Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЬВЕ БЕЛАРУСКІЯ ДЭЛЕГАЦЫІ НАКІРУЮЦЦА Ў СТРАСБУРГ


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнікі ПАРЭ, якія ўдзельнічалі ў назіраньні за мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі, пагадзіліся з агульным падыходам міжнародных структураў — цяпер нельга праводзіць палітыку ізаляцыі Беларусі. Пра гэта яшчэ 10 верасьня зазначыў кіраўнік групы назіральнікаў ад ПАРЭ Стэфан Горыс, які заявіў, што на верасьнёўскую сэсію асамблеі абавязкова будуць запрошаныя парлямэнтары зь Беларусі.

На гэтым тыдні такія запрашэньні паступілі ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня і ў "палату прадстаўнікоў". Гэта значыць, што ПАРЭ мяркуе працягваць дыялёг зь беларускімі парлямэнтарамі ў ранейшым рэжыме. Асобна пытаньне пра сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў на парадку дня сэсіі не пазначанае, але яно будзе абмяркоўвацца ў камітэтах, палітычных фракцыях.

Менавіта на сэсіі будзе апублікаваная справаздача назіральнікаў ад асамблеі на мінулых выбарах у Беларусі. Свае пазыцыі ў гэтым пытаньні паспрабуюць данесьці да эўрапейскіх парлямэнтароў і дзьве беларускія дэлегацыі. Ад Вярхоўнага Савету ў Страсбург паедуць Анатоль Лябедзька і Алена Скрыган. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Натуральна, што мы таксама плянуем ехаць у Страсбург. У нас тут заўсёды толькі адна праблема — матэрыяльна-фінансавая. Таму што абедзьве дэлегацыі прыяжджаюць за кошт сваіх унутраных рэсурсаў. Рэсурсы "палаты прадстаўнікоў" зразумелыя — гэта бюджэт і падаткаплатнікі, а нам даводзіцца гэтыя пытаньні вырашаць самастойна.

Але абавязкова нашыя прадстаўнікі там будуць. І тая дэлегацыя, і дэлегацыя наша — яны маюць абсалютна роўны статус і дзейнічаюць у аўтаномным рэжыме. Тое, што мы самі сплянуем для сябе, я маю на ўвазе сустрэчы, удзел у паседжаньні палітычных груп і г.д., — тое і будзем мець".

Дэлегацыя ад "палаты прадстаўнікоў", як звычайна, будзе больш шматлікая, чым апазыцыйная, яе ўзначальвае Ўладзімер Канаплёў. Яшчэ ўвесну ён перадаў дакумэнты з просьбай надаць парлямэнту Беларусі статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ ды заяўляў, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў можна чакаць станоўчага вырашэньня гэтага запыту. Сёньня такой пэўнасьці ў сяброў афіцыйнай дэлегацыі няма. Гаворыць Уладзімер Навасяд:

(Навасяд: ) "Я так мяркую, што на гэтым пленарным паседжаньні ня будзе пытаньня аб вяртаньні статусу адмыслова запрошанага Беларусі. Будуць, канечне, зададзеныя пытаньні прадстаўнікам дэлегацыяў наконт прэзыдэнцкіх выбараў. Верагодна, будзе пытаньне ў плоскасьці "што рабіць далей" зь Беларусьсю і як зрабіць так, каб у Беларусі дэмакратычныя перамены мелі характар незваротны".

Дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Уладзімер Навасяд разам з тым падкрэсьліў, што рашэньне наконт запыту пра статус адмыслова запрошанага, магчыма, зьявіцца на пачатку наступнага году.

Сяброўка апазыцыйнай дэлегацыі Алена Скрыган мяркуе, што пакуль у ПАРЭ няма пэўнасьці адносна будучых дачыненьняў зь Беларусьсю, і мінулыя выбары толькі ўскладнілі іх:

(Скрыган: ) "Выбары не далі нічога новага ў адносінах Беларусі зь міджнароднай супольнасьцю. Выбары і атмасфэра, у якой яны былі праведзеныя, не садзейнічалі таму, каб міжнародная супольнасьць павярнулася да Беларусі тварам".

Алена Скрыган зьбіраецца распавесьці пра вынікі і атмасфэру выбараў на паседжаньні фракцыі аб'яднаных левых ПАРЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG