Міхаіл Марыніч заявіў, што адноўленая асацыяцыя "Дзелавая ініцыятыва" мусіць стаць грамадзкім утварэньнем, якое выконвала б задачы, падобныя да тых, што былі функцыяй расфармаванага Лукашэнкам Міністэрства зьнешнеэканамічных зносінаў, якім менавіта Марыніч кіраваў да 1997 году.
Сёньня, на думку кіраўніка "Дзелавой ініцыятывы", Беларусь сутыкнулася з вынікамі 7-гадовай мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі на згортваньне эканамічных рэформаў:
(Марыніч: ) "Беларуская эканоміка ўвайшла ў новае тысячагодзьдзе адной з самых адсталых у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Беларускі капітал працуе дзе заўгодна — у Расеі, Прыбалтыцы, Польшчы, Нямеччыне, толькі ня дома. Расьце колькасьць стратных прадпрыемстваў. Забясьпечанасьць абаротнымі сродкамі не дазваляе праводзіць элемэнтарнае аднаўленьне станочнага парку, знос якога наблізіўся да крытычнай рысы.
Адсюль — падзеньне якасьці, страта рынкаў збыту. Прадпрыемствы заціснутыя вялікімі падаткамі. Практычна адсутнічаюць замежныя інвэстыцыі. Адным словам, эканамічная сытуацыя ў краіне вымушае дзейнічаць, вырашаць канкрэтныя задачы, умешвацца і ўплываць на заканадаўства".
Першым кіраўніком асацыяцыі "Дзелавая ініцыятыва" быў Генадзь Карпенка. Спадар Марыніч сёньня пацьвердзіў пераемнасьць у мэтах арганізацыі — спрыяць лібэралізацыі беларускай эканомікі. Утвораная рада асацыяцыі з 11 асобаў, сярод якіх вядомыя бізнэсоўцы, эканамісты, прафсаюзныя дзеячы — Дзілендзік, Паўлаў, Крывамаз, Іскарцаў, Заіка. Яны будуць аналізаваць эканамічныя працэсы, даваць экспэртныя ацэнкі дэкрэтам ды законам, а таксама шукаць партнэраў за мяжой.
Міхаіл Марыніч падкрэсьліў, што асацыяцыя — структура, цалкам адкрытая для супрацоўніцтва, і не выключае, што ў ёй можа працаваць шэраг дзяржаўных чыноўнікаў, якія ў выніку кадравых перастановак засталіся бяз справы. Былы прэм'ер Уладзімер Ярмошын можа знайсьці тут рэальны ўжытак сваім здольнасьцям.
На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода пра экспансію расейскага капіталу ў Беларусь, спадар Марыніч зазначыў:
(Марыніч: ) "Патрэбны доступ капіталу, у тым ліку й расейскага. Аднак лёсавызначальныя прадпрыемствы — найперш, якія складаюць базу эканомікі, — павінны быць беларускімі. Абавязкова павінна прысутнічаць беларуская доля, а ісьці патрэбна шляхам рэфармаваньня, акцыянаваньня.
Але той жа МАЗ, нафтахімічны комплекс вывучаецца ня толькі расейскімі прадпрыемствамі, але й іншымі дзелавымі коламі замежжа. Можна рэалізаваць частку вытворчых магутнасьцяў, але кантрольны пакет асноўных "монстраў" беларускай эканомікі павінен належаць дзяржаве".
"Дзелавая ініцыятыва" абвесьціла пра супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі ў ажыўленьні эканоміккі коламі, уключна з уладай на ўсіх узроўнях. Аднак сярод шматлікіх запрошаных на сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі зь дзелавымі коламі няма ні Марыніча, ні ягоных паплечнікаў. Затое прадстаўніцтва расейскіх алігархаў абяцае быць традыцыйна багатым: пацьвердзілі свой удзел кіраўнікі "Ітэры", "Славнефти" "Лукойлу" ды іншыя.