаву адно імя. Васіль Быкаў. У мяне нават ўжо і характарыстыка такая падрыхтаваная, за што б я яму гэтую прэмію прысудзіў. "За глыбокае выяўленьне беларусінска-ўсясьветнай драмы дзеля сьцьвярджэньня думкі аб прывіднасьці нашага існаваньня".

(Аксак: ) "Спадар Валянцін, я думаю, вы таксама не Васіля з-пад Асташкава назавяце ў якасьці намінанта на Нобэля".

(Акудовіч: ) "Ведаеце, у мяне таксама няма пярэчаньня таму, каб Васіль Быкаў атрымаў Нобэля. Сапраўды, гэты чалавек варты, вартае яго жыцьцё і тым больш яго літаратура.

Але давайце паставім па-іншаму пытаньне. Ці ёсьць яшчэ хто-небудзь? Адзін выпадкова можа зьявіцца, але ў нас сёньня ёсьць цэлая група літаратараў, якія публічна абмяркоўваюцца. Яны, мы лічым, вартыя Нобэля. У гэтай групе ёсьць і кандыдат, які, пры ўмове, што Быкаў не атрымае прэмію, мне бачыцца сапраўды вартым Нобэля — гэта паэт Алесь Разанаў.

Я перакананы, што Алесь Разанаў сёньня адзін з найбуйнейшых эўрапейскіх паэтаў. Думаю, што Эўропа пасьля Эзры Паўнда, пасьля Эліёта, бадай, такой маштабнай паэтычнай фігуры ня мела. Разанаў — паэт сутнасьцяў, Разанаў — паэт вялікіх анталягічных дыскурсаў. Яшчэ раз падкрэсьлю, што, на маю думку, Разанаў варты Нобэля. Больш за тое, сёньня ні ва ўкраінскай паэзіі, ні ў польскай, ні ў расейскай няма фігуры, якая б магла параўнацца з Разанавым".

(Аксак: ) "Гэткім чынам, мы назвалі двух прэтэндэнтаў. Зрэшты, канкураваць яны між сабой ня могуць: гэта абсалютна розныя творцы. Але выстаўленьне двух ці нават болей кандыдатаў ад адной краіны — гэта актыўная праца на пашырэньне іхнай творчасьці ў сьвеце. І гэта практыка ня новая — згадаем зноў жа тых палякаў, калі ў адным сьпісе былі Зьбігнеў Гэрбэрт ды Віслава Шымборска.

А напрыканцы нашай праграмы я зьвяртаюся да нашых слухачоў. Хто, на вашую думку, зь беларускіх літаратараў можа быць Нобэлеўскім ляўрэатам у наступныя гады? Дасылайце імёны сваіх намінантаў на наш адрас: 220005, Менск, паштовая скрынка 111" альбо праз электронную пошту belarus@rferl.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG