Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ СУД НАД МІЛІЦЫЯНТАМІ-САДЫСТАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На лаве падсудных ў Кастрычніцкім судзе апынуліся адразу 5 афіцэраў міліцыі зь Першамайскага райаддзелу — чатыры супрацоўнікі крымінальнага вышуку і былы ўчастковы.

Сяргея Бурдыку, Алега Данчанку, Аляксандра Ярафеева, Уладзімера Крамсаева і Мікалая Ліпскага абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў, сярод якіх злоўжываньне службовым становішчам, нанясеньне траўмаў, вымагальніцтва, незаконныя апэрацыі з валютай. Некаторым з абвінавачаных пагражае да 7 гадоў турмы.

Паводле сьледзтва, яны пачыналі з банальнага зьбіцьця затрыманых, а завершылі рэкетам. Адзін з абвінавачаных вылучыўся і на гэтым тле — ён быццам браў грошы з прадпрымальнікаў, а тым, хто плаціць адмаўляўся, спрабаваў помсьціць. Пра абвінавачанага распавядае пацярпелы ад яго прадпрымальнік Генадзь Прыма.

(Прыма: ) "Злодзей, гаспадар валютчыкаў, чалавек без маральных межаў. Я адмовіўся плаціць яму за "дах", і ён адпомсьціў. Экспэртыза засьведчыла ў мяне 58 удараў на целе, 28 швоў на галаве, перабітую правую руку. Замах на жыцьцё".

Супрацоўнік прыватнай фірмы Зьміцер Ташамбаеў кажа, што афіцэры аддзелу крымінальнага вышуку Першамайскага райаддзелу міліцыі зьбівалі яго, каб прымусіць узяць адказнасьць за злачынствы, да якіх ён ня меў дачыненьня. Пасьля пабояў была нават спроба гвалту. Цяпер пацярпелы гэтак кажа пра людзей у міліцэйскай форме:

(Ташамбаеў: ) "Мяне зьбівалі і прымушалі паклёпнічаць на сябе, нанесьлі шкоду майму здароўю. З таго часу я міліцыю не паважаю і ня веру міліцыянтам".

Усяго сямёра пацярпелых прыйшлі на гэты працэс — зь іх двох пад канвоем даставілі з турмы. Іх ужо пасьпелі асудзіць паводле незаконна атрыманых паказаньняў. Між тым, назіральнікі ня лічаць, што працэс над міліцыянтамі будзе лёгкім. Рэч у тым, што за абвінавачаных заступаюцца іхныя калегі — апэратыўнікі з аддзелаў крымінальнага вышуку ўсіх раёнаў сталіцы. Некалькі дзясяткаў гэтых міліцыянтаў, а таксама байцы спэцпадзразьдзяленьняў падпісалі пэтыцыю ў абарону калегаў.

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, якія прысутнічаюць на працэсе, заяўляюць, што такое заступніцтва сьведчыць ня толькі аб прафэсійнай салідарнасьці міліцыянтаў, але найперш пра тое, што ў міліцэйскім асяродку вельмі распаўсюджаныя заганныя мэтады абыходжаньня з затрыманымі.

Назіральнікі не выключаюць пэўнага ціску з боку кіраўніцтва праваахоўчых органаў на судзьдзю Маргарыту Рыштоўскую, якая вядзе працэс. Чакаюць таксама, што ў выпадку абвінаваўчага прысуду могуць страціць свае пасады некаторыя кіраўнікі гарадзкой міліцыі, бо яны два гады ня бралі ніякіх захадаў супраць незаконных дзеяньняў падначаленых. Паводле прагнозаў адвакатаў, працэс працягнецца некалькі тыдняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG