Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВІЦЕ ДОЎГА. ЯК ПРАЦЯГНУЦЬ БІЯЛЯГІЧНЫ ЎЗРОСТ?


Мікола Іваноў, Прага

Прыгадаем, што храналягічны ўзрост чалавека, так званы пашпартны ўзрост, не заўсёды, а, дакладней кажучы, амаль ніколі не адпавядае яго сапраўднаму біялягічнаму ўзросту. Вызначэньне свайго біялягічнага ўзросту для кожнага можа стаць падставай выбару адпаведнага стылю жыцьця і рэальнай папраўкі стану здароўя.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя “Realage” распрацавала спэцыяльны кампутарны тэст дзеля выяўленьня сапраўднага біялягічнага ўзросту чалавека, зь якім мы і пачалі вас знаёміць яшчэ на пачатку сёлетняга году ў перадачы сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”. І вось цяпер новы аповед пра змадэрнізаваны тэст “Realage”.

З 27 пытаньняў, запрапанаваных экспэртамі Realage, у мінулай перадачы мы адказалі на 7. Гэта былі пытаньні, датычныя асабістых дадзеных, суадносінаў паміж вагой цела і ростам, адносінаў да курэньньня і спажываньня алькаголю.

Пасля адказу на кожнае пытаньне кампутар бязьлітасна высьвечваў на экране мой біялягічны ўзрост.

Электронная машына спраўна зьніжала мой біялягічны ўзрост за доўгае жыцьцё ў шлюбе, за трыманьне ў адпаведных рамках вагі цела, за ўстрыманьне ад курэньня, але адразу ж прыбаўляла дадатковыя гады за маё складанае дзяцінства, за злоўжываньне часам алькаголем і за тое, што даволі часта даводзіцца працаваць сярод курцоў. У выніку пад канец мінулай перадачы на рахунку майго біялягічнага ўзросту было 50 гадоў. Прыгадаю, што мой храналягічны (пашпартны) ўзрост – 53 гады.

І вось прыйшла чарга адказваць на пытаньні, датычныя генэтычнай спадчыннасьці. Сярод пытаньняў: узрост бацькоў, наяўнасьць спадчынных хваробаў у сям’і і смяротнасьць сярод сваякоў.

На шчасьце, тут у маім асабістым выпадку ўсё было даволі добра. Мая нябожчыца маці пражыла 82 гады, а бацька і сёньня ў неблагім здароўі і рыхтуецца сьвяткаваць свой 88-ы дзень нараджэньня. Кампутар за адказ на гэтыя пытаньні зьнізіў мой біялягічны ўзрост адразу на 2,5 гады. Але ўжо пры адказе на наступнае пытаньне я страціў цэлы год з папярэдняга здабытку. Прыйшлося прыгадаць, што два браты майго бацькі і сястра маці памерлі ад раку.

Крыху памаладзеўшым (кампутар паказваў мой біялягічны ўзрост 48,5 гады), я прыступаю да адказу на наступную групу пытаньняў.

Датычаць яны стылю жыцьця чалавека. Кампутар запытаўся: колькі гадзінаў у суткі я сплю, ці рэгулярна прыймаю полівітаміны, як харчуюся?

Высьветлілася, што сплю я крыху замала – усяго 6 гадзінаў. За мінулы год у адпаведнасьці з рэкамэндацыямі экспэртаў “Realage” я паспрабаваў спаць болей, але як часта бывае ў жыцьці даволі занятога чалавека, гэта не атрымалася. За гэта мой біялягічны ўзрост павысіўся амаль на чвэрць году. У камэнтары Realage я пазьней прачытаў, што спаць рэкамэндуецца 6 - 8 гадзінаў у суткі. І лепш за ўсё сну прысьвячаць першыя начныя гадзіны да апоўначы. Кожная гадзіна сну да апоўначы, паводле “Realage”, раўняецца двум гадзінам пасля апоўначы.

З прыёмам полівітамінаў, шчыра мушу прызнаць, я непаслядоўны. “Realage” рэкамэндуе прыймаць іх рэгулярна на працягу ўсяго году і павышаную ўвагу ўдзяляць антыаксыдантам. Я ж раблю гэта толькі тады, калі прыпамінаю неабходнасьць іх прыняцьця. У выніку я стаў на чвэрць году старэйшы.

Пытаньні, датычныя штодзённнага харчаваньня, былі сфармаваныя наступным чынам:

- колькі разоў на тыдзень вы сьнедаеце?
- колькі разоў на дзень у вашым мэню прысутнічаюць валакністыя прадукты (хлеб грубага памолу, крупы ці рыс)?
- Колькі разоў у дзень харчуецеся садавінай?
- Як часта на працягу дня спажываеце гародніну?
- Колькі разоў на тыдзень ясьцё стравы, у склад якіх уваходзяць таматы і таматныя прадукты?
- Колькі разоў у тыдзень вы спажываеце стравы з чырвонага мяса?
- Як часта ясьцё рыбу?

