Гэта азначае, што кошты на шэраг прадуктаў першай неабходнасьці будуць адпушчаныя на волю. Ці ёсьць верагоднасьць грамадзкіх хваляваньняў?
Варта ўзгадаць, што аднойчы стратэгічны пералік тавараў і паслугаў ужо скарачалі. У ліпені 1999 году перасталі рэгуляваць кошты на мыла, локшыну, камбікармы, а таксама паслугі па рамонту швейных і трыкатажных вырабаў.
Тады падвышэньне коштаў грамадзтва ўспрыняла з уласьцівым беларусам спакоем. Але цяперашнія карэктывы закранаюць больш важныя для шараговых грамадзянаў пазыцыі. Так, зь пераліку сацыяльна значных тавараў выключылі малако, кефір, сьмятану, тварог, малочныя сумесі, мясныя і пладовыя дзіцячыя кансэрвы, бульбу, а таксама паслугі хімчысткі й пральні.
Зьвярніце ўвагу на пералік харчоў — гэта ледзьве ня ўсё, што складае асноўны штодзённы рацыён большасьці беларускіх сем'яў. Эканамісты сьцьвярджаюць, што такі крок насьпяваў. Вось камэнтар старшыні прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Ярашука:
(Ярашук: ) "Гэта тое, пра што настойліва казалі аграрнікі. Бо кошты на нашу прадукцыю сталі такія нізкія, што проста нявыгадна было сельгаспрадпрыемствам займацца вытворчасьцю мяса ці малака, бо яна была цалкам стратная".
Аднак, паводле спадара Ярашука, важна рэальна ўяўляць мэханізм пераходу да свабодных коштаў. Адна з умоваў — сацыяльныя гарантыі найбольш зьбяднелым грамадзянам Беларусі.
(Ярашук: ) "Усё, што мы бачылі да гэтай пары, урэшце прывяло да таго, што прадукцыя зрабілася неканкурэнтаздольнай нават на ўнутраным рынку. Гэта якраз і было зьвязана зь дзяржаўным рэгуляваньнем цэнаў".
(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, сама пастанова слушная?"
(Ярашук: ) "З гэтага гледзішча крок правільны. Хоць, натуральна, калі размова ідзе пра сацыяльна значныя тавары, трэба мець на ўвазе, што жыцьцёвы ўзровень насельніцтва нізкі і платаздольнасьць пакідае жадаць лепшага. Значыць, павінна быць нейкая мяжа, каб частку людзей не пазбавіць магчымасьці набываць гэтыя харчы. Але я лічу, што тут ёсьць выйсьце. Павінна працаваць адрасная падтрымка найменш забясьпечаных грамадзянаў нашай краіны".
Непапулярныя меры, вядома, не застануцца незаўважаныя. Першае ж наведваньне крамаў з новымі коштамі выкліча, мякка кажучы, крытыку ў бок ініцыятараў такога рашэньня. Ці можна ў такім выпадку чакаць сацыяльных хваляваньняў, альбо, як было ў пятніцу на МТЗ, страйкаў незадаволеных? Гаворыць Аляксандар Ярашук:
(Ярашук: ) "Натуральна, гэтак можа адбыцца. Але я лічу, галоўная задача дзяржавы (датычна разьвіцьця народнай гаспадаркі) заключаецца ў тым, каб падвышаўся ўзровень жыцьця. Калі гэтага ня будзе, тады магчыма ўсё, што заўгодна. Калі ўсё ж эканамічная палітыка будзе стала ісьці ў рынкавым кірунку, дык будзе магчымасьць прадухіляць такія нэгатыўныя зьявы як спыненьне працы, страйкі ды ўсё астатняе".
Зараз у пераліку сацыяльна-значных тавараў засталося толькі 13 пазыцыяў. Гэта хлеб і адпаведныя вырабы, масла, ялавічына, сьвініна, вараныя каўбасныя вырабы, соль, цукар, запалкі. З паслугаў — рамонт абутку. Паўстае пытаньне: ці доўга гэты сьпіс застанецца некрануты.