*ЛЁНДАН. Найбольш пашыранай формай раку ў Вялікабрытаніі ўпершыню стаў рак грудзей, пераважыўшы колькасьць захворваньняў на рак лёгкіх. На рак грудзей хварэюць амаль выключна жанчыны, тым часам як хворыя на рак лёгкіх – пераважна мужчыны. Мяркуецца, што перавага раку грудзей у будучыні зробіцца яшчэ большая з прычыны скарачэньня колькасьці курцоў сярод мужчын. Галоўнай прычынай пашырэньня раку грудзей мэдыкі называюць тэндэнцыю нараджэньня дзяцей у больш позьнім веку і павелічэньне колькасьці жанчын з залішняй вагою пасьля 50 гадоў. Аднак спэцыялісты адзначаюць сталае павышэньне ўзроўню выжывальнасьці хворых на рак грудзей, які сёньня складае больш за 70 працэнтаў, тым часам як з хворых на рак лёгкіх пасьля дыягназаваньня выжываюць каля 5 працэнтаў.
* НЬЮ-ДЭЛІ. Індыйскія навукоўцы распрацавалі новую, больш бясьпечную і танную вакцыну супраць антраксу, якая паступіць у масавую вытворчасьць не раней чым праз шэсьць месяцаў. Паводле навукоўцаў, новая вакцына, якая распрацоўвалася больш чым шэсьць гадоў, ужо была паспрабаваная на мышах і марскіх сьвінках. На працягу найбліжэйшых месяцаў будуць праведзеныя тэсты вакцыны на іншых жывёлах і на чалавеку. У сувязі з апошнімі падзеямі ў сьвеце апошні этап працы над вакцынай адбываецца ў надзвычайным прысьпешаным рэжыме. Антракс, або сібірская язва, пашыраецца спорамі. Без адмысловага антыбіятычнага лячэньня памірае больш за 80 працэнтаў людзей, што ўдыхнулі споры хваробы.
* МАСКВА. Былыя савецкія спэцыялісты ў галіне бактэрыялягічнай зброі, папярэджваючы аб небясьпецы подкупу нізкааплочваных расейскіх дасьледнікаў, заклікалі аднавіць ва ўсім сьвеце абавязковую вакцынацыю супраць зьніклага ў прыродзе вірусу воспы. Пра зьнікненьне воспы ва ўсім сьвеце было абвешчана ў 1981 годзе, і ад таго часу былі адмененыя абавязковыя прышчэпкі супраць гэтай хваробы. Улады Злучаных Штатаў ды іншых краінаў непакояцца, што воспа можа зьявіцца зноў у выніку дзеяньняў тэрарыстаў. Два афіцыйна дазволеныя ўзоры бактэрыі воспы захоўваюцца ў Лябараторыі Садахчыева ў Сібіры і ў Цэнтры інфэкцыйнага кантролю ў Атланце. Заходнія выведныя службы паадазраюць, што ўзоры вірусу могуць мець таксама Ірак і Паўночная Карэя.
* ЛЁНДАН. Італьянскаму спэцыялісту ў галіне лячэньня бясплоднасьці Сэвэрына Антыноры, які зьбіраецца заняцца клянаваньнем чалавека, не дазволены ўезд у Вялікабрытанію. Клянаваньне чалавека ў Вялікабрытаніі, як і ў шмат якіх іншых краінах, забароненае законам. Антыноры і ягоны калега Завас заявілі, што правядуць заплянаваныя апэрацыі ў нейкай іншай краіне. Пасьля таго, як яны абвясьцілі пра пляны клянаваньня чалавека з мэтай дапамагчы бязьдзетным парам мець дзяцей, іх байкатуе большасьць міжнароднай мэдычнай грамадзкасьці. Спэцыялісты лічаць, што гэтым двум дактарам не хапае неабходнага досьведу для выкананьня гэтай складанай і небясьпечнай працэдуры. Антыноры і Завас у мінулым месяцы абвясьцілі, што першая спроба клянаваньня чалавека можа адбыцца яшчэ сёлета.
* ЦЮБІНГЕН (НЯМЕЧЧЫНА). Нямецкія дасьледнікі выявілі, што пот выступае як важны сродак абароны чалавечага цела ад бактэрыяў. Пра тое, што пры параненьні скура выдзяляе антыбактэрыяльныя злучэньні, было вядома і раней. Аднак нядаўна навукоўцы з Цюбінгенскага Ўнівэрсытэту выявілі, што і ў звычайным стане чалавечая скура выдзяляе разам з потам невялікую колькасьць антыбіятычнага пратэіну — дэрмцыдзіну. Дэрмцыдзін быў выпрабаваны на чатырох асноўных тыпах бактэрыяў, у выніку чаго ўсе бактэрыі загінулі.
* АТЛАНТА (ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ). Амэрыканскія дасьледнікі выявілі існаваньне новых штамаў вірусу імунадэфіцыту чалавека, адпорныя на дзеяньне лекаў, распрацаваных мэдыцынай за апошнія 10 гадоў. Навукоўцы з Атланты знайшлі варыянт вірусу, на які ня дзейнічае зідавудзін – адзін з галоўных кампанэнтаў лекавых кактэйляў, ужываных для лячэньня ВІЧ-інфікаваных. З шасьцісот трох пацыентаў, у якіх была дыягназаваная ВІЧ-інфэкцыя, у 20-ці быў выяўленая схільнасьць да ўтварэньня адпорных штамаў вірусу. Усяго для лячэньня ВІЧ-інфэкцыі і СНІДу ўжываецца каля 15 лекаў, і навукоўцы лічаць надзвычай важным, каб іх дзейснасьць захоўвалася як найдаўжэй.