Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ КАНФЛІКТУЮЦЬ З НАЗІРАЛЬНІКАМІ ЗА ПРЭЗЫДЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле апошняй інфармацыі, якую я атрымаў сёньня ў місіі абмежаванага назіраньня Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, напярэдадні выбараў Менск маюць намер наведаць прыблізна 215 кароткатэрміновых назіральнікаў. Чакаецца прыезд і 79 міжнародных парлямэнтароў, якія таксама далучацца да місіі. З улікам доўгатэрміновых назіральнікаў, якія ўжо працуюць у Беларусі, колькасьць экспэртаў перавысіць 300.

Аднак кіраўніцтва місіі засмучанае тым, што далёка ня ўсім кароткатэрміновым назіральнікам Міністэрства замежных справаў Беларусі дало дазвол на атрыманьне візаў на ўезд. МЗС запэўнівае, што гэтае пытаньне будзе вырашана літаральна сёньня-заўтра.

Але місія ўжо мае горкі досьвед, калі адмову ў візах двум доўгатэрміновым назіральнікам спачатку таксама тлумачылі тэхнічнымі прычынамі, а потым візаў не далі. Тым больш, што ў кулюарах адно прозьвішча ўжо называецца — быццам бы адмовілі ў візе былому супрацоўніку Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Крыстофэру Паніку.

Кіраўніцтва місіі пакуль утрымліваецца ад любых камэнтароў і вядзе інтэнсіўныя перамовы з МЗС.

Сёньня ж у Менск прыехалі першыя з 60 назіральнікаў ад расейскіх грамадзкіх арганізацыяў, што займаюцца праблемамі правоў чалавека. Як паведаміў мне адзін зь іх — вядомы расейскі праваабаронца Валянцін Гефтэр, група яшчэ тры тыдні таму накіравала просьбу аб акрэдытацыі ў Міністэрства замежных справаў і Цэнтарвыбаркам.

Прычым адпаведныя лісты падпісаў Барыс Пастухоў — старшыня камітэту расейскай Дзярждумы ў справах сувязі з суайчыннікамі і краінамі СНД. Аднак неабходныя пасьведчаньні міжнародных назіральнікаў ім не даюць.

Цэнтарвыбаркам параіў расейскім праваабаронцам знайсьці ў Беларусі нейкі суб'ект, які мае права запрашэньня міжнародных назіральнікаў, і папрасіць яго напісаць неабходныя дакумэнты. Такіх жа, згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, зусім нямнога. Гэта — прэзыдэнт краіны, палаты Нацыянальнага сходу, урад, Міністэрства замежных справаў і Цэнтарвыбаркам.

Сёньняшняя спроба атрымаць запрашальны ліст у МЗС плёну не дала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG