Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУКОЎЦЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО ПЭРСАНАЛЬНЫЯ НАДБАЎКІ АД ІМЯ ЛУКАШЭНКІ ЗАПАЗЬНІЛІСЯ


Ігар Карней, Менск

Практыка ўсталяваньня індывідуальных заробкаў зьявілася ў Беларусі на пачатку гэтага году. Па чарзе ўлады далі пэрсанальныя надбаўкі некаторым лекарам, акадэмічным навукоўцам і дзеячам культуры — па сотні ў кожнай катэгорыі.

Зараз адмысловым распараджэньнем Лукашэнкі пэрсанальныя надбаўкі далі 99 выкладчыкам і навуковым супрацоўнікам вышэйшых навучальных установаў — па 30 тарыфных ставак першага разраду. На першы погляд, дапамога дастаткова важкая — ажно 400 даляраў, але самі навукоўцы лічаць, што пэрсанальнымі ін'екцыямі такую запушчаную хваробу як "беларуская навука" ўжо ня выправіш. Распавядае дацэнт фізыкі Белдзяржунівэрсытэту Іван Старчанка:

(Старчанка: ) "Як навуковец лічу, што наша навука знаходзіцца на шляху з рэанімацыі ў морг. Усе, хто больш-менш хацеў працаваць, зьехалі за мяжу. А хто ня зьехаў, дык даўно махнуў на навуку рукой".

(Карэспандэнт: ) "Ці гэтыя 30 тарыфных ставак могуць затрымаць навукоўцаў у Беларусі?"

(Старчанка: ) "Для таго, хто іх атрымае, безумоўна, нейкі плюс ёсьць — хоць калі чалавек наважваецца зьехаць за мяжу, то гэтыя 30 ставак яго ніяк не затрымаюць. Хто ня мае магчымасьці працаваць па-за межамі краіны — для іх, вядома, гэта адчувальная прыбаўка. Бо амаль усе выкладчыкі, навукоўцы жывуць па-жабрацку".

Сярэдні заробак у выкладчыкаў сыстэмы вышэйшай адукацыі зараз складае 120 тысяч рублёў. Гэта значна меней, чым у многіх рабочых і параўнальны толькі з аплатай мэдыкаў. Адпаведна, любое матэрыяльнае заахвочваньне прымаецца з удзячнасьцю. Але ці выратуе агульную сытуацыю схема пэрсанальных заахвочваньняў? Пытаюся ў дацэнта Старчанкі, ці ёсьць сэнс у такіх надбаўках?

(Старчанка: ) "За нейкія выдатныя дасягненьні стымуляваць трэба. Я памятаю, раней ва ўнівэрсытэце так рабілася: давалі пэрсанальныя надбаўкі — але тым людзям, якія найбольш плённа працуюць. У гэтым быў сэнс. Але на ўзроўні кіраўніцтва краіны? — я ня ведаю, ці варта гэта рабіць ад імя прэзыдэнта.

Шчыра кажучы, навуку, якая ёсьць у Беларусі, дзяржава пракарміць ня можа (я маю на ўвазе патэнцыял НДІ, ВНУ). Зразумела, што паступова ўсялякая дзяржаўная дапамога скароціцца да ўзроўню, які краіна зможа пацягнуць — да мінімуму. Толькі ў багатых краінах як Нямеччына, ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія навука можа існаваць стала .

(Карэспандэнт: ) "Але прасьвет нейкі ёсьць?"

(Старчанка: ) "Я думаю, што не. Паколькі мы ў псыхалягічным пляне адсталі даволі значна, то ўся навукаёмістая вытворчасьць ужо нікому не спатрэбіцца. Застануцца тэарэтычныя аспэкты, якія не патрабуюць значных укладаньняў і якімі займаюцца пераважна ўнівэрсытэцкія выкладчыкі. А прыкладная навука ў асноўным зьнікне".

Яшчэ адзін навуковец, якому я патэлефанаваў, наогул быў радыкальны ў высновах. Ён заявіў, што дапамагаць у беларускай навуцы ўжо не засталося каму: вышэйшая школа разваленая, найлепшыя мазгі даўно працуюць дзеля дабрабыту іншых краінаў.

Да таго ж мой суразмоўца зьвярнуў увагу на некаторыя прозьвішчы тых, хто заслужыў прыбаўку да заробку. Гэта рэктар Віцебскага ўнівэрсытэту, былы ідэоляг ЦК КПБ Русецкі, дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук прафэсар Зелянкоў, рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту прафэсар Жаваранак, што прыйшоў на зьмену Юрыю Бандажэўскаму і шэраг іншых. Усе — надзвычай ляяльныя да цяперашняй улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG