Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ МЕНСКАГА МІКРАРАЁНУ ЎРУЧЧА ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ БУДАЎНІЦТВА ЭЛІТНЫХ ДАМОЎ НА МЕСЦЫ ДЗІЦЯЧАЙ СПАРТОВАЙ ПЛЯЦОЎКІ


Ягор Маёрчык, Менск

Некалькі соцень жыхароў навакольных дамоў сабраліся на мітынг у сквэры, дзе яшчэ нядаўна месьцілася дзіцячая спартовая пляцоўка. Цяпер ён абнесены будаўнічым плотам і разрэзаны па дыяганалі бульдозэрам.

Сквэр быў ці не адзіным месцам адпачынку сярод цесна панатыканых панэльных дамоў. 14 гадоў тут ніхто нічога не зьбіраўся будаваць. І раптам гарвыканкам дазволіў замежнай фірме "Hypercom Development" пабудаваць элітныя жылыя дамы з гаражамі і саляр'ем.

Шмат месяцаў уручанцы адстойваюць свае правы ў розных інстанцыях аж да адміністрацыі Лукашэнкі. Але пратэсты з амаль 2 000 подпісаў вяртаюцца ў Першамайскі райвыканкам сталіцы.

4 траўня больш як 1 000 чалавек прайшлі шэсьцем па мікрараёне ды правялі сход пратэсту, і напужаныя ўлады паабяцалі прыпыніць будаўніцтва. Але свайго слова не стрымалі. Ужо праз 10 дзён бульдозэр выкапаў траншэю.

Дзеці выказваюць пратэст надпісам на бэтонным плоце: "Рукі прэч ад нашага поля". Дарослыя ж запрасілі кіраўнікоў раёну і гораду, спадзеючыся, што ўлады іх пачуюць. Замест гэтага чыноўнікі чытаюць пратаколы, тэлефанаграмы, узгадненьні.

(Чыноўнік: ) "У камітэце нарадзіўся пратакол, які я прачытаю вам".

(Мужчына з натоўпу: ) "Мы яго чыталі. Ён ні да чаго не абавязвае".

Нарэшце, людзі не вытрымліваюць:

(Мужчына: ) "Дамо слова дэпутату!"

На імправізаваную трыбуну выходзіць дэпутат "палаты прадстаўнікоў" спадар Марахін. І вось ягонае слова выбарнікам:

(Марахін: ) "Яшчэ раз кажу: ня так гэта проста вырашаецца, як хацелася б".

(Мужчына: ) "Вы дэпутат наш ці хто? Ды які ж вы дэпутат? Хто вас абіраў?"

(Марахін: ) "Вы абіралі".

(Мужчына: ) "Мы абіралі? Дурні абіралі! Вы не абараняеце нашых інтарэсаў!"

(Іншы мужчына: ) "Гэта кішэнны дэпутат, які падтрымлівае ўсю гэтую палітыку і за народам не ідзе. Вы бачыце, як усе абураюцца кожнаму яго слову".

Прысутныя не разумеюць, што ім прапануе ўлада, затое пачынаюць разумець, чаго яна вартая.

(Жанчына: ) "А гэтыя нашыя перашамайскія ўлады стаяць і ўсьміхаюцца. Навошта ілгаць у вочы?! Ці гэта ўлада? Не! Вось у пятніцу будзе другі Ўсебеларускі сход. Ніякага даверу. Дагэтуль я яшчэ ў штосьці верыла. А цяпер ніякай веры. Мае дзеці няшчасныя, як няшчасная і я. Ніякай заклапочанасьці ў іх няма. Я калі пайшла ў прэзыдэнцкую на прыём, дык яны мне сьмяяліся ў вочы: што тут ты, жабрацкая баба, робіш? Ідзі і працуй!"

(Мужчына: ) "Мы вось атрымалі хрушчоўкі, дык цяпер атрымаем лукашоўкі, а не дамы. Разумееце?"

(Жанчына: ) "У каго зялёныя, той і генэрал".

(Мужчына: ) "Напружаньне ў краіне такое, што мабыць выбараў прэзыдэнта ўвогуле ня будзе. Скажуць, што Лукашэнка на наступныя 5 год. І ўсё. Якія тут могуць быць выбары, калі ўсе супраць".

(Жанчына: ) "Рабочыя, які тут будавалі плот, казалі, што спадар Ярмошын дазволіў: заплачана яму. Так забярыце ў нас ужо і паветра. Калі рваліся ў дэпутаты — абяцалі ўсё, а цяпер нас і абараняць няма каму".

Мітынг завяршаецца. Мужчыны з рыдлёўкамі закопваюць траншэю. Дзеці дэманстратыўна гуляюць у футбол на цяпер ужо будаўнічай пляцоўцы.

Я чытаю ўлётку, якой аблепленае ўсё Ўручча: "Толькі прагай да грошай і абсалютнай беспакаранасьцю можна растлумачыць такія паводзіны дзяржчыноўнікаў. Нам плюнулі ў твар, і перад намі стаіць альтэрнатыва: альбо абцерціся і змаўчаць, альбо паставіць на месца нашкодзіўшых бюракратаў-ілгуноў. Мы выбіраем другое".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG