Найперш, я запыталася, зь якімі пачуцьцямі Хорст Вінкельман пакідае Беларусь. Спадар амбасадар выказаў жаданьне адказваць па-расейску.
(Вінкельман: ) “Я зь вялікім задавальненьнем тут працаваў, хацеў зрабіць добра для гэтага народу і для нямецкага народу таксама, бо я лічу, што, калі ў нас ёсьць добрыя дачыненьні – гэта ў нашых інтарэсах. Я палюбіў гэтую краіну, людзей і сваю працу. Мне вельмі цяжка разьвітацца з гэтай краінай”.
Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, для беларусаў – Нямеччына – краіна-ўзор – з эканамічнага гледзішча і сацыяльнага. Як гэта камэнтуе былы амбасадар Хорст Вінкельман?
(Вінкельман: ) “Я сам зьдзівіўся, але, магчыма, цяпер шмат арганізацыяў тут працуюць, шмат асабістых кантактаў зь Нямеччынай: людзі вандруюць, прыяжджаюць да нас, немцы прыяжджаюць у Беларусь, ім падабаецца там, магчыма, болей, чым у Польшчы”.
Нямецкі друк шмат піша пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Я запыталася ў Хорста Вінкельмана, ці зьбіраецца ён нешта рабіць у гэтым кірунку...
(Вінкельман: ) “Я буду працаваць як заўсёды, я тут заўсёды выступаў у падтрымку правоў чалавека і буду выступаць за мяжой за правы чалавека. Гэта зразумела. Людзі, якія слухалі мой выступ сёньня, маглі ў гэтым пераканацца”.
Я запыталася былога амбасадара Нямеччыны Хорста Вінкельмана, што яму было цяжка зразумець у Беларусі.
(Вінкельман: ) “Што ў Беларусі так кепска ведаюць уласную гісторыю. Ня надта цікавяцца сваёй гісторыяй, гэта цяжка было зразумець”.
А пасьля я запыталася ў Хорста Вінкельмана, што ж яму спадабалася ў Беларусі?
(Вінкельман: ) “Я магу сказаць: сялянскія сасіскі. Ну, гэта ў вёсцы гатуюць, маленьнікія вельмі, добрыя сасіскі. Яны вельмі смачныя. Я іх вельмі люблю”.
Пры канцы інтэрвію Хорст Вінкельман пажадаў слухачам Беларускай Свабоды ўсяго найлепшага, каб жылі свабодна і любілі сваю краіну.