Сытуацыя па-ранейшаму напружаная. Фундамэнталісцкія рэлігійныя партыя абяцалі, што ў мінулую пятніцу яны прадэманструюць сваю моц на вуліцах шматлікіх пакістанскіх гарадоў. Дэманстрацыі, аднак, былі пераважна негвалтоўныя.
Можна падсумаваць, што генэрал Мушараф выйграў гэты першы раўнд канфрантацыі з рэлігійнымі экстрэмістамі. Учора толькі адзін чалавек, хаця, магчыма, і болей быў забіты падчас дэманстрацыі каля ваенна-паветранай базы ў паўднёва-заходняй частцы краіны каля гораду Чэчакабан, якая была перададзеная амэрыканцам дзеля вышукова-выратавальных апэрацыяў, калі б нехта з амэрыканцаў быў зьбіты падчас налётаў на Афганістан.
Напружаньне, як бачым, не спадае, і рэлігійныя партыі плянуюць наступныя дэманстрацыі ў бліжэйшыя дні. І нават сёньня напярэдадні прыбыцьця дзяржаўнага сакратара ЗША Коліна Паўэла.
Візыт дзяржаўнага сакратара ЗША Коліна Паўэла ў Пакістан мае дзве галоўныя мэты. Працягваецца паветраная кампанія ЗША і іх саюзніка Вялікабрытаніі супроць Афганістану. Прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф абяцаў свайму народу, што гэта будзе кароткая і рэзкая кампанія, але цяпер высвятляецца, што яна будзе працягвацца доўга. І выглядае, што з цягам часу ісламскія фундамэнталісты ў Пакістане будуць набіраць сілу. Другое пытаньне датычыць фармаваньня ўраду Афганістану пасля адыходу талібаў. Паўночны альянс, які вядзе барацьбу з талібамі, непрымальны для Пакістанскага ўраду, таму, што яго падтрымлівае Расея, Індыя, Іран - краіны непрыязныя Пакістану. Паўночны альянс складаецца пераважна з узбэкаў і таджыкаў, хаця самая вялікая група Афганскага насельніцтва –пуштуны. Пакістан зацікаўлены ў тым, каб ЗША і Вялікабрытанія не падтрымлівалі Паўночны альянс. Каб ён не прыйшоў да ўлады пасля паразы талібаў.
Талібан намагаецца прыцягнуць увагу усясьветнай грамадзкасьці да сьмерці мірных жыхароў у вёсцы каля Джалалабаду, якія загінулі ў выніку налёту амэрыканскіх і брытанскіх самалётаў. Але афганскае насельніцва паволі пераконваецца (гэта інфармацыя паходзіць ад тых, хто нядаўна вярнуўся з Афганістану), што налёты накіраваныя выключна супроць талібскіх ваенных аб’ектаў і базаў тэрарыстаў Усамы бін Ладэна.
Пытаньне цяпер у тым, як хутка гэта прывядзе да пашырэньня падтрымкі Паўночнага альянсу. Ды й самі талібы падзеленыя на так званых памяркоўных і кансэрватараў. Магчыма, гэта прывядзе да адкрытага канфлікту сярод талібаў.