Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ЗАРАЗ АДБЫВАЕЦЦА Ў НЬЮ-ЁРКУ?


Радыё Свабода.

(Прыгара: ) “Вядзецца сьледзтва. Ужо вядомая інфармацыя пра тэрарыстаў у Бостане, якія накіравалі першы самалёт у хмарачос. Але канкрэтных падрабязнасьцяў пакуль няма. Да жыхароў Нью-Ёрку зьвярнулася сэнатарка Гілары Клінтан. Усюды гучыць думка, што Амэрыка павінна адзказаць на гэтыя ўдары толькі тады, калі будзе дакладна ведама, хто менавіта – якія людзі і якая краіна зьдзейсьнілі гэты акт”.

(Караткевіч: ) “Якая танальнасьць пераважае ў дыскусіях аб адказе на гэтыя выпады тэрарыстаў?”

(Прыгара: ) “У мяне ўражаньне, што пакуль пераважае разгубленасьць. Адказнасьць за тэрарыстычны акт такога маштабу ня можа ўзяць на сябе ніводная арганізацыя, бо гэта сапраўды азначала б вайну, але былыя сэнатары і дзейныя, сёньня выступаючы па тэлевізіі, выказваюць калі-нікалі думку, што Амэрыка мае жорстка адказаць на такія дзеяньні.

Тым часам расьсьледаваньне працягваецца, і ўчора стала ведама, што ня ўсе пляны тэрарыстаў былі зьдзейсьнены. У Нью-Ёрку на пад’ездах да Мангатэна на двух мастах – Вашынгтон брыдж і Вільямсбург брыдж – былі арыштаваныя некалькі грузавікоў, якія былі цалкам запоўненыя выбуховымі рэчамі. Выбухоўку перавозілі менавіта арабы. Мэр Джуліяні, які ўчора выступаў па ўсіх каналах радыё і тэлебачаньня, заклікаў людзей не ўчыняць пагромаў у арабскіх кварталах. Мне сёньня раніцай патэлефанавалі і сказалі, што ў Брукліне непадалёк ад таго месца, дзе я жыву, у арабскіх кварталах ужо на тратуарах бітае шкло, разьбітыя машыны. Людзей вельмі цяжка ўтрымаць. Сёньня прагучала інфармацыя, што зачыненыя шмат якія арабскія крамы. Фактыча, гэтыя ўсе кварталы вымерлі, бо арабы баяцца, што людзі выпляснуць на іх сваё зло”.

(Караткевіч: ) “Якая зараз называецца лічба ахвяраў?”

(Прыгара: ) “Учора называлася больш-менш канкрэтна адна лічба – 15-21 тысяча чалавек, якія загінулі ў будынках сусьветнага гандлёвага цэнтру. Сёньня паведамляецца, што за ноч і раніцу ўдалося выратаваць 9 чалавек…”

(Караткевіч: ) “Галіна, да якой вэрсіі схіляюцца амэрыканскія спэцыялісты адносна арганізатараў гэтых тэрактаў?”

(Прыгара: ) “Пакуль што такой інфармацыі я нідзе ня бачыла і ня чула, каб называліся канкрэтныя арганізатары. Адзіная, як я ўжо казала, у Бостане заўважана, што гэта былі два арабы – адзін зь іх вельмі прафэсійны лётчык. Тыя, хто пацэліў у будынкі-вежы, былі вельмі прафэсійнымі пілётамі – у гэтым ніхто не сумняецца.

У Нью-Ёрку няма праблемаў з дастаткам крыві, лекаў. Зь вечара людзі стаяць у чэргах ва ўсе шпіталі, мэдычныя ўстановы проста не спраўляліся з колькасьцю ахвочых дапамагчы. Месца, дзе адбылася трагедыя, гэта вельмі багаты раён Нью-Ёрку, але ніякіх спробаў залезьці ў крамы, нешта скрасьці – пакуль няма. Людзі як бы сталі ланцугом, узяўшыся за рукі. Вакол стрэс, шок і адначасова спачуваньне і ўзаемадапамога”.

(Караткевіч: ) “Як зараз амэрыканскае грамадзтва будзе камунікаваць з урадам. Гэта будзе яднаньне ў вырашэньні праблемы тэрарызму і пагрозы ЗША, або гэта будзе рэзкая крытыка з боку грамадзкасьці на адрас ураду, які не забясьпечыў належнай аховы?”

(Прыгара: ) “Выглядае, што ня будзе ніякай канфрантацыі. Выглядае, што якраз гэтая трагедыя ўнесла згоду ў амэрыканскае грамадзтва. Учора ўвесь амэрыканскі Сэнат – і дэмакраты, і рэспубліканцы – сабраліся і выказалі спачуваньне сваім грамадзянам, сьпявалі разам “Божа, блаславі Амэрыку”. Агульнае ўражаньне – пакуль што амэрыканцы ня ставяцца да ўраду з крытакай за тое, што адбылося. Адзінае, чаго ўсе просяць і патрабуюць – як мага больш шчыльна заняца расьсьледаваньнем і па магчымасьці даведацца, хто ў гэтым вінаваты, як гэта ўдалося зрабіць такія неверагодныя тэрарыстычныя акты. І гэтае расьсьледаваньне ідзе, і амэрыканскі ўрад літаральна штохвілінна перадае новую інфармацыю”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG