Патрыярх Алексій прыяжджае ў Беларусь на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Афіцыйна візыт патрыярхa прымеркаваны да 60-годзьдзя нападу фашыстоўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз.
Беларускія ўлады высылаюць заўтра раніцай у Маскву спэцыяльны самалёт, які павінен даставіць патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы непасрэдна ў Берасьце.
У аэрапорце патрыярха будуць сустракаць мітрапаліт Філарэт, сябры беларускага сыноду, а таксама высокія дзяржаўныя чыноўнікі.
Пасьля Алексій ІІ накіруецца ў Сьвята-Сымэонаўскі катэдральны сабор, дзе адправіць набажэнства, у часе якога асьвеціць адмысловы футарал для крыжа сьв. Эўфрасіньні Полацкай, зроблены берасьцейскім майстрам Мікалаем Кузьмічом. Увечары таго ж дня патрыярх наведае Сьвята-Мікалаеўскую царкву.
А ў нядзелю Алексій ІІ асьвеціць Сьвята-Ўваскрасенскі храм, пабудаваны ў гонар 50-годзьдзя перамогі ў вайне, але адкрыты на 6 гадоў пазьней. Там маскоўскі патрыярх сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, адкуль яны разам накіруюцца ў Брэсцкую крэпасьць, а па дарозе Алексій ІІ яшчэ й асьвеціць помнік пад назвай "Вартавым мяжы".
А ўвечары, у аблвыканкаме, Лукашэнка арганізоўвае прыём у гонар патрыярха.
Берасьцейскія ўрачыстасьці будуць не адзінай сустрэчай Алексія ІІ з Аляксандрам Лукашэнкам. Напрыканцы візыта патрыярха ў Беларусь, 27 чэрвеня, яны зноў сустрэнуцца ў Гомельскай вобласьці каля так званага манумэнта "Дружба", які знаходзіцца на стыку межаў Беларусі, Расеі й Украіны. Там Лукашэнка перадасьць Алексію ІІ свой адмысловы падарунак — дзьве сьвяточныя харугвы для маскоўскага храма Хрыста Збавіцеля, коштам 100 тысячаў даляраў.
Цягам чатырох дзён маскоўскі патрыярх таксама пабудзе ў Іванаве, Пінску, Століне, Тураве, Хойніках і Гомелі, дзе ён наведае старыя й будзе асьвячаць новыя храмы, манастыры ды помнікі.
Цікава, што маршрут гэтай пілігрымкі Алексія ІІ праходзіць уздоўж мяжы з Украінай, дзе ў гэты час будзе знаходзіцца рымскі папа Ян Павал ІІ.
Ці ня ёсьць гэтая паездка першагерарха РПЦ своеасаблівым адказам на прыезд ва Ўкраіну рымскага пантыфіка, які наведае Кіеў і Львоў бяз згоды на тое маскоўскага патрыярхату? І ці не зьбіраецца Аляксандар Лукашэнка выкарыстаць візыт патрыярха ў сваёй перадвыбарчай кампаніі? Гэтыя пытаньні я задаў сакратару Біблійнай камісіі Беларускага экзархату РПЦ, прафэсару Івану Чароце і вядомаму гісторыку, палітычнаму, грамадзкаму й рэлігійнаму дзеячу Анатолю Сідарэвічу.
(Чарота: ) "Я, так бы мовіць, на каляндар зьвярнуў увагу. Ці гэта да гэтай даты быў прымеркаваны візыт папы? Бо ўсё ж такі прывязваецца да 22 чэрвеня, да пачатку вайны. Ён прыехаў у кананічную, сваю тэрыторыю, якраз у тую кананічную тэрыторыю, дзе 90% праваслаўных".
(Карэспандэнт: ) "Ці ня будзе выкарыстаны візыт патрыярха Аляксандрам Лукашэнкам у сваіх палітычных мэтах?"
(Чарота: ) "Ніякіх намераў ні прэзыдэнта, ні патрыярха на гэты конт я ня ведаю, і ведаць не магу, натуральна. А ці будзе скарыстаны? Пабачым, як ён можа быць скарыстаны, можа быць, напэўна".
А вось меркаваньне Анатоля Сідарэвіча:
(Сідарэвіч: ) "У нас грамадзянін, які лічыць сябе прэзыдэнтам усіх беларусаў, усенароднаабраным, чамусьці аддае перавагу адной канфэсіі, зноў жа не папытаўшы простых вернікаў.
Гэта дэманстрацыя і з боку Лукашэнкі, якога не ўпаўнаважвалі мільёны вернікаў праваслаўных, і з боку маскоўскага праваслаўя, якое лічыць сябе самым праваслаўным. Гэта чыста палітычная акцыя".
На думку спадара Сідарэвіча, візыт патрыярха наўрад ці дасягне палітычнага эфэкту, на які разьлічвае Аляксандар Лукашэнка, бо простых людзей цяпер цікавяць праблемы ўраджаю на дачах і падрыхтоўка да зімы.