Прызнаюся, што пасля першага адказу на гэтыя пытаньні год таму я рэзка зьмяніў мой харатар харчаваньня. Я стаў рэгулярна есьці сьняданак. Павялічыў спажываньне памідораў і таматных прадуктаў, якія зьяўляюцца эфэктыўным прыродным антыаксыдантам. Амаль поўнасьцю выключыў са свайго мэню чырвонае мяса. Пачаў больш есьці рыбу, гародніну, садавіну. Па-ранейшаму на маім стале часта чорны хлеб, кашы, рыс.

Таму цяпер пазытыўныя моманты ў маім штодзённым меню выраўна перавысілі негатыўныя. І ў выніку я атрымаў амаль 1,5 гады зьніжэньня майго біялягічнага ўзросту.

47 гадоў – такі біялягічны ўзрост высвяціў кампутар
пасля адказаў на гэтую групу пытаньняў.

Падсумуем: за мінулы год я, паводле пашпарту, пастарэў на год, але дзякуючы парадам “Realage” мой рэальны біялягічны ўзрост застаўся амаль такім самым, як і ў мінулым годзе.

Пазьней я пачаў адказваць на пытаньні датычныя хваробаў, на якія хварэў, лекаў, што спажываў і спажываю цяпер, заняткаў спортам, транспартных сродкаў, якімі падарожнічаю, стрэсавых сытуацыяў і ншыя. Пра тое, што атрымалася ў выніку, на якім узроўні Realage канчаткова вызначыла мой рэальны біялягічны ўзрост, вы даведаецеся ў наступнай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”

А цяпер некаторыя парады
амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароўі:

1. Ягады ажыны –маюць прафіляктычны антыракавы эфэкт. “Realage” сцвярджае, што штодзеннае спажываньне ўсяго некалькіх ягадаў ажыны можа амаль цалкам зліквідаваць небяспеку раку ротавай поласьці і горла. “Realage” прыпамінае, што ўключэньне ў вашае штодзённае мэню чытырох блюдаў з садавіны можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшы.

2. Ці вам часта даводзілася выціскаць лімон у чай, ці на стравы з рыбы, ці мяса? А што вы зрабілі з выціснутай скуркай? Выкінулі ў сметніцу? Не рабіце гэтага. Спэцыялісты “Realage” сцвярджаюць, што скурка і зерні лімону – вельмі карысныя для вашага здароў’я часткі гэтай садавіны. Яны маюць антыканцэрагенныя якасьці. Паспрабуйце дадаць іх у салат, альбо падаваць іх разам з мясам, ці рыбай. Спажываньне размаітай ежы, багатай вітамінамі, можа зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады.

3. Супроцьболевыя лекі акрамя выкананьня сваёй галоўнай функцыі могуць адначасна лячыць хваробы старых людзей. Перш за ўсё ўсе віды склярозу і хваробу Альцгэймара. Як сцьвярджае “Realage”, амэрыканскія навукоўцы з клінікі Мэйо на Флярыдзе высветлілі, што, напрыклад, аспірын можа зьмяншаць у арганізме колькасць бялка АВ42, які прыводзіць да старэчай слабасьці розуму.

4. Калі вы шукаеце нейкі надзвычайны сродак, які б мог затрымаць працэсы старэньня вашага арганізму, “Realage” прапануе ў якасьці гэткага сродка – заняткі спортам. Нават сьціплыя фізычныя практыкаваньні могуць цудоўна амаладзіць ваш арганізм. “Realage” расказвае пра групу амэрыканскіх мужчынаў сярэдняга ўзросту, якія пасля 6-месячнага курсу заняткаў спортам зьнізілі сваю рызыку сардэчна-сасудавых захворваньняў амаль напалову. Спорт, лічаць экспэрты “Realage” можа зменьшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 9 гадоў.

5. Калі вы прастудзіліся і пачалі прымаць лекі, памятайце, што, напрыклад, аспірын нельга запіваць малаком, якое адразу амаль цалкам вымывае лек з арганізму. Тое самае датычыць і піва. Алькаголь нейтралізуе антыбіётыкі і іх лекавы эфэкт зьніжаецца амаль да нуля. “Realage” папярэджвае, што бескантрольны прыём лекаў альбо іх няправільны прыём можа павысіць ваш рэальны біялягічны ўзрост амаль на 4 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG