Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АМЭРЫЦЫ ДЗІВЯЦЦА НАДТА ПАЗЫТЫЎНАЙ АЦЭНКАЙ УЛАДЗІМІРА ПУЦІНА ПРЭЗЫДЭНТАМ БУШАМ


Мікола Іваноў, Прага

(Іваноў: ) “Газэта “Financial Times” піша, што памкненьне Буша бачыць у Расеі партнэра, а не ворага можна толькі вітаць. “Амэрыканская адміністрацыя разлічвае, - чытаем на старонках газэты, - што прыйдзе такі час, калі Пуцін згодзіцца на пашырэньне НАТО і скасаваньне Дагавору аб супрацьракетнай абароне. Ён зробіць гэта не таму, што ў яго няма іншага выхаду, а таму што гэтыя дзеяньні будуць карысныя для ягонай краіны. Аргумэнтам тут можа быць тое, што Расея больш не зьяўляецца ворагам ЗША і ў яе няма прычыны адчуваць сябе пад пагрозаю”.

У рэдакцыйным артыкуле “Washington Post” згадваецца, што бачаньне будучыні Эўропы прэзыдэнтам Бушам уключае ў сябе доўгатэрміновае партнэрства з Расеяй. Без супрацоўніцтва з Расеяй, альбо, як мінімум, без яе згоды, працэс пашырэньня НАТО будзе больш складаным, а новая стратэгічная канцэпцыя можа быць неэфэктыўнай.

На старонках газэты, аднак, чытаем, што “ЗША не павінныя фарсіраваць усталяваньне партнэрства з Расеяй, якая парушае дэмакратыю, пагражае сваім суседзям і жорстка абыходзіцца з уласнымі грамадзянамі”.

“Financial Times” вельмі пазытыўна ацэньвае словы Буша, сказаныя ім у Варшаве: “Унутраная палітыка Расеі будзе вызначальнай для яе будучай ролі ў Эўропе”.

“The Wall Sreet Journal” у якасьці вельмі ўдалага дыпляматычнага кроку разглядае словы Буша аб тым, што “Расея зьяўляецца часткаю Эўропы” і яна не патрабуе нейкай буфэрнай зоны, якая б аддзяляла яе ад рэшты кантынэнту. Газэта выдзяляе таксама адказ Пуціна на гэтыя словы Буша. Расейскі прэзыдэнт заявіў: “Я вельмі ўдзячны, што нарэшце такія словы былі прамоўленыя. Гэта вельмі шмат сымбалізуе для нас.”

Газэта “New York Times”, аднак, не падзяляе гэты агульны пераважна аптымістычны тон камэнтароў вынікаў саміту прэзыдэнтаў у Любляне. Яе камэнтар надрукаваны пад загалоўкам: “Цеплыя адносіны Буша да расейскага лідэра выклікаюць скептыцызм”

Бушу ў Любляне вельмі хацелася зрабіць уражаньне, што расейскаму лідэру можна давяраць, чытаем на старонках газэты.

Міхаэль Макфол, вядучы аналітык Інстытута Карнэгі пракамэнтаваў гэтую тактыку наступным чынам: “Я думаю ёсць шмат вымоўных прычынаў не давяраць прэзыдэнту Пуціну, Гэта чалавек, якога спэцыяльна вучылі хлусіць”

Рэакцыю сэната ЗША, кантроль над якім нядаўна перайшоў да дэмакратаў, “New York Times” характэрызуе як пачуцьцё палегкі ў сувязі з тым, што першае падарожжа ў Эўропу для адноснага навічка ў міжнароднай палітыцы прайшло не так кепска.

Новы старшыня сэнацкай камісіі замежных справаў сэнатар-дэмакрат Джозэф Байдэн лічыць, што місіі Буша спрыяла тое, што расейцы, так, як амэрыканцы чакалі дома добрых вестак. “Я шчаслівы, што прэзыдэнт паехаў і не пагоршыў сытуацыю”, - падкрэсліў ён.

Сэнатар Байдэн ставіць пытаньне, піша газэта “New York Times”, ці “давер” – гэта адпаведнае слова, якое можна ўжываць для характарыстыкі адносінаў з Пуціным, былым агентам КГБ, былым кіраўніком расейскай службы бяспекі.

Газэта ў сувязі з гэтым прыгадвае словы Буша, якія ён сказаў пра Пуціна на прэсавай канфэрэнцыі ў Славеніі: “Я паглядзеў гэтаму чалавеку ў вочы. І я лічу, што ён вельмі шчыры чалавек, якому можна давяраць. У нас быў вельмі добры дыялёг. Я здолеў адчуць ягоную душу”

Камэнтуючы гэтыя словы Буша, іншы вядомы сэнатар-дэмакрат Джозэф Лібэрман заявіў, што ён быў уражаны такой выразна пазытыўнай характарыстыкай, якую Буш даў Пуціну пасля ўсяго двух гадзінаў перамоваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG