Сёньня адзін з патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Сямён Домаш з нагоды пачатку кампаніі збору подпісаў наладзіў прэсавую канфэрэнцыю.
Напачатку ён прадставіў некаторых сяброў сваёй каманды: Людмілу Карпенку — удаву Генадзя Карпенкі, былога палітычнага вязьня, дэпутата Вярхоўнага Савету Ўладзімера Кудзінава, кінарэжысэра Юр'я Хашчавацкага, а таксама лідэра Саюзу праваслаўнай моладзі Андрэя Петравых.
Сямён Домаш заявіў, што яго насьцярожвае вялікая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, ініцыятыўныя групы якіх зарэгістраваў Цэнтарвыбаркам.
Спадар Домаш мяркуе, што не было ніякіх падставаў для рэгістрацыі групы Зянона Пазьняка, які больш за 5 гадоў не жыве ў Беларусі. "Гэта вельмі патрэбна Лукашэнку. Ня толькі патрэбна, але й вельмі выгадна", — сказаў спадар Домаш і дадаў, што Пазьняк, на ягоную думку, ёсьць такім жа разбуральнікам, як і Лукашэнка, таму апошні будзе задаволены выставіць менавіта Пазьняка альтэрнатывай сваёй разбуральнай палітыцы.
(Домаш: ) "Гэта практычна "два сапога пара". Толькі адзін сапог на захадзе, а другі глядзіць на ўсход", — сказаў пра Пазьняка й Лукашэнку Сямён Домаш.
Ён таксама пракамэнтаваў маскоўскі візыт Аляксандра Лукашэнкі:
(Домаш: ) "Ён, як мы бачым, разам за разам прыстае, калі так можна выказацца, да расейскіх палітыкаў, у першую чаргу да Пуціна, каб атрымаць гэтую падтрымку. Але мы тым ня менш бачым, што падтрымкі такой не выказваюць. Ён, магчыма, мае на мэце атрымаць падтрымку, а мне падаецца, што мэта расейскага боку — гэта ўсё ж, магчыма, прапанаваць яму нейкае выйсьце з гэтай сытуацыі. Можа, нават і пасаду ў тым саюзе, які вельмі хоча бачыць Лукашэнка — з Расеяй".
Сямён Домаш спаслаўся на свой досьвед кантактаў з расейскімі палітыкамі:
(Домаш: ) "Ім настолькі абрыдла ўжо сытуацыя ў Беларусі, усё тое, што адбываецца. Як гавораць, гэта ўжо вось тут стаіць у расейскіх палітыкаў. Яны б хацелі яе чым хутчэй разьвязаць".
На маё пытаньне, колькі, паводле ягонага прагнозу, кандыдатаў зарэгіструюць (тых, хто зьбярэ па 100 тысячаў подпісаў і пройдзе празь сіта Цэнтарвыбаркаму) і колькі прозьвішчаў застанецца ў выбарчым бюлетэні 9 верасьня, Сямён Домаш адказаў:
(Домаш: ) "Мне падаецца, што прыкладна дзьве траціны ўсіх заяўленых людзей, заяўленых ініцыятыўных групаў ня здолеюць пераадолець рубеж 100 тысячаў. Што тычыцца Пазьняка — ня выключана. Яму могуць і дапамагчы ўлады, тая ж самая каманда Лукашэнкі. Дапамагчы сабраць подпісы, каб правесьці вось тую палітыку, пра якую я гаварыў. Ён выгадны Лукашэнку.
Калі Лукашэнка будзе да гэтага часу, і будзе зарэгістраваны як кандыдат, будзе балятавацца і будзе ісьці ў першым туры на галасаваньне, дык ня выключана, што будзе зробленая спроба, каб уся нашая пяцёрка пайшла на першы тур. Нас да гэтага будуць падштурхоўваць, правакаваць — я гэтага не выключаю.
Але тым ня менш мы як бы паміж сабой дамовіліся, што ўсё ж такі мы гэтае пытаньне вырашым да моманту галасаваньня. І тут усё ж я спадзяюся, што хтосьці будзе з нас адзін, з нашай пяцёркі. І думаю, што яшчэ будзе два-тры чалавекі".
Сямён Домаш таксама заявіў, што ўсе кандыдаты мусяць прайсьці незалежнае мэдычнае асьведчаньне, і падкрэсьліў, што першым павінен быць той, хто зьбярэ найбольш подпісаў.