У беларускіх мэдыяў зьявіўся відэазапіс заяваў сьледчых Зьмітра Петрушкевіча і Алега Случака, якія абвінавацілі беларускае кіраўніцтва ў стварэньні "эскадрону смерці" дзеля зьнішчэньня палітычных праціўнікаў.
Першымі відэазапіс атрымалі журналісты карэспандэнцкага пункту НТВ. У мінулую суботу фрагмэнт заявы сьледчых паказалі па НТВ. Павал Сілін, карэспандэнт НТВ, расказвае, як касэта трапіла на карпункт.
(Сілін: ) "У суботу прыкладна а першай гадзіне яе перадалі праз вартаўніка, які ахоўвае будынак, дзе месьціцца наш офіс. Прыйшоў малады чалавек у цёмных акулярах і пакінуў касэту, сказаўшы, што для НТВ.
Гэта звычайная касэта без асаблівых прыкметаў. Мы яе хутка прагледзелі, і аказалася, што на ёй запісана, як сьледчыя робяць свае заявы з ужо вядомымі нам тэкстамі. Там быў зьняты яшчэ адзін чалавек, які іх прадстаўляе. Мне ён не знаёмы. Адзначу, што на стужцы бачна, што мантаж гэтых заяваў зроблены ня вельмі прафэсійна", — паведаміў Радыё Свабода карэспандэнт НТВ Павал Сілін.
Паводле зьвестак з карпункту расейскай тэлекампаніі ОРТ, там таксама атрымалі касэту з падобным запісам, але, адрозна ад НТВ, у эфіры гэты запіс яшчэ ня выкарысталі.
Відэастужкі, аднак, не дадаюць нічога новага да таго, што ўжо вядома з заяваў, тэксты якіх зьявіліся ў Інтэрнэце тыдзень таму. Затое яны ёсьць галоўным доказам таго, што заявы рабілі рэальныя людзі.
"Я быў сябрам групы па расьсьледаваньні справы аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага...." — кажа сьледчы Зьміцер Петрушкевіч, які лічыць, што на загад Лукашэнкі ствараў "эскадроны сьмерці" былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў. На той жа касэце гучыць і голас былога сьледчага пракуратуры Алега Случака. Нагадаю, ён абінаваціў цяперашняга міністра ўнутраных справаў Ўладзімера Навумава ў садзеяньні асобам, якіх цяпер абвінавачваюць у выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.
Тым часам у пракуратуры краіны працягваецца праверка, якая мусіць вырашыць — ці варта пачынаць на сьледчых Петрушевіча й Случака крымінальную справу. Паводле прэсавага сакратара пракуратуры Аляксея Таранава, гэтым пытаньнем асабіста займаецца генэральны пракурор Віктар Шэйман, але рашэньня пакуль няма.
Нагадаю, што сярод асобаў, якіх сьледчыя абвінавачваюць у стварэньні "эскадрону сьмерці" ёсьць і цяперашні генэральны пракурор Віктар Шэйман.
Сьледчы Зьміцер Петрушкевіч, у прыватнасьці, сказаў:
(Петрушкевіч: ) "Шэйман адназначна баўся, што там будуць знойдзеныя нейкія дакумэнты, запісы, магчыма, здымкі".