Сёньня барысаўская афіцыйная газэта "Адзінства" апублікавала сьпіс створаных участковых камісіяў у справе выбараў прэзыдэнта на тэрыторыі гораду й Барысаўскага раёну. Іх тут налічваецца 120. Адметна, што ў 97 сваіх прадстаўнікоў вылучылі тутэйшыя гарадзкі й раённы выканкамы — ад інструктараў, да начальнікаў аддзелаў і ўправаў. Праглядаючы гэтыя сьпісы, я знайшоў там толькі двух чалавек, якія былі вылучаныя ад грамадзкіх арганізацыяў, і то — ад прафсаюзных суполак гарадзкога выканкаму(!). У сьпісах ня значыліся нават блізкія да ўладаў паводле ідэалёгіі прадстаўнікі БПСМ, вэтэраны вайны ў Аўганістане, кампартыя Беларусі... Ужо ня кажучы пра, так бы мовіць, "шэраг апазыцыянэраў".
Праўда, у Барысаве грамадзкія і палітычныя арганізацыі яшчэ не пасьпелі адрэагаваць на засільле ва ўчастковых камісіях "вэртыкальнікаў" ды адміністратараў-гаспадарнікаў. А вось у Маладэчне й Салігорску, дзе сьпісы ўчастковых камісіяў былі апублікаваныя на пачатку тыдня, мясцовыя філіі Гэльсынскага камітэту распачалі барацьбу праз тутэйшыя пракуратуры за сваё прадстаўніцтва ў гэтых камісіях. Апошнія, дарэчы, адказваючы на запыты, спасылаюцца на тое, што рэгіянальныя філіі БГК ня маюць права высоўваць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, бо ў філіях няма структурных разгалінаваньняў...
З гэтым праваабаронцы нязгодныя, бо ў кожным іхным рэгіянальным асяродку ёсьць па 5-7 раённых філіяў. Таму кіраўнік маладэчанскае філіі БГК Эдуард Баланчук сёньня падаў адпаведную заяву ў суд на мясцовы гарадзкі выканкам. Цягам бліжэйшых дзён гэтая справа павінна быць разгледжаная. Рыхтуецца да суду й Леанід Мархотка, салігорскі калега спадара Баланчука.
Тым часам у раёнах Меншчыны распачалося спраўджваньне падпісных лістоў на карысьць вылучэньня таго ці іншага кандыдата на прэзыдэнта краіны. Аднак і тут не абыходзіцца без незаконнага ўмяшаньня ў справы асобных прадстаўнікоў "вэртыкалі". Гэтак сёньня незалежны назіральнік за ходам выбараў у Смалявіцкім раёне Аляксей Лапіцкі засьведчыў падобны факт у мястэчку Пліса. Тут старшыня Пліскага сельскага выканкаму Міхаіл Дзераў, падмяняючы сабою сяброў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, абышоў больш за 30 кватэраў. Спадар Дзераў спраўджваў подпісы грамадзянаў у адпаведных лістах на карысьць вылучэньня Сямёна Домаша, патрабаваў іхныя пашпарты й г.д. Паводле словаў Аляксея Лапіцкага, мэта падобных "спраўджваньняў" уладнага чыноўніка — запалохаць людзей, адбіць у іх жаданьне 9 верасьня галасаваць за дэмакратычных кандыдатаў.