Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНЧАРЫК ПАКУЛЬ ЗАСТАНЕЦЦА НА СВАЁЙ ПАСАДЗЕ


Міхал Стэльмак, Менск

Прафсаюзны пленум праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Паводле словаў ягоных удзельнікаў, ён пачаўся выступам Уладзімера Ганчарыка. Старшыня Фэдэрацыі заклікаў прафсаюзных лідэраў абмеркаваць пытаньне пра тое, як выконваюцца рашэньні апошняга прафсаюзнага зьезду.

Аднак частка ўдзельнікаў запатрабавала адстаўкі старшыні Фэдэрацыі. У прыватнасьці, з такой ініцыятывай выступіў старшыня галіновага прафсаюзу работнікаў дзяржаўных установаў Аляксей Забалотны. Як патлумачыў ён нашаму радыё, ідэя адхіленьня Ганчарыка выкліканая канфрантацыяй паміж уладамі й прафсаюзамі.

Такія дачыненьні, паводле ягоных словаў, перашкаджаюць прафсаюзнай дзейнасьці. Спадара Забалотнага падтрымалі некалькі прадстаўнікоў з Магілёўшчыны, Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны. Аднак у парадак дня форуму пытаньне адстаўкі не было ўнесенае. Яго падтрымалі ўсяго сем удзельнікаў. Вось як пракамэнтаваў нашаму радыё сёньняшнія дыскусіі на пленуме старшыня прафкаму торфабрыкетнага заводу "Нёманскі", што ў Стаўпцоўскім раёне, Віктар Сухаверка:

(Карэспандэнт: ) "Ці надзённае для прафсаюзаў кадравае пытаньне, што ўздымалі на пленуме?"

(Сухаверка: ) "Я лічу, што яно на сёньняшні дзень не надзённае. Гэта спантанна атрымліваецца. Такія высновы, якія былі сёньня зробленыя на пленуме, рабіць нельга. Да гэтага трэба рыхтавацца. І вось чаму: каго ставіць? Вось якое пытаньне. Уявім, што Ўладзімер Іванавіч пойдзе з пасады. А кандыдатура на ягонае месца ў нас ёсьць?"

Паводле высноваў Уладзімера Ганчарыка, сёньняшні пленум завершыўся паразай прафсаюзных кансэрватараў:

(Ганчарык: ) "Гэта невялікая група кіраўнікоў абласных камітэтаў. Яна і дагэтуль не была згодная з палітыкай, якую праводзілі калегіяльныя органы Фэдэрацыі. Тое, што кіраўніцтва некалькіх прафсаюзаў (іх чатыры) заняло такую пазыцыю, гэта гаворыць пра тое, што тут жаданьне "ўлавіць", што думае ўлада. Зрабіць прафсаюзы такімі, якія яна хоча бачыць".

(Карэспандэнт: ) "Як адрэагуе на рашэньні пленуму ўлада?"

(Ганчарык: ) "Я мяркую, што кіраўнікам ад улады варта таксама рабіць высновы пра тое, што лепш супрацоўнічаць, калі працягваюць руку. Сапраўды, прафсаюзы гатовыя браць удзел у вырашэньні тых праблемаў, што насьпелі і перасьпелі ў эканоміцы і сацыяльнай сфэры. Вось гэта галоўнае. Але гэта будзе залежаць ад асабістых якасьцяў кожнага гэтага кіраўніка".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG