Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕКАРАМ ЗАБАРАНІЛІ СУМЯШЧАЦЬ ПРАЦУ


Вольга Рымашэўская, Менск

Iнстытут анкалёгii стаў першай мэдычнай установай, дзе дактарам забаранiлi сумяшчаць працу, а значыць, пазбавiлi дадатковых заробкаў. Адпаведны загад за подпісам дырэктара інстытута Іосіфа Залуцкага зьявіўся напачатку лістапада.

У Міністэрстве аховы здароўя тлумачаць, што гэткія захады ўзялі ў адпаведнасьцi з новым Працоўным кодэксам, дзе адзначана, што работнiкам, чыя праца зьвязаная са шкоднымi ўмовамi, забараняецца сумяшчальнiцтва. Гэтым дзяржава нібыта клапоціцца пра здароўе дактароў.

Між іншым, ня толькі анколягі, але й мэдыкi розных спэцыяльнасьцяў (нэўрахiрургi, радыёлягi, анэстэзіёлягі ды iншыя) працуюць у шкодных умовах і нават атрымліваюць за шкоднасьць малако. Ня выключана, што за Інстытутам анкалёгii падобная навіна зьявіцца i ў iншых мэдычных установах. Як удалося высьветлiць, адпаведны загад ужо падрыхтаваны ў НДI радыяцыйнай мэдыцыны.

Беларускія мэдыкі заўжды атрымлівалі вельмі нізкія заробкі, таму вымушаныя былі працаваць на паўтары, а то й на дзьве стаўкі. Дактары Інстытута анкалёгіі падлічылі, што цяпер будуць губляць штомесяц каля 50 даляраў, а працы, мяркуючы па ўсім, менш ня стане. Адна з супрацоўнiц інстытута кажа:

(Супрацоўніца: ) "Мы й так мала зарабляем. Нам усё роўна давядзецца выконваць тую ж работу: хворага ж не пакінеш, але заробкі будзем атрымліваць значна меншыя. Прыкладна на 50 тысяч рублёў менш будуць атрымліваць мэдычныя сёстры. Дактары яшчэ больш губляюць — напрыклад, загадчыца нашага аддзяленьня губляе 89 тысяч... Тое, што мы ўсё роўна будзем выконваць сваю працу, нікога не хвалюе. Дрэнна нам усім".

У Міністэрстве аховы здароўя спрабавалі выправіць такое становішча і зьвярнуліся зь лістом у адміністрацыю Лукашэнкі. Аднак адтуль прыйшоў адказ, што падобныя нормы ўвялі ў адпаведнасьці з заканадаўствам, i таму праблема, маўляў, невырашальная. Лукашэнка не падтрымаў i прапанову мэдыкаў выдаць адмысловы прэзыдэнцкi дэкрэт, які б дазволіў мэдыкам сумяшчаць працу.

У Міністэрстве аховы здароўя кажуць, што выправiць сытуацыю можа толькі значнае падвышэньне заробкаў мэдыкам. Відаць, гэта наўрад ці адбудзецца. Агульная сытуацыя ўскладняецца тым, што ў краіне застаецца вялізная запазычанасьць па заробках — на 31 кастрычнiка гэтая лічба склала 40 мільярдаў рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG