Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД ПЛЯНУЕ РЭЗКАЕ СКАРАЧЭНЬНЕ КОЛЬКАСЬЦІ ІЛЬГОТНІКАЎ. АДМЫСЛОЎЦЫ З ГЭТЫМ НЯ ЗГОДНЫЯ


Ігар Карней, Менск

Але насуперак гэтаму адмыслоўцы кажуць, што трэба скарачаць не асобныя катэгорыі грамадзянаў, якія карыстаюцца льготамі, а самі льготы.

У Міністэрстве працы заяву міністра пракамэнтавалі дастаткова суха. Вось што сказала адна з дарадцаў спадарыні Моравай Надзея Ягорава:

(Ягорава: ) "Будзе праводзіцца праца па ўпарадкаваньню льготаў. Створым працоўную групу, будуць выпрацоўвацца прапановы, як пераводзіць людзей да той ці іншай формы. Для кагосьці льготы будуць захаваныя. Натуральна, гэта пэрспэктыва не аднаго году. Пілёт будзе запушчаны напачатку 2002 году. Канцэпцыю абмяркуем. Пакуль плянуецца пакінуць тры вялікія групы ў залежнасьці ад ацэнкі патрэбы: вэтэраны, інваліды, іншыя. Гэта ж вялікая праблема, так проста ня скажаш".

Блізу шасьці мільёнаў грамадзянаў Беларусі — практычна 60% ад усяго насельніцтва — карыстаюцца зараз дзяржаўнымі льготамі. Экспэрты бачаць вытокі зьяўленьня такой колькасьці сацыяльных утрыманцаў толькі ў адным: пакуль дзяржава ня ў стане даць нармальны заробак, пэнсіі, стыпэндыі, страты насельніцтва імкнуцца кампэнсаваць шляхам ільготаў. Але ў выніку льготнікаў стала так шмат, што дзяржава ўжо ня можа іх пракарміць.

Зараз выдаткі на сацыяльнае забесьпячэньне дзьвюх соцень розных катэгорыяў ільготнікаў складаюць 14% ад сукупнага ўнутранага прадукту, што для краіны зь пераходнай эканомікай надзвычай шмат. Былы міністар працы эканаміст Аляксандар Сасноў кажа, што мінімізацыя льготаў патрэбная, але ніякага рэальнага мэханізму дзеля гэтага няма.

(Сасноў: ) "Патрэбна, каб быў абумоўлены мэханізм кампэнсацыі для тых, хто зараз атрымлівае льготы. Дзеля гэтага дзяржаўныя выдаткі, якія ня маюць відавочнай патрэбы (прыкладам, на лядовыя палацы) накіроўваць на вырашэньне менавіта гэтага пытаньня. Альбо пераарыентаваць грошы, якія атрымлівае ўпраўленьне справамі прэзыдэнта ад арэнды захопленых памяшканьняў. Тэарэтычна ёсьць сродкі дзеля вырашэньня праблемы".

Запытваю, ці ня варта чакаць сацыяльных хваляваньняў, калі мільёны людзей апынуцца безь дзяржаўных датацыяў?

(Сасноў: ) "Урад і асабіста Лукашэнка на дзеяньні, якія прывядуць да выбуху, ня пойдуць. Усё будзе рабіцца паступова. Лукашэнка ў 1995-м ужо абпаліўся, калі спрабаваў скасаваць шэраг ільготаў".

(Карэспандэнт: ) "Каго б вы выключылі з катэгорыі льготнікаў?"

(Сасноў: ) "Выкрэсьліваць пэўныя катэгорыі вельмі цяжка. Трэба выкрэсьліваць не катэгорыі, а самі льготы. Найперш — адмяніць ільготны праезд у грамадзкім транспарце, па камунальна-бытавых паслугах, усялякія пайкі вайскоўцам і міліцыянтам. Гэта былі б першыя захады".

Яшчэ ў траўні Менск наведала місія Ўсясьветнага банку. Ужо тады экспэрты рэкамэндавалі беларускаму кіраўніцтву зрабіць рэвізію сыстэмы сацыяльнай абароны. На справе гэта выглядала так: адрасная дапамога паводле ўзроўню даходаў, а не паводле заслугаў.

Экспэрты зрабілі выснову, што цягнуць на сваіх плячах палову насельніцтва краіна ня здольная. Бюджэт 40% жыхароў Беларусі не перавышае пражытковага ўзроўню. Павінен быць выпрацаваны адзіны крытэр вызначэньня гэтак званых малазабясьпечаных: колькі людзей насамрэч маюць патрэбу ў дзяржаўнай дапамозе. Статыстыка, да якой апэлявалі замежныя экспэрты, сьведчыць: амаль 70% выплатаў ідуць не на патрэбы малазабясьпечаных, а тых, каго цяжка назваць беднымі.

Сёньня, паводле адмыслоўцаў, патрэбна спыніць дубляваньне льготаў з розных крыніцаў. Прыкладам, вэтэраны вайны, шматдзетныя, адзінокія маці маюць права на паніжанае падаткаабкладаньне, ільготнае крэдытаваньне, забясьпячэньне жыльлём, лекамі і г.д. — на атрыманьне некалькіх відаў ільгот. Ці будуць улічаныя парады Ўсясьветнага банку і замежных экспэртаў у справе ўпарадкаваньня льготаў у Беларусі — пакуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